Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП ПРАПАНАВАЛА НОВАМУ ЎРАДУ ПРАГРАМУ РЭФОРМАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэры АГП мяркуюць, што калі новы ўрад возьмецца за рэалізацыю гэтай праграмы, можна выратаваць беларускую эканоміку ад катастрофы.

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў звароце да Генадзя Навіцкага адзначае, што рэалізацыя праграмы сацыяльна-эканамічных рэформаў, якую распрацавалі вядомыя ў Беларусі эканамісты, можа закласьці асновы эфэктыўнай ды канкурэнтаздольнай эканомікі.

Над праграмай эканамічных рэформаў працавалі такія эканамісты з АГП як Станіслаў Багданкевіч, Павал Данэйка, Яраслаў Раманчук, а таксама экспэрты з Нацыянальнага банку, Міністэрства фінансаў, Падатковага камітэту ды з шэрагу дасьледчых інстытутаў. Праграма прайшла экспэртызу ў цэнтры CASE, які некалі распрацоўваў праграму эканамічных рэформаў у Польшчы, у Незалежным цэнтры эстонскіх эканамічных рэформаў, у Фондзе Карнэгі і ў МВФ.

Праграма рэформаў АГП атрымала станоўчую ацэнку прэм'ера Эстоніі Марта Лаара, эканамічнага дарадцы расейскага ўраду Ўладзімера Маў і дарадцы прэзыдэнта Расеі Андрэя Іларыёнава.

Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Я думаю, што мы паводзім сябе даволі адказна ў гэты пэрыяд, мы думаем пра будучыню Беларусі — краіны і людзей, якія тут жывуць. І калі за 7 гадоў ня здольныя былі прапанаваць такой праграмы, то я думаю, што тут ня трэба саромецца ды ўзяць тую праграму, што атрымала высокую ацэнку людзей, якія на практыцы ў далёкім і блізкім замежжы гэтым займаліся.

Я думаю, што ў любым выпадку пазытыў для нас будзе. Калі яны ня будуць выконваць гэтай праграмы, то Лукашэнка пазбаўляецца аргумэнту, што ён толькі сам тут нешта рабіў і яму ніхто не дапамагаў".

Праграма сацыяльна-эканамічных рэформаў для Беларусі — вельмі вялікі дакумэнт (больш за 100 старонак), у якім прапанаваныя варыянты рэфармаваньня ўсіх галінаў эканомікі. Гаворыць адзін з распрацоўнікаў праграмы рэформаў, намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) "Каб нас не крытыкавалі, што мы можам хадзіць толькі на мітынгі, што мы можам толькі выступаць, мы прапануем добры, якасны інтэлектуальны прадукт, якога, на мой погляд, ня могуць зрабіць тыя людзі, што сёньня працуюць на ўрад.

Гэтая праграма ўключае ўвесь комплекс эканамічных праблемаў, пачынаючы з грашовай палітыкі — падатковую рэформу, сацыяльную рэформу. Мы прапануем канкрэтныя мэханізмы адраснай дапамогі насельніцтву, мы прапануем стварыць новыя працоўныя месцы, маем прапановы па стабілізацыі цэнаў. Мы падаем вырашэньне пытаньняў, якія хвалююць простага чалавека".

(Поўны тэкст праграмы можна пабачыць на сайце АГП у Інтэрнэце па адрасе: http://www.ucpb.org).

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька спадзяецца, што ўлады прыслухаюцца да іхных прапановаў, а прызначэньне новага кіраўніка ўраду стане ня толькі заменай асобаў, але й зьменай кірунку эканамічнага разьвіцьця Беларусі.


XS
SM
MD
LG