Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ – КАНФЭРЭНЦЫЯ ПА СТАНДАРТЫЗАЦЫІ ГЕАГРАФІЧНЫХ НАЗВАЎ


Ігар Карней, Менск

Пазбавіцца ад блытаніны з напісаньнем геаграфічных назваў жадаюць і лінгвісты, і прадстаўнікі МЗС, і супрацоўнікі камітэтаў зямельных рэсурсаў, а тым больш складальнікі мапаў. Але пакуль няма адпаведнага разуменьня на дзяржаўным узроўні, кансалідавацца цяжка. Вось што мяркуе з гэтай нагоды дацэнт геаграфічнага факультэту БДУ Георгі Рылюк:

(Рылюк: ) "Усё будзе залежаць ад таго, якая ў аснову пакладзеная заканадаўчая дакумэнтацыя. Калі будзе прыняты Закон аб геаграфічных назвах, вынікі канфэрэнцыі могуць зьявіцца празь некалькі гадоў. Калі такога кроку ня будзе — тады пэрспэктыва неакрэсьленая. Пакуль з напісаньнем вялізная блытаніна. Як разумее той ці іншы картограф, так і робіць.

Таму зараз яшчэ адна задача — стварэньне тапанімічнага слоўніка з улікам усіх формаў напісаньня. Цягам некалькіх гадоў ён рыхтуецца, але пакуль толькі па Менскай вобласьці. Ёсьць шмат цяжкасьцяў, і мяркую, гэтая канфэрэнцыя, гэты сымпозыюм шмат у чым дапаможа".

Старшыня дзяржаўнай тапанімічнай камісіі, супрацоўніца Інстытуту мовазнаўства НАН Валянціна Лемцюгова ўпэўненая, што зараз у Беларусі сутыкнуліся з наступствамі абыякавага стаўленьня да роднага слова. Большасьць назваў у замежным напісаньні падаюцца з расейскай мовы.

(Лемцюгова : ) "Цягам усёй сваёй гісторыі мы ня мелі нарматыўнага даведніка па нацыянальнай тапаніміі, і таму сёньня вельмі й вельмі цяжка вырашыць гэтую задачу".

(Карэспандэнт: ) "Зараз існуюць розныя варыянты чытаньня геаграфічных назваў: Мінск–Менск, Брэст–Берасьце й г.д. Гэты аспэкт неяк улічваецца?"

(Лемцюгова : ) "Мы карыстаемся толькі сучаснай літаратурнай мовай, але што тычыцца напісаньня Менск, то ня думаю, што хтосьці пры гэтым памыляецца, бо гістарычна ў нас быў Менск. Каб замяніць назву, патрэбная прававая аснова".

(Карэспандэнт: ) "Нядаўна зьявіліся шыльды з напісаньнем "прашпект"...

(Лемцюгова: ) "Цяжка сказаць, чым тут кіраваліся людзі, але тое, што ў нас вельмі шмат памылак, бескультур'я наогул... Пішуць незразумела на якой мове, пры гэтым беларуская абсалютна ігнаруецца. Павага да нацыі павінна быць! Вось такая церазпалосіца, стракатасьць у назвах, непісьменнасьць сьведчыць на тое, што трэба прымаць закон аб геаграфічных назвах. Гэткі ёсьць ва ўсіх іншых рэспубліках, што ўдзельнічалі ў сёньняшнім паседжаньні. У нас прававой базы няма, таму пішуць хто як захоча".

Вынікі нарады будуць разглядаць праз год на чарговай канфэрэнцыі ААН у справе стандартызацыі геаграфічных назваў, якая адбудзецца ў Бэрліне.

XS
SM
MD
LG