Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ НАВУКОВАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ Ў ЛЁНДАНЕ


Мікола Пачкаеў, Лёндан

Сярод выступоўцаў варта згадаць такіх знакамітых асобаў як праф. Арнольд Макміллан з Лёнданскага Ўнівэрсітэту, Старшыня БНР Івонка Сурвілла з Канады, Др. Вітаўт Кіпель са Злучаных Штатаў, праф. Аляксандар Баршчэўскі з Варшавы, праф. Адам Мальдзіс і праф. Анатоль Грыцкевіч з Менску, др. Віржыні Шыманец з Прыжу. Прысутныя таксама многія іншыя ўдзельнікі з Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі і Беларусі.

Трэба сказаць, што хаця гэтая канфэрэнцыя – як і нагода яе правядзеньня – становіць сабою выключную зьяву, але з другога боку, яна ёсьць працягам доўгай традыцыі падобных навуковых і культурных форумаў беларускай дыяспары – у тым ліку ў беларусім асяродку Лёндана.

Канфэрэнцыя прысьвечана галоўным чынам культурным здабыткам беларусаў замежжа, касьцяк якога склала палітычная эміграцыя паваеннага часу. Але гэтая ж праблематыка ўключае таксама і культуру беларусаў, якія апынуліся па-за межамі беларускай дзяржавы з тых ці іншых гістарычных абставінаў, як, напрыклад, беларусы Беласточчыны.

Як адзначыў пры адкрыцьці канфэрэнцыі а. Аляксандар Надсан, праз усе гады беларусы на эміграцыі “тварылі за мяжой Беларусь”. Беларусы дыяспары, падкрэсьліў ён, “хацелі застацца беларусамі дзе б яны не былі”, заслугі беларускай дыяспары ў справе падтрыманьня аўтэнтычнай беларускай прысутнасьці ў сьвеце трэба паставіць у адзін шэраг з дзейнасьцю эміграцыі польскай, расейскай, украінскай – для сваіх народаў. Цяперашнія беларускія культурныя ўстановы за мяжой, зазначыў а. Аляксандар Надсан, працягваюць сёньня сваё існаваньне, дзякуючы шмат у чым высілкам сваіх заснавальнікаў, многіх зь якіх ужо няма сярод жывых, як, напрыклад, біскуп Чэслаў Сіповіч, які стаяў ля вытокаў беларускага цэнтру ў Лёндане. Айцец Надсан параўнаў старых беларускіх дзеячоў з Майсеям, які вёў свой народ, але пабачыў зямлю абяцаную толькі здалёк.

Сёньняшняе паседжаньне адкрыла Старшыня Рады БНР сп-я Івонка Сурвілла, якая падкрэсьліла, што сваім уделам у культурным жыцьці, праз усе гады эміграцыя старалася гэтак працягваць сваю палітычную дзейнасьць для Беларусі.

Можна пагадзіцца, што важная палітычна-культурная місія беларускай эміграцыі зусім ня скончана, і многія задачы застаюцца – у пэўным сэнсе, на жаль, застаюцца – актуальнымі. Ад гэтага цяжка абстрагавацца нават замежным дасьледчыкам Беларусі

Так, першым выступоўцам сёньня быў Арнольд Макміллан, прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту, які ўжо 40 год займаецца вывучэньнем беларускай культуры. Яго выступ меў назоў “Скарына і дыяспара”. Скарына, сказаў праф. Макмілан, быў “крыніцаю натхненьня і падтрымкі для беларускай эміграцыі ХХ стагодзьдзя”. У варунках русіфікацыі ў Савецкім Саюзе, якой мусіла супрацьстаяць эміграцыя праз ўсе гэтыя гады, нават Скарына быў палітызаванай тэмай – яму закідалі нават буржуазны нацыяналізм. На жаль, гэтак працягваецца сёньня: праф. Макміллан згадаў, напрыклад, абсурдныя, як ён акрэсьліў, спробы русіфікаваць імя Скарыны, давесьці, быццам Скарыну звалі Георгій і г.д. “Мусім быць удзячныя, – пажартаваў праф. Макміллан, – што тыя аўтары яшчэ не назвалі Скарыну Валодзям ці Сашам”.

Канфэрэнцыя ў Лёндане працягне сваю працу і заўтра.


XS
SM
MD
LG