Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК ГОМЕЛЬСКАЙ АБЛАСНОЙ СТРУКТУРЫ АГП КАРНІЕНКА ПАКІНУЎ СВАЮ ПАСАДУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Прычынай заявы сталася і нядаўняя выбарчая кампанія, у якой, на думку спадара Карніенкі, Аб'яднаная грамадзянская партыя праявіла сябе не найлепш. Вось што распавёў нашаму радыё сам спадар Карніенка:

(Карніенка: ) "Я ня бачу ўвогуле ў Беларусі, і ў нашым рэгіёне ў тым ліку, пэрспэктываў дзейнасьці Аб'яднанай грамадзянскай партыі. На вялікі жаль, мы не прадэманстравалі падчас выбарчай кампаніі, што мы — каманда. Тэндэнцыі, якія зараз захоўваюцца ў партыі, сьведчаць, што ня вельмі хутка мы такой камандай станем, а хутчэй за ўсё — ніколі".

Трэба сказаць, што ўчора ўвечары, калі ладзілася сустрэча з актывам, Анатолю Лябедзьку (ён, дарэчы, і сёньня знаходзіцца ў рэгіёне) давялося пачуць шмат нараканьняў на свой адрас і на адрас найвышэйшага кіраўніцтва партыі. Пазыцыю спадара Карніенкі падзяляе шэраг раённых кіраўнікоў.

Мікалай Рымар, старшыня партыйнай арганізацыі Чыгуначнага раёну абласнога цэнтру, наўпрост заявіў, што ягоных спадзяваньняў партыя не апраўдала. Яна саступіла свайго кандыдата Сямёна Домаша на карысьць слабейшага.

У сталіцы партыя наогул раскалолася. Некаторыя кіраўнікі пайшлі працаваць у каманды розных прэтэндэнтаў, а Павал Казлоўскі, які ўначальваў сталічную арганізацыю, наогул распачаў сваю ўласную выбарчую кампанію.

Гамельчукі мяркуюць, што партыя стваралася, каб змагацца за рэальную ўладу, а ў выніку паўтарыла памылкі палітычных кампаніяў 1994-га і 1999-га гадоў — і прайграла нядаўнія прэзыдэнцкія выбары.

Цяпер шмат хто з гомельскіх актывістаў, у тым ліку і Віктар Карніенка, зьвязвае сваю далейшую палітычную і грамадзкую дзейнасьць не з Аб'яднанай грамадзянскай партыяй, а з рухам "Рэгіянальная Беларусь" пад кіраўніцтвам Сямёна Домаша.

Што ж да Анатоля Лябедзькі, то на 80% ён пагадзіўся з прэтэнзіямі і заўвагамі гамельчукоў. Але заўважыў, што з малымі наяўнымі рэсурсамі ня толькі сваёй партыі, але і ўсёй дэмакратычнай апазыцыі, перамагчы на выбарах было нельга. Пры любым раскладзе, а тым больш, калі ў камісіях не было дэмакратычных прадстаўнікоў, улада намалявала б 75% падтрымкі выбарцамі дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG