Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА СПЫНЯЕ ПРАЦУ І МЕНСКІ МАТОРНЫ ЗАВОД


Міхал Стэльмак, Менск

Як вынікае з загаду генэральнага дырэктара Мікалая Лобача, спыненьне Менскага маторнага заводу выкліканае вытворчымі праблемамі. На прадпрыемстве — дэфіцыт камплектных дэталяў. Гэтак адбылося найперш з прычыны вытворчага крызысу на Менскім трактарным заводзе. МТЗ ёсьць галоўным эканамічным партнэрам маторнага заводу.

Гаворыць лідэр Свабоднага прафсаюзу маторнага заводу Валеры Захарчанка:

(Захарчанка: ) "Мы ад яго залежым. Ён нам дае чыгун, блёк, галоўку, каленвал. Яны ж стаяць колам — і пайшла ланцуговая рэакцыя. Можна як заўгодна крытыкаваць нашага дырэктара Лобача, але што ён зробіць, калі не працуе трактарны? Яны спыніліся — і спыніўся маторны".

Вымушаны адпачынак рабочых маторнага заводу прадоўжыцца два дні, 4 і 5 кастрычніка.

Тым часам рабочыя трактарнага заводу сёньня па-ранейшаму (ужо другі дзень) не працавалі. Вось што паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара трактарнага заводу Мікалай Стукач:

(Стукач: ) "Не працуе, таму што скарэктаваны графік працы ў кастрычніку. Гэта наша прэрагатыва, і мы можам у межах каляндарнага году гэта рабіць, узгадніўшы з другім бокам — нашым прафсаюзным камітэтам. Гэта і зроблена. Учора мы адгрузілі 43 трактары, але не сабралі ніводнага, зборка не працуе — яна займаецца камплектуе тыя трактары, што зьбіралі ў жніўні, верасьні і гэтак далей. Кіраўнікі на месцы".

(Карэспандэнт: ) "Як вырашаецца праблема з абаротнымі сродкамі?"

(Стукач: ) "Заўтра пачнем працаваць і будзем вырашаць праблему. Калі б яе не існавала, то напэўна і мы не былі б патрэбныя. Але праблема абаротных сродкаў ня толькі ў нас — яна наогул існуе ў краіне. Складана, але я спадзяюся, мы гэтую праблему вырашым".

Між тым, спадзяваньні спадара Стукача на паляпшэньне фінансавай сытуацыі на МТЗ у многіх выклікаюць сумнеў. Рэч у тым, што на трактарным заводзе сёлета скарачаецца экспарт. Паводле статыстычных зьвестак, колькасьць прададзеных за мяжу трактароў зьменшылася на 16%. Скараціліся пастаўкі ў Польшчу і Нямеччыну. А ў 8 краінаў, зь якімі МТЗ меў раней эканамічныя зносіны, паставак тэхнікі сёлета не было наогул.

XS
SM
MD
LG