Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛУКАШЭНКА НЕЗАДАВОЛЕНЫ "ПАЛАТАЙ ПРАДСТАЎНІКОЎ", ПАЛАТА — МАТЭРЫЯЛЬНЫМІ ЎМОВАМІ ДЛЯ ДЭПУТАТАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Ініцыятарам скандалу стаў Анатоль Красуцкі. Учора ён выказаў незадавальненьне ўмовамі, якія маюць дэпутаты для працы. Умовамі іхнай працы апякуецца кіраўніцтва справаў А.Лукашэнкі. Закон аб статусе дэпутата не выконваецца, дэпутаты ня маюць кватэраў, атрымліваюць нізкія заробкі і пазбаўленыя нармальных умоваў працы.

Красуцкі крытыкаваў Вадзіма Папова, які, маўляў, ня рупіцца пра дэпутатаў. 94 дэпутаты "палаты" прагаласавалі за ўключэньне ў парадак дня сэсіі слуханьняў пра выкананьне Закону аб статусе дэпутатаў.

Гэткае адзінадушша вельмі пакрыўдзіла Аляксандра Лукашэнку. Спачатку з рэзкай крытыкай Анатоля Красуцкага і дэпутацкага рашэньня выступіла БТ. А сёньня В.Папоў меў "вельмі напружаную тэлефонную размову" з Лукашэнкам, падчас якой той ня проста выказаў незадавальненьне, але дапусьціў рэзкія выказваньні. Лукашэнка заявіў, што ён сумняецца ў мэтазгоднасьці сустрэчаў з кіраўніцтвам і ўсім складам "палаты", якія прызначаныя на 5 і 10 кастрычніка.

Пасьля гэтага ў "палаце" пасьпяшаліся заявіць, што ніякай палітыкі ў іхным учорашнім рашэньні не было. Гаворыць Мікалай Дубовік:

(Дубовік: ) "У нас сапраўды назьбіраўся шэраг пытаньняў, якія трэба рашаць — гэта і забесьпячэньне дэпутаў кампутарамі, і шэраг сацыяльных праблемаў. Некаторыя дэпутаты жывуць у гатэлі. Той, хто захацеў з гэтага зрабіць нейкае палітычнае пытаньне — я зь ім ніколі не згаджуся. Мы не падымалі ніякіх пытаньняў што да прэзыдэнта".

Мікалай Дубовік лічыць, што Лукашэнку тут проста няправільна паінфармавалі.

Іван Пашкевіч згодны з тым, што Лукашэнка разумее, што рашэньне гэтых праблемаў зусім не залежыць ад сьпікера Папова, але ж успрыняў гэтую крытыку як на свой адрас. Пашкевіч ня лічыць, што гэтыя патрабаваньні зьвязаныя толькі з тым, што "дэпутатам мала" — яны дамагаюцца выкананьня закону, які не выконваецца ў поўным аб'ёме. Пакуль што дэпутаты выказалі прэтэнзіі выканаўчай уладзе наконт свайго забесьпячэньня, але ці заявяць яны пра тое, што жадаюць пашырэньня сваіх паўнамоцтваў? Гаворыць Іван Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) "Найперш патрэбная палітычная воля. На жаль, гэты дэпутацкі корпус ня можа абараніць сам сябе".

Іншыя калегі Пашкевіча мяркуюць, што вынікам гэтага "скандалу на роўным месцы" будзе падвышэньне дэпутацкіх заробкаў, якія цяпер складаюць каля 270 тысяч рублёў, вырашэньне праблемы камандзіровачных ды выдзяленьне дэпутатам службовых кватэраў.

XS
SM
MD
LG