Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫМ ПРЭМ'ЕР-МІНІСТРАМ БУДЗЕ ГЕНАДЗЬ НАВІЦКІ


Юры Сьвірко, Менск

Для самога Генадзя Навіцкага, былога віцэ-прэм'ера, прапанова Аляксандра Лукашэнкі ўзначаліць урад сталася, паводле ягоных словаў, "поўнай нечаканасьцю". Пасьля таго, як яго прадставілі прэзыдыюму Савету Міністраў, спадар Навіцкі заявіў: "Зараз трэба ўважліва асэнсаваць тое, што адбылося".

Адбылося ж сёньня наступнае. У Лукашэнкаву рэзыдэнцыю быў запрошаны ўвесь прэзыдыюм Саўміну, якому спадар Лукашэнка абвесьціў сваё рашэньне прызначыць прэм'ерам 52-гадовага Генадзя Навіцкага.

Аляксандар Лукашэнка абгрунтаваў гэта 10-цю пунктамі.

Па-першае, спадар Навіцкі ёсьць прафэсіяналам і доўгі час працаваў у рэальным сэктары эканомікі, пачынаючы ад самых нізоў.

Па-другое, ён дасьведчаны кіраўнік і — адрозна ад іншых цяперашніх кіраўнікоў Саўміну дый самога Лукашэнкі — пэўны час быў міністрам.

Па-трэцяе, Генадзь Навіцкі можа пабудаваць сыстэму кіраваньня, а па-чацьвертае, ён высокаадукаваны.

(Лукашэнка: ) "Пятае, што немалаважна, асабліва на пэрспэктыву. Гэта выключна дысцыплінаваны й старанны чалавек. Я таксама надаю гэтаму істотнае значэньне ў гэты пэрыяд. Шостае: Генадзь Васільевіч — чалавек каманды, і я гэта добра ведаю".

Сёмы пункт, паводле спадара Лукашэнкі, палягае ў тым, што Генадзь Навіцкі валодае "гнуткім розумам" і вельмі ўдумлівы чалавек, а таксама здольны зразумець чужы боль і мае чульлівасьць.

Па-восьмае, новы кіраўнік ураду "выключна працаздольны", а па-дзявятае, ён меў добрых настаўнікаў. І апошняе.

(Лукашэнка: ) "Дзясятае. Ну, відаць, Генадзь Васільевіч — і фігура кампрамісная. У нас гэта модна цяпер рабіць. Я толькі падам прыклад, што Генадзь Васільевіч у свой час працаваў у абкаме партыі, калі там працавалі й Васіль Севасьцянавіч Лявонаў, і Ўладзімер Іванавіч Ганчарык.

Таму мне здаецца, што... Не хачу сказаць, што гэта былі ягоныя настаўнікі, але працавалі яны разам зь ім, і ў Магілёўскай вобласьці яны разам, утрох, і ведаюць яны адзін аднаго добра. Таму я спадзяюся, што гэта таксама кампрамісная фігура, і апазыцыя нас за гэта ўжо — за такую кандыдатуру — крытыкаваць ня будзе".

Вось як гэтую заяву Аляксандра Лукашэнкі пра супольную працу са спадаром Навіцкім пракамэнтаваў старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Га-га-га. Гэта было".

(Карэспандэнт: ) "Як гэта было? Раскажыце".

(Ганчарык: ) "Ён працаваў не загадчыкам — пачынаў ён, па-мойму, інструктарам у аддзеле будаўніцтва Магілёўскага абкаму партыі".

(Карэспандэнт: ) "І што вы можаце сказаць аб працы зь ім?"

(Ганчарык: ) "Ну, ён нядрэнны прафэсіянал. Ён добра ведае справу, будаўніцтва. Вось у гэтай галіне ён на месцы быў".

(Карэспандэнт: ) "А гэта праўда, што вы ня будзеце яго крытыкаваць, як Лукашэнка кажа?"

(Ганчарык: ) "А чаму? Я з многімі працаваў. Але ж калі па справе патрэбна, дык я буду крытыкаваць. Чаму не?"

(Карэспандэнт: ) "А як вы ацэньваеце тое, што Лукашэнка зрабіў зь Ярмошыным?"

(Ганчарык: ) "Мне гэта не зразумелы крок. Таму што шмат зрабіў Ярмошын і мог зрабіць. Ён быў на месцы — на месцы ў гэтай сыстэме, ён ёю ўжо валодаў. Ён мог бы яшчэ працаваць. Калі далей, скажу толькі адно: Навіцкаму будзе цяжэй".

(Карэспандэнт: ) "Апошняе пытаньне — як лідэру Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай. Ці зможа ваша фэдэрацыя працаваць з новым урадам, знаходзіць паразуменьне з Навіцкім?"

(Ганчарык: ) "З урадам, я думаю, будзе паразуменьне. У нас заўсёды з урадам не было вялікіх супярэчнасьцяў. Больш было з адміністрацыяй прэзыдэнта, і тут трэба яшчэ паглядзець", — сказаў Уладзімер Ганчарык, былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта.

А спадар Лукашэнка сёньня падзякаваў былому прэм'ер-міністру Ўладзімеру Ярмошыну і заявіў: "Я ня супраць унесеных Уладзімерам Васільевічам прапановаў наконт разьвіцьця дзяржавы". Але спадар Ярмошын таксама падзякаваў Аляксандру Лукашэнку й даў зразумець, што сам зьвярнуўся з просьбай не прызначаць яго зноў прэм'ерам:

(Ярмошын: ) "Дзякую вам за давер і за разуменьне майго звароту да вас. Дзякуй вялікі".

Уладзімер Ярмошын дадаў, што шчыра радуецца, бо ўрад ніхто не ламае. Аляксандар жа Лукашэнка заявіў, што ня супраць "будучыні Ярмошына", але што за будучыня таго чакае, не распавёў.

Новы ж прэм'ер Генадзь Навіцкі сказаў, што зараз трэба думаць, як скарачаць урад і падвышаць эфэктыўнасьць працы. Спадар Навіцкі плянуе абмеркаваць з былым прэм'ер-міністрам зробленыя апошнімі днямі напрацоўкі й заяўляе: "Ніякіх рэзкіх зьменаў не прадбачыцца". Вось яшчэ адна заява новага кіраўніка ўраду:

(Навіцкі: ) "Улада мусіць быць больш гнуткаю, а вытворча-эканамічныя адносіны ў нашай рэспубліцы мусяць удасканальвацца, каб эфэктыўнасць эканомікі падвышалася. Вось тут мы маем пакуль, я лічу, шмат праблемаў, над якімі трэба працаваць", — сказаў Генадзь Навіцкі, які стаў сёньня выконваць абавязкі кіраўніка ўраду Беларусі. Зацьвердзіць яго на гэтай пасадзе мае яшчэ "палата прадстаўнікоў", сэсія якой пачынаецца заўтра.

Іван Знаткевіч, які быў прэсавым сакратаром старшыняў Савету Міністраў Сяргея Лінга і Ўладзімера Ярмошына, распавёў біяграфію новага прэм'ера Генадзя Навіцкага:

(Знаткевіч: ) "Закончыў ён у 1971 годзе Беларускі політэхнічны інстытут, а ў 1988-м — Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС. Інжынэр-будаўнік па кваліфікацыі.

З 1966 па 1971 быў студэнтам політэхнічнага інстытуту ў Менску, у 1971-1977 гадох майстрам — начальнікам участку СУ-56, галоўным інжынэрам СУ-92 будтрэсту №12 у Магілёве.

У 1977–1981 гадох — інструктар аддзелу будаўніцтва Магілёўскага абкаму партыі. 1981–1985 гады — галоўны інжынэр Магілёўскага аблміжкалгасбуду. 1985–1988 — загадчык аддзелу будаўніцтва Магілёўскага абкаму партыі.

1988–1994 — старшыня праўленьня Магілёўскага аблсельбуду. 1994–1997 — міністар архітэктуры й будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. І з 1997-га быў ён намесьнікам прэм'ер-міністра".

XS
SM
MD
LG