Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫЛАСЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ "СЬВЕТ НА МЯЖЫ ВАЙНЫ"


Ягор Маёрчык, Менск

Сьвятары й вернікі пратэстанцкіх канфэсіяў сабраліся сёньня, каб выказаць сваё стаўленьне да трагедыі, што адбылася ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Яны разглядаюць падзеі двухтыднёвай даўніны ня толькі як тэрарыстычны напад на ЗША, але й як кару Боскую за грахі чалавецтва.

Кіраўнік Нацыянальнай творчай духоўнай суполкі Андрэй Данілюк:

(Данілюк: ) "Невыпадкова абраныя будынкі — гэта сымбаль Амэрыкі, ейнай гандлёвай моцы, эканамічнай моцы, гэта сымбаль вайсковай моцы, вайсковай магутнасьці. Тое, што адбылося, — гэта ў пэўнай ступені адплата за грахі і папярэджаньне. Я, вядома, не апраўдваю тэрарыстаў. Рэлігійны фанатызм, любы фанатызм да добрага не прыводзіць".

Удзельнікі канфэрэнцыі з разуменьнем ставяцца да намеру ЗША адпомсьціць тэрарыстам. Але, на думку пастара Царквы эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў магістра багаслоўя Зьмітра Лазуты, пакараньне не павінна быць гвалтоўным:

(Лазута: ) "Помста — гэта не хрысьціянскі падыход. Хрыстос заклікаў нас абярнуць другую шчаку, калі б'юць. Я разумею, што нялёгка прымяніць гэтыя прынцыпы да тэрарыстаў. Але тэрарызм — гэта глыбокая праблема, праблема сацыяльная, праблема эканамічная, праблема духовая. І тыя сродкі, якія яны хочуць павярнуць на вайну, трэба павярнуць на адукацыю, на сацыяльныя рэформы ў краінах, якія падтрымліваюць гэта".

Вернікі й сьвятары беларускіх пратэстанцкіх канфэсіяў, як і шмат хто па ўсім сьвеце, баяцца, што вайсковая апэрацыя на тэрыторыі Афганістану і дзеяньні ў адказ з боку талібаў (а ёсьць верагоднасьць, што тыя скарыстаюць хімічную і бактэрыялягічную зброю) перарастуць у трэцюю ўсясьветную вайну. Некаторым прысутным такі прагноз нагадаў радкі Адкрыцьця Сьвятога Яна Багаслова, у якім распавядаецца пра Апакаліпсыс.

Напрыканцы сустрэчы ўсе ўдзельнікі канфэрэнцыі "Сьвет на мяжы вайны" пагадзіліся з думкай, што антытэрарыстычная апэрацыя павінна праходзіць паводле хрысьціянскіх законаў: без актыўнага бамбаваньня і ахвяраў сярод мірнага насельніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG