Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ЗАПРАСІЎ ХОРСТА ВІНКЕЛЬМАНА ПРЫЯЖДЖАЦЬ У БЕЛАРУСЬ "БЯЗЬ ВІЗАЎ І ПАШПАРТОЎ"


Юры Сьвірко, Менск

Раней ніводзін заходні амбасадар не зьяжджаў зь Менску так гучна, з шырокім асьвятленьнем у дзяржаўных сродках масавае інфармацыі.

Сёньня, у Дзень нямецкага адзінства, амбасадар Вінкельман другі раз разьвітаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Першы раз іхнае разьвітаньне адбылося ў ліпені, калі скончыўся пасольскі тэрмін спадара Вінкельмана, але тады ён патлумачыў, што Бэрлін папрасіў яго застацца яшчэ й на верасьнёўскія выбары.

Выбары прайшлі, вынікі іх не прызнаныя Эўрапейскім Зьвязам, дзе маторам інтэграцыі ёсьць менавіта Нямеччына, аднак спадар Лукашэнка сёньня надзвычай цёпла павіншаваў амбасадара Вінкельмана ды ўвесь нямецкі народ з нацыянальным сьвятам і заявіў:

(Лукашэнка: ) "Я хачу публічна падзякаваць вам за вашу працу ў нашай краіне, за ўсё, што вы зрабілі за гэты прамежак часу, — за ўсё тое, што вы зрабілі, што можна было зрабіць у гэтай сытуацыі.

Мы гэта вельмі высока цэнім. Я хачу сказаць, што ў нас няшмат амбасадараў, асабліва заходніх дзяржаваў, якіх мы з задавальненьнем запрашаем да сябе ў любы час".

Адразу пасьля гэтага паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Хорстам Вінкельманам адбыўся наступны дыялёг:

(Лукашэнка: ) "Вы заўжды можаце прыяжджаць у Беларусь — без усялякіх візаў і пашпартоў".

(Вінкельман: ) "О! о! Я стараюся!"

(Лукашэнка: ) "Мы вас гатовыя тут прыняць, забясьпечыць усім неабходным", — паабяцаў Аляксандар Лукашэнка.

Чым тлумачыцца такое ягонае стаўленьне да амбасадара Нямеччыны? Яно выглядае вельмі дзіўна ў параўнаньні з Лукашэнкавым жа стаўленьнем да іншага нямецкага амбасадара — Ганса-Георга Віка, які ачольвае ў Менску Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ.

Вось як на гэтае пытаньне адказвае міжнародны каардынатар "Хартыі-97" Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) "А я не лічу, што тут стаўленьне да Віка — гэта сапраўднае стаўленьне. Гэта можа быць і пэўная гульня такая з боку Лукашэнкі, таму што мы ведаем, што мы ведаем — што беларускія ўлады заўсёды разьлічвалі на Нямеччыну як на пэўную процівагу пазыцыі заходніх краінаў, перш за ўсё Злучаных Штатаў, у дачыненьні да рэжыму, які тут усталяваўся ў Беларусі. І Лукашэнка пацьвердзіў гэта сёньня.

Гэта было відавочна, таму што Нямеччына падтрымлівала, напрыклад, больш мяккую лінію ў Эўразьвязе ў дачыненьні да Лукашэнкі, і Нямеччына падтрымлівала ўдзел у так званых парлямэнцкіх выбарах на ўзроўні й свайго амбасадара тут, і дэпутатаў Бундэстагу.

З аднаго боку, ад амбасадара шмат што залежыць, а з другога боку — ня так і шмат, таму што калі ёсьць акрэсьленая палітыка ўраду краіны, тады амбасадар выконвае гэтую палітыку", — зазначыў амбасадар Саньнікаў, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG