Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ШТО БАЛІЦЬ АРАБАМ?


Пераклаў Сяргей Шупа, Прага

[Дачка загінула, бацькі чакаюць ад Злучаных Штатаў прабачэньня]

Пасярод ночы 16 красавіка 1986 году Санія Гусэйн раптам прачнулася ад аглушальнага грукату зэнітнай артылерыі. «Божа – падумала яна. – Вайна ідзе над самым маім домам».

Яна ўсхапілася з ложка і пабегла ў пакой, дзе ўвечары заснулі яе муж Басэм і 7-гадовая дачка Кінда. «Басэм, гэта амэрыканцы! – сказала яна пасьпешліва. – Здаецца, яны хочуць нас бамбіць».

Яна пайшла паглядзець другую дачку – 18-гадовую студэнтку мастацтва Раафат. Тая цярпела ад штогадовага прыступу сянной ліхаманкі і спала ў гасьцёўні бліжэй да кандыцыянэру, каб лягчэй дыхалася.

Раафат напярэдадні выпіла лекаў, і таму спала не зьвяртаючы ўвагі на тое, што адбывалася навокал. Санія падумала, што больш нічым ня можа дапамагчы – і зноў паклалася і накрылася коўдрай.

Басэм ляжаў і ўслухоўваўся ў страшны грукат у начным небе.

Басэм, народжаны ў Палестыне грамадзянін Лібану, 20 гадоў працаваў у Лібіі інжынэрам на амэрыканскім нафтавым гіганце – канцэрне Occidental, дапамагаючы распрацоўваць велізарныя нафтавыя рэзэрвы краіны. Ён жыў зь сям’ёй у заможным квартале лібійскай сталіцы Трыпалі, на першым паверсе двухпавярховага дома.

Басэм не пачуў выбуху. Ён агаломшана глядзеў, як акно разам з рамай раптам правальваецца ў пакой і столь абвальавецца на яго з дачкою.

Кінда крычала ў цемры побач зь ім. Басэн паспрабаваў паварушыцца, але яго заваліла абломкамі. У цемры ён намацаў Кінду: «Ня бойся, - сказаў ён, сьціскаючы дзіцячую ручку, - тата тут, ня плач, усё будзе добра».

Ад выбуху Санія страціла прытомнасьць. Калі яна ачомалася, дык пачула, як Басэм кліча з суседняга пакою і як плача Кінда. Яна пайшла навобмацак празь цемру, ідучы басанож праз абломкі тынку і шкло, задыхаючыся ад дыму, і некалькі хвілін клікала старэйшую дачку: «Раафат! Раафат!» Адказу не было, і Санія з жахлівай пэўнасьцю зразумела, што яе дачка нежывая.

«Басэм, – закрычала яна, – Раафат няма!».

Прывалены абломкамі, Басэм пачуў жончыны словы і адчуў, як у ім узьнімаецца гнеў і абурэньне. Ягонае жыцьцё і жыцьцё ягонае сям’і было разьбітае на кавалкі, і нічога ня будзе такім самым, як было дагэтуль.

Восем гадзін спатрэбілася на тое, каб дастаць Раафат з-пад руінаў дома. «Боль і пакуты, якія я не магу пераказаць, пачаліся для нас у той момант», - кажа Санія.

Раафат была адной з 55 ахвяраў амэрыканскага авіярэйду супраць сэрыі аб’ектаў у Трыпалі і іншым лібійскім горадзе ­ Бэнгазі.

Гэтыя ўдары былі нанесеныя ў адказ на выбух на дыскатэцы ў Бэрліне 10 дзён перад тым, падчас якога пацярпелі 200 чалавек, 63 зь іх – амэрыканскія вайскоўцы. Адзін вайсковец і адзін цывільны загінулі. Адміністрацыя Рэйгана склала віну за гэта на лібійскага лідэра Муамара Кадафі.

Басэм і Санія Гусэйны – не зацятыя, прыроджаныя антыамэрыканцы. Басэм вучыўся ў Злучаных Штатах, пасьля працаваў у канцэрне Esso, а пазьней – у Occidental. Раафат вучылася ў амэрыканскай каталіцкай школе, падчас падарожжаў у Злучаныя Штаты Санія вазіла Раафат у Дыснэеўскі Парк у Флорыдзе. «Усё амэрыканскае было для нас сваім і прывычным», - кажа яна.

Аднак пасьля той жахлівай ночы 16 гадоў таму Басэм і Санія больш ні разу не пабывалі ў Амэрыцы. Калі ў 1994 годзе Басэм пайшоў на пэнсію, яны вярнуліся ў Бэйрут.

У 1989 годзе лібійскі ўрад заручыўся падтрымкай Рэмзі Кларка, генэральнага пракурора ў адміністрацыі Картэра, каб распачаць справы супраць Роналда Рэйгана і Маргарэт Тэчэр за забойства цывільных жыхароў падчас авіяналёту. «Калі Кларк прыехаў па нашыя дакумэнты і сьведчаньні, я спытаўся ў яго – ці будзе распачатая справа, - кажа Басэм. ­ Ён сказаў: О, безумоўна. Гэта ж было забойства...»

Аднак судзьдзя агруговага суду Томас Пэнфілд Джэксан з гэтым не пагадзіўся. Ён спыніў справу і наклаў штраф на Кларка за марнаваньне судовых рэсурсаў на «пустую» справу.

Праз 12 гадоў гэтая судовая пастанова ўсё яшчэ смыліць болем у Басэмавым сэрцы. «Я зноў прыеду ў Амэрыку толькі тады, калі нехта выслухае мяне й скажа: «Так, мы вінаватыя ў сьмерці вашай дачкі і мы просім прабачэньня». Пакуль яны будуць думаць, што сьмерць маёй дачкі - «пустая справа», я туды не вярнуся», - кажа Басэм.

Гусэйны не падтрымваюць рэлігійны экстрэмізм і рашуча асуджаюць самагубчыя напады на Нью-Ёрк і Вашынгтон 11 верасьня. І аднак абое яны лічаць, што той сьмертаносны напад быў вынікам «пыхлівай» амэрыканскай палітыкі на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах. «Мы хацелі б, каб амэрыканцы пабачылі, што робяць іхныя ўлады ў астатнім сьвеце», - кажа Санія.

[Пачуцьцё здрады сярод сяброў]

На другім баку Азіі, у Пакістане, ваенны лётчык Хайдэр пагадзіўся б з пажаданьнем Гусэйнаў. Ён заўсёды быў сябрам Злучаных Штатаў і ня толькі таму, што ён правёў 10 гадоў у Вашынгтоне ў якасьці ваеннага аташэ сваёй краіны. Як і мноства іншых прадстаўнікоў пакістанскай кіраўнічай эліты – у войску, у бізнэсе, у палітычных партыях – ён разглядае Злучаныя Штаты натуральным саюзьнікам.

Але саюзьнікам ненадзейным.

Гнеў і недавер да Злучаных Штатаў у Пакістане заснаваныя на глыбока ўкарэненым уяўленьні, што Амэрыка была ненадзейным сябрам, кажа Хайдэр, і ня толькі ў дачыненьні да Пакістану, але й да іншых мусульманскіх краінаў.

Калі можна выявіць момант здрады, дык для Хайдэра гэта адбылося ў 1965 годзе падчас індыйска-пакістанскай вайны за будучыню Кашміру. Калі індыйскія танкі набліжаліся да сталіцы Пакістану – Лахору, Хайдэр камандаваў эскадрыльяй самалётаў F-86, яку паслалі зьнішчыць тыя танкі. Савецкія саюзьнікі Індыі дапамагалі ёй грашмі, узбраеньнем і дыпляматычнай падтрымкай. Аднак у ключавы момант саюзьнікі Пакістану ­ Злучаныя Штаты ­ спынілі пастачаньне зброі. Як пасьля выявілася, Пакістан здолеў адбіць індыйскі наступ на Лахор і без амэрыканскай дапамогі. Хайдэрава эскадрылья разьбіла ўшчэнт калёну індыйскіх танкаў, якія былі ўжо за дзесяць кілямэтраў ад Лахору. Аднак навука засталася: Амэрыцы давяраць нельга.

«Пачуцьцё такое, што табе здрадзілі, ты ў некім расчараваўся а расчаравацца можна толькі ў тым, хто табе неабыякавы, - кажа Хайдэр. – Яны казалі нам – вы будзеце фарпостам Амэрыкі і ўсяго свабоданага сьвету ў барацьбе з камунізмам. А пасьля яны бяз дай прычыны кінулі сваіх сяброў».

Сёньня Хайдэр бачыць «супадзеньне інтарэсаў» паміж Пакістанам і Злучанымі Штатамі ў пытаньні барацьбы з тэрарызмам. Аднак, кажа ён, Бушу варта асьцярожней выбіраць словы, калі ён пачынае гаварыць пра мусульманскі сьвет. «Калі Буш гаварыў пра Крыжовы Паход ... гэта не была выпадковая памылка. Гэта такі мэнталітэт. Калі яны гавораць пра тэрарызм, яны маюць на ўвазе толькі Ісьлям».

Урэшце, Хайдэр бачыць спосаб – як Амэрыка і мусульманскія краіны маглі б стаць моцнымі сябрамі, аднак гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі Злучаныя Штаты пачнуць надаваць інтарэсам мусульманскіх краінаў гэтулькі вагі, колькі яны надаюць Ізраілю.

«Калі вы адмаўляеце людзям у спраявдлівасьці, як вы дзесяцігодзжьдзямі рабілі гэта ў Палестыне, і калі гэта разумныя і чульлівыя людзі, дык яны знайдуць што зрабіць, - папярэджвае Хайдэр. – Яны могуць знайсьці ратунак у Ісьляме, у фаталізме, нехта зь іх пачне вамі пагарджаць».

[Эгіпцянін, «натхнёны» далучыцца да афганскіх ваяўнікоў]

Шэйх Абу Гамза аль-Масры, радыкальны мусульманскі мулла, які служыць у мячэці ў занядбаным квартале на поўначы Лёндану, без сумневу пагарджае Амэрыкай.

Абу Гамза кажа, што захапляўся Захадам, калі быў малады – так, што нават кінуў унівэрсытэт у сваёй роднай Алескандрыі, каб паехаць вучыцца ў Брытанію. І ён ня меў нічога супраць брытанскага ўраду, калі пасьля сканчэньня навукаў пачаў працаваць інжынэрам у ваеннай акадэміі ў Сандхэрсьце.

Аднак, паглыбляючыся ўсё болей і болей у вывучэньне рэлігіі, ён пачаў усё часьцей сустракацца з арабскімі муджагедамі, якія прыяжджалі з афганскіх гораў у Ангельшчыну на лячэньне. І ён памяняў сваю пазыцыю.

«Калі бачыш – якія яны шчасьлівыя, як радыя, што ім прышылі руку або нагу і яны зноў могуць хадзіць і змагацца, ня думаючы пра адстаўку, а адзіная мара ­ загінуць за Божую справу... дык пачынаеш бачыць у сурах Кур’ану іншае вымярэньне, кажа Абу Гамза.

Натхнёны іхным прыкладам, ён у 1990 годзе паехаў зь сям’ёю ў Афганістан і працаваў там інжынэрам – будаваў дарогі, тунэлі і ўсё, «што толькі мог». А яшчэ ён змагаўся на баку муджагедаў супраць прасавецкага празыдэнта Мухамада Наджыбулы, пакуль падчас выбуху на шахце яму не адарвала абедзьве рукі і ён не асьлеп на адно вока.

Што ператварыла яго і ягоных паплечнікаў з антысавецкіх змагароў на антыамэрыканскіх, кажа ён, дык гэта тое, як Вашынгтон пакінуў іх пад канец вайны ў Афганістане і нават паспрабаваў раззброіць іх і разагнаць іх збройныя аддзелы.

«Гэта здарылася, калі амэрыканцы ўзялі нож у расейцаў і ўсадзілі яго нам у сьпіну – усё вельмі проста, - кажа Абу Гамза. – І гэта быў натуральны паварот справы».

«Пасьля яны бамбавалі Ірак і акупавалі Арабійскі паўвостраў, – кажа ён, маючы на ўвазе разьмяшчэньне амэрыканскага войска ў Савудаўскай Арабіі пасьля вайны ў Пэрсыдзкай затоцы, - а пасьля да гэтага ўсяго далучылася ячшэ дзікае паляваньне на муджагедаў. Гэта была поўнамаштабная вайна, безь ніякага сумневу».

На думку Абу Гамзы, ісьлямісцкім ваяўнікам найперш варта было б скінуцж скарумпаваныя або сьвецкія арабскія рэжымы, перш чым нападаць на Амэрыку (урад Емэну, дарэчы, дамагаецца ад брытанцаў ягонай выдачы за ўдзел у змове супраць ураду ў Сане). Аднак ён ні кроплі не сумняецца, што амэрыканскія ўлады самі наклікалі на сваю галаву падзеі 11 верасьня.

«Амэрыканцы хацелі ваяваць з расейцамі рукамі і крывёю мусульманаў, і яны маглі справакаваць нас, вымавіўшы слова «джыгад», - разважае Абу Гамза. – На вялікае няшчасьце астатняга сьвету, калі гэты джын выпушчаны з бутэлькі, загнаць яго назад вельмі няпроста. Джыгад будзе працягвацца далей і далей, пакуль вялікая мусульманская імпэрыя не паглыне ўсе імпэрыі сьвету».

Ці разумее ён матывацыю нападаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон? «Матывацыю можна пабачыць паўсюль пры цяперашняй амэрыканскай адміністрацыі, - кажа ён. – Калі прэзыдэнт устае і перад усёй плянэтай кажа, што амэрыканцы – паперадзе ўсіх, дык ён толькі прапаведвае нянавісьць. Калі прэзыдэнт выходзіць і кажа – мы ня будзем паважаць ракетных дамоваў з Расеяй, дык ён толькі прапаведвае пыху і фанабэрыю. Калі ён адмаўляецца асудзіць тое, што адбываецца ў Палестыне, дык ён прапаведвае тыранію».

«Амэрыканская замежная палітыка, - дадае Абу Гамза, - сама сабой заклікае кожнага паспрабаваць прынізіць Амэрыку і разьбіць ёй нос».


XS
SM
MD
LG