Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ АРГАНІЗАВАЎ ПІКЕТ СУПРАЦЬ ПРОДАЖУ БЕЛАРУСКІХ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ. ВЫНІК – БОЛЬШ ЗА 10 ЗАТРЫМАНЫХ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэры Маладога Фронту вырашылі правесьці гэтую акцыю яшчэ некалькі тыдняў таму, калі стала вядома, што ў Менск прыяжджаў кіраўнік кампаніі "Сібірскі алюміній", вядомы расейскі алігарх Алег Дзерыпаска. Ён вёў перамовы з прадстаўнікамі беларускага ўраду аб продажы кантрольнага пакету акцыяў МАЗу.

Падобна на тое, што беларускія ўлады гатовыя пайсьці на гэты крок, і створаны спадаром Дзерыпаскам хольдынг "Руспрамаўта" можа папоўніцца Менскім аўтазаводам.

Намесьнік генэральга дырэктара МАЗу Эдуард Падаляк сёньня паведаміў нашаму радыё, што цяпер працуе расейска-беларуская камісія, якая рыхтуе праграму продажу аўтазаводу.

Сёньня каля 30 маладафронтаўцаў прыйшлі да галоўнай прахадной МАЗу з плякатамі і заклікамі супрацьстаяць продажу прадпрыемства. Гаворыць намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін:

(Шэін: ) "Лукашэнку трэба нечым расплачвацца за падтрымку на выбарах і за тую "элегантную" перамогу, якую ён атрымаў. Малады Фронт, які пасьля выбараў абраў тактыку духовага абуджэньня й нацыянальнага супраціву, акцэнтуе ўвагу на тым, што беларуская маёмасьць прадаецца расейскім алігархам, беларускія рабочыя пад пагрозай звальненьня. І таму гэты знак нацыянальнага супраціву мы аб'яўляем сёньня. Калі менавіта расейскі капітал купіць нашыя прадпрыемствы, то казаць пра эканамічную незалежнасьць Беларусі не выпадае".

Каля прахадной аўтазаводу ўдзельнікаў пікету чакала каля 40 міліцыянтаў у цывільным, якімі кіраваў намесьнік начальніка Заводзкага райаддзелу міліцыі.

Усё ж маладафронтаўцы сталі ланцужком насупраць прахадной і падрыхтаваліся раздаваць рабочым улёткі з заклікам не дапусьціь прыватызацыі МАЗу расейскім капіталам.

Асобы ў цывільным адразу ж пачалі хапаць удзельнікаў пікету і цягнуць іх у машыны і аўтобусы. Затрымалі лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца і яшчэ больш як 10 чалавек, у тым ліку і непаўнагадовых. Цікава, што на час міліцэйскай апэрацыі прахадная заводу была закрытая і рабочых не выпускалі з прадпрыемства.

Цяпер затрыманыя пікетоўцы ў пастарунку, многім зь іх пагражае суд за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Аляксей Шэін паведаміў нашаму радыё, што нягледзячы на рэпрэсіі яны й надалей будуць ладзіць падобныя пікеты.

XS
SM
MD
LG