Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАР ВІНКЕЛЬМАН ПЕРАКАНАНЫ, ШТО РОЛЯ КНГ АБСЭ — ПАЗЫТЫЎНАЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Амбасадар Хорст Вінкельман, гаворачы пра тое, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі не адпавядаюць стандартам АБСЭ, зазначыў:

(Вінкельман: ) "Я ня думаю, што ёсьць нейкі сэнс уводзіць пэўныя санкцыі супраць Беларусі. Гэта ніколі не дапамагала. І я павінен сказаць, што ня чуў, каб нешта такое плянавалася. Я магу толькі спадзявацца, што, як бы ні ацэньвалі гэтыя выбары, што ўсе бакі будуць дзейнічаць прагматычна і ў адпаведнасьці з высновамі АБСЭ. І, у прыватнасьці, адмаўляючыся ад ізаляцыі Беларусі".

Амбасадар Вінкельман заклікаў беларускія ўлады да супрацоўніцтва з КНГ АБСЭ ў Беларусі:

(Вінкельман: ) "Усім вядомая важная роля групы АБСЭ ў Беларусі, гэта была вельмі станоўчая роля. І я зыходжу з таго, што нягледзячы на ўсе цяжкасьці, у выніку ўсе прызнаюць, што КНГ АБСЭ трэба працаваць у Беларусі і надалей".

У 1998 годзе, калі спадар Вінкельман пачынаў сваю працу ў Менску, таваразварот паміж дзьвюма краінамі складаў 1 мільярд нямецкіх марак. Цяпер ён істотна зьменшыўся.

Магчымасьці для нямецкіх інвэстыцыяў у эканоміку Беларусі абмяжоўваюцца нестабільным заканадаўствам Беларусі й немагчымасьцю набыць тут зямельныя ўчасткі. Нават нямецкая амбасада ня здолела выкупіць зямлю, на якой разьмешчаная.

Эканамічны стан Беларусі за тры гады не палепшыўся, хаця ня бачна і поўнага краху экономікі, пра які некаторыя ўжо даўно кажуць, — зазначыў спадар Вінкельман.

Ён пашкадаваў, што за тры гады працы, якая перапынялася ў сувязі з драздоўскім скандалам, ён так і ня змог палагодзіць праблему ўпарадкаваньня на беларускай тэрыторыі нямецкіх вайсковых пахаваньняў, хаця такія пагадненьні Нямеччыне ўжо ўдалося заключыць з Малдовай, Украінай і Расеяй.

(Вінкельман: ) "Стан нямецкіх пахаваньняў мне зусім не падабаецца, ён абсалютна не дастойны і не адпавядае станоўчаму разьвіцьцю нашых адносінаў", — сказаў спадар Вінкельман.

Напярэдадні свайго ад'езду зь Беларусі, які прызначаны на чацьвер, Хорст Вінкельман ускладзе вянок у мэмарыяльным комплексе "Хатынь" і сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Спадар Вінкельман накіроўваецца працаваць амбасадарам у Нарвэгію. А ўжо ў суботу ў Беларусь прыедзе новы амбасадар Нямеччыны Гельмут Фрык.


XS
SM
MD
LG