Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО БУДЗЕ З КАНСУЛЬТАЦЫЙНАЙ РАДАЙ АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ?


Уладзімер Глод, Менск

Наконт далейшага лёсу Кансультацыйнай рады дыскусіяў не было. Усе выступоўцы казалі пра тое, што менавіта яна садзейнічала практычнаму аб'яднаньню ўсіх апазыцыйных сілаў і што яе трэба захаваць. Іншая справа, як павінна дзейнічаць рада пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

На гэты конт выказвалі розныя меркаваньні. Вось як бачыць сытуацыю кіраўнік групы экспэртаў у галіне заканадаўства Міхась Пліска:

(Пліска: ) "Мне здаецца, што трэба вызначыць прынцыпова, ці Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў у новых умовах будзе існаваць як структура, якая ёсьць пасярэднікам між самімі апазыцыйнымі партыямі, і праз КНГ АБСЭ кантактаваць зь міжнароднай супольнасьцю, але ня будзе больш узаемадзейнічаць з уладамі Беларусі, ня будзе намагацца наладзіць дыялёг з уладамі. Ці яна будзе выконваць усе тыя функцыі, якія былі закладзеныя на час ейнага стварэньня".

Сакратар ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Уладзімер Нісьцюк падкрэсьлівае наступную ролю Кансультацыйнай рады:

(Нісьцюк: ) "Зараз праз гэтую структуру, праз гэты орган можна вельмі шмат пытаньняў паставіць: аб удзеле апазыцыі ў падрыхтоўцы законаў, такіх лёсавызначальных як Закон аб саюзным парлямэнце альбо Закон аб апазыцыі, якім чамусьці займаецца Машэрава, якая ня мае да апазыцыі ніякага дачыненьня. Таму бачна, што трэба вельмі добра падумаць над лёсам Каардынацыйнай рады, пашырыць ейныя паўнамоцтвы, магчыма, пашырыць ейны склад і вельмі канкрэтна й моцна працаваць разам з Эўропай у тым кірунку, у якім мы працавалі раней".

Пакуль толькі дзьве партыі — Партыя працы і Народная грамада — пасьпелі абмеркаваць далейшы лёс Кансультацыйнай рады і ад імя сваіх партыяў выказалі агульную пазыцыю, таму ўдзельнікі паседжаньня вырашылі вярнуцца да гэтага пытаньня праз два тыдні. За гэты час партыі павінны выпрацаваць свае прапановы пра функцыі, склад, парадак работы і магчымую зьмену назвы Кансультацыйнай рады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG