Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЛІТВЕ ПАМЁР ГРАМАДЗЯНІН БЕЛАРУСІ, ЯКОМУ НЕ АКАЗАЛІ НАЛЕЖНАЙ МЭДЫЧНАЙ ДАПАМОГІ


Сяргей Шупа, Прага

У выніку інфаркту ў яго разарвалася сардэчная мышца, аднак у шпіталі яму аказалі толькі мінімальную дапамогу. Гэтага не хапіла, каб уратаваць яму жыцьцё. Хворы памёр у шпіталі.

Лекары прызналі, што маглі дапамагчы беларусу і прынамсі стабілізаваць ягоны стан, каб ён мог далей лячыцца дома. Аднак рукі мэдыкаў былі зьвязаныя тым, што за аказаныя пацыенту паслугі ніхто б не заплаціў.

У шпіталі хворага лячылі толькі лекамі. Калі б ён быў застрахаваны, можна было б ужыць значна больш складаныя і эфэктыўныя сродкі, можа нават выканаць апэрацыю. Аднак такая дапамога каштуе немалых грошай, і таму ў гэткіх выпадках мэдыкі аказваюць толькі мінімальную дапамогу. Такая практыка завялася з тае прычыны, што некалькі разоў, аказаўшы незастрахаванаму замежніку неабходную дапамогу, шпіталі не маглі вярнуць укладзеныя ў лячэньне грошы.

Трохдзённы курс лячэньня ў аддзеле кардыялягічнай рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі ацэнены на суму ад 400 да 600 даляраў, залежна ад складанасьці выпадку. За хворага літоўца такую суму плаціць тэрытарыяльная Каса Хворых. Што да замежнікаў, дык за лячэньне плацяць або яны самыя, або іх страхавая кампанія.

Начальнік аддзелу замежных сувязяў і эўрапейскай інтэграцыі Міністэрства Аховы Здароўя Літвы Віктарас Мейжыс запэўніў, што калі ў шпіталь трапляе незастрахаваны замежнік, неабходная дапамога аказваецца яму безь ніякіх выняткаў. Толькі пасьля таго, як такая дапамога аказаная, мусяць вырашацца пытаньні аплаты за паслугі. Дамову аб бясплатнай неабходнай дапамозе Літва мае толькі з адной краінай – Швэцыяй.

Аднак страхаваньне здароўя грамадзянаў замежных краінаў, якія прыяжджаюць у Літву – справа неабавязковая. У літоўскіх мэдыкаў амаль ніколі не ўзьнікае ніякіх праблемаў з пацыентамі, што прыехалі з заходніх краінаў – яны звычайна бываць застрахаваныя. Затое госьці з постсавецкіх краінаў часта шкадуюць грошай на страхаваньне здароўя. Страхоўка на мэдычныя выдаткі на некалькі дзён каштуе ім каля трох даляраў. Ужо даўно рыхтуецца закон аб візавым рэжыме, паводле якога такая страхоўка для грамадзянаў краінаў СНД будзе абавязковая, аднак дагэтуль гэты закон не прыняты.

Дарэчы, тое, што здарылася з грамадзянінам Беларусі, магло здарыцца і зь літоўцамі – каля 8 працэнтаў жыхароў Літвы таксама ня маюць ніякай мэдычнай страхоўкі.

Старшыня Камітэту Біяэтыкі Літвы Эўгеніюс Гефенас упэўнэны, што лекара найперш мусяць хваляваць ня грошы, а дапамога чалавеку, незалежна ад таго, адкуль ён прыехаў – з Амэрыкі або зь Беларусі. На ягоную думку неабходная дапамога павінна ахопліваць столькі сродкаў, колькі трэба на тое, каб уратаваць жыцьцё. Вядома, важна – колькі гэта будзе каштаваць. Таму ня можа быць гаворкі, напрыклад, пра перасадку сэрца. Аднак вызначыць мяжу, за якой такая дапамога мусіць спыніцца, цяжка.

Адказы на гэтыя пытаньні дыктуюцца эканамічнымі рэсурсамі. Аднак гэтая праблема мусіць хваляваць палітыкаў, а не дактароў. Мэдыкі мусяць думаць толькі пра здароўе і жыцьцё пацыентаў.

А жыхароў Беларусі, як і іншых замежнікаў у Літве, гэтая сумная гісторыя прымушае зрабіць адназначную выснову – выпраўляючыся за мяжу, ня варта шкадаваць грошай на страхоўку.

XS
SM
MD
LG