Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МАГІЛЁВЕ МАЛАДЫ ФРОНТ ПРАВЁЎ ПЭРФОМАНС НА ДАЖЫНКІ. ВЫНІК – ДВОЕ ЗАТРЫМАНЫХ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Прадстаўнiкi мясцовай фiлii Маладога Фронту ў Камсамольскiм сквэры выконвалi ролi камбайнераў, даярак i злодзеяў. Iмпрэза маладых аматараў сабрала нямала гледачоў, бо менавiта ў непрацоўныя днi мiнакi выбiраюць гэтае месца для адпачынку.

Гледачы далi высокую ацэнку талентам маладафронтаўцау i сказалi, што сцэнкi адпавядаюць рэчаiснасьцi. Як i ў песьнi "Гуляць так гуляць" Анатоля Ярмоленкi, самадзейныя акторы спрачалiся, лаялiся, весялiлiся. Пакуль камбайнеры i даяркi адзначалi сьвята, злодзеi кралi калгаснае дабро. Як вядома, папярэднiя "Дажынкi" праходзiлi ў Шклове, i гледачы маглi знайсьцi падабенства мiж тэатралiзаванымi сцэнамi i леташнiм сьвятам на малой радзiме Лукашэнкi.

Спэктакль прайшоу безь перашкодаў. Мiлiцыянты зьявiлiся напрыканцы акцыi, калi маладафронтаўцы ўжо вярталiся ў свой офiс. Яны абвiнавацiлi двух юнакоў, Зьмiтра Букатага i Аляксея Гамаюнава, у выкарыстаньнi незарэгiстраванай сымболiкi, пасьля чаго запрасiлi прайсьцi ў аддзяленьне.

Нагодай для абвiнавачаньня спадароў Букатага i Гамаюнава сталi бел-чырвона-белыя сьцягi, якiя юнакi несьлi ў офiс магiлёўскай арганiзацыi Маладога Фронту. Сьцягi канфiскавалi, а на маладзёнаў склалi адмiнiстрацыйны пратакол. Больш за гадзiну юнакi сядзелi ў аддзяленьнi. Пераканаўшыся ў тым, што маладафронтаўцы ня будуць падпiсваць пратакол, супрацоўнiкi мiлiцыi дазволiлi iм пайсьцi з памяшканьня.


XS
SM
MD
LG