Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

WASHINGTON POST: ЗАХАД І ЗША НЕ ПАВІННЫЯ МЯНЯЦЬ СВАЁ СТАЎЛЕНЬНЕ ДА ЧАЧЭНІІ


Кастусь Бандарук, Прага

Расея хоча, каб ніхто яе не папракаў ў парушэньнях правоў чалавека ў Чачэніі, і каб Масква мела ў Чачэніі цалкам разьвязаныя рукі. Аднак, паводле артыкулу “Пуцін і Чачэнія” у амэрыканскай газэте Washington Post, пазыцыя ЗША і Захаду ў пытаньні Чачэніі не павінна зьмяніцца.

Заява Пуціна аб падтрымцы ваеннай аперацыі ЗША супраць Афганістану зьяўляецца істотным крокам у накірунку супрацоўніцтва Расеі з Захадам, – гаворыцца ў артыкуле ў Washington Post. Каб выступіць з такой прапановай, Пуцін быў вымушаны пераадолець шэраг унутраных перашкодаў. Расейскія генэралы супраціўляюцца вайсковай прысутнасьці ЗША ў цэнтральна-азіяцкіх рэспубліках, якія Масква дагэтуль лічыць сваёй натуральнай сфэрай ўплываў. З другога боку, паводле Washington Post, Пуцін ня меў выбару, бо амэрыканскія сілы маглі б быць разьмешчаныя вакол Афганістану з дазолам ці без яго дазволу. Аднак расейскі прэзыдэнт сказаў яшчэ адно: што Расея бачыць сваю будучыню ў інтэграцыі з лібэральнымі дэмакратыямі і адкрытымі эканомікамі Захаду, што гатовая хутчэй супрацоўнічаць, чым спаборнічаць з Захадам ў пытаньнях бясьпекі.

Washington Post нагадвае, што на мінулым тыдні, у Маскве і Бэрліне Пуцін прадставіў такую мадэль расейска-заходняга партнэрства, якая для ЗША ўсё яшчэ непрыймальная. З аднаго боку асудзіў тэрарыстычныя атакі супраць ЗША, а з другога ён не прамінуў падкрэсьліць неэфэктыўнасьць існуючых структураў бясьпекі такіх як НАТО. Ён заклікаў да “усеагульнай, мэтанакіравай і добра каардынаванай барацьбы з тэрырызмам”, але хацеў бы, каб яна праводзілася ў рамках міжнародных структураў, у якіх Расея мела б большы ўплыў. Выступаючы ў Бундэстагу, Пуцін назваў “вялікай каштоўнасьцю” адносіны паміж Эўропай і ЗША, але дадаў, што бачыць для Эўропы лепшае выйсьце. Больш шчыльна супрацоўнічаючы з Расеяй, – сказаў Пуцін, Эўропа магла б стаць “сапраўды моцным і незалежным цэнтрам міжнароднай палітыкі”. Пуцін хацеў бы накіраваць сваю краіну ў бок Захаду, але без вядучай ролі ЗША ў ім.

Выступаючы з гэтымі заявамі, – гаворыцца ў артыкуле ў Washington Post, – Уладзімер Пуцін зрабіў гэта не бескарысьліва. Ён спадзяваўся, што Захад прынамсі зьмякчыць сваю крытыку ў бок Расеі за яе наступ на свабоду прэсы і брутальную ваенную апэрацыю ў Чачэніі. Выглядае, што Пуцін не памыліўся, – адзначае Washington Post. Уражаны прамовай Пуціна канцлер ФРГ Шродэр заявіў, што Захад павінен перагледзець сваё стаўленьне да вайны ў Чачэніі і абмеркаваць сяброўства Расеі ў НАТО.

Аднак паводле амэрыканскай газэты, Злучаныя Штаты не павінны гэтак лёгка саступаць Пуціну. Наадварот, яны павінны далей настойваць на зьмене расейскай палітыкі. У панядзелак, расейскі прэзыдэнт даў чачэнскім паўстанцам 72 гадзіны на тое, каб яны прыступілі да перамоваў аб разбраеньні і спынілі кантакты з міжнароднымі тэрарыстычнымі арганізацыямі. Ультыматум можа сьведчыць аб тым, што Расея рыхтуе новую буйнамаштабную апэрацыю ў Чачэніі. Масква спадзяецца, што яна ня выкліча пратэстаў з боку Захаду таму, што чэчэнцаў нібыта падтрымоўваюць людзі Асамы бін Ладэна. Аднак, адзначае Washington Post, крок Масквы можа азначаць і іншае: што існуе розьніца паміж міжнародным тэрарызмам і барцьбой чачэнцаў за незалежнасьць, што Пуцін прапануе партызанам перамовы, якія дагэтуль пасьлядоўна адкідаў.

У сераду адміністрацыя Буша выказалася за ізаляцыю тэрарыстаў і адначасова – за перамовы з чэчэнскімі партызанамі. Паводле Джорджа Буша, сябры арганізацыі бін Ладэна ў Чачэніі павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці, але Пуцін павінен паважаць правы чалавека і правы меншасьцяў ў Чачэніі. Калі расейскі прэзыдэнт сапраўды хоча партнэрскіх адносінаў з Захадам, ён павінен прыступіць да перамоваў з чэчнскім кіраўніцтвам, – канстатуе газэта Washington Post.

Дарэчы, пішучы пра шырокую антытэрарыстычную кааліцыю, камэнтатар Washington Post Джордж Ф. Уілл адзначае яе неэфэктыўнасьць. Чым больш сябраў нейкай кааліцыі, тым цяжэй прымаць рашэньні, а найбольш рашучыя сябры кааліцыі становяцца закладнікамі інэртных, намінальных саюзьнікаў.


XS
SM
MD
LG