Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЖО БОЛЬШ ЗА ТЫДЗЕНЬ МОЛАДЗЬ ВАРТУЕ КУРАПАТЫ


Ганна Соусь, Менск

У Курапатах усталявалі ўжо больш як 40 крыжоў. Самыя вялікія зь іх бачна амаль за кілямэтар. Найбольш уражвае, калі сьцямнее і побач з кожным крыжом гарыць сьвечка. Як распавёў Радыё Свабода лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, за ноч згарае каля 50 сьвечак. Увогуле ж жыцьцё абаронцаў Курапатаў цяпер досыць мірнае і поўнае гаспадарчых клопатаў. Распавядае Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Прыбіралі сьмецьце, яго вельмі многа. Відаць, да Дзядоў некалькі талокаў давядзецца наладзіць. Тым ня менш некаторыя сем'і яшчэ заходзяць у лес на пікнічок. Усім даводзіцца тлумачыць, што гэта за месца. Большасьць згортваецца і з разуменьнем сыходзіць. Будаўнікі паводзяць сябе спакойна, сюды не ідуць. Былі зьвесткі, што сёньня закрыюць дарогу, але вось рух працягваецца. Пакуль у абход нічога не пусьцілі".

Павал Севярынец мяркуе, што варта ўжо неяк вызначыцца з тым, як усё ж будзе адбывацца рэканструкцыя дарогі каля Курапатаў.

(Севярынец: ) "Хутчэй за ўсё, калі аргкамітэт альбо палітыкі старэйшага пакаленьня ня здолеюць дасягнуць нейкага выніку, мы самі распачнем кампанію. Будзем зьвяртацца ў аблвыканкам, у гарвыканкам. Магчыма, будуць нейкія пікеты ўжо ў горадзе, накіраваныя на тых чыноўнікаў, што прымаюць рашэньні па гэтай дарозе".

Пры гэтым, падкрэсьлівае Павал Севярынец, маладафронтаўцы працягнуць вартаваць Курапаты. Магчыма, па часе ўсталююць вагончыкі, бо ночы становяцца ўсё халаднейшыя. А трымацца маладафронтаўцы плянуюць да самых Дзядоў, а калі спатрэбіцца, і далей.

Да сталічных абаронцаў Курапатаў ужо далучаюцца людзі зь іншых гарадоў Беларусі. Мой суразмоўца Дзяніс прыехаў сюды з Гомеля.

(Дзяніс: ) "Даведаўся я праз рэчыцкіх... Прыехаў падтрымаць. Я падышоў да будаўнікоў, і яны мне сказалі, што будуць тут яшчэ больш высякаць. Я запытаўся: "Чаму?" Адказваюць: "Вось, дарогу трэба будаваць". Дык дарога ў параўнаньні з жыцьцём... Гэта вялікая розьніца".

Штодня ў Курапаты прыходзяць сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Сёньня Рыгор Кійко разам са сваім сябром рабілі крыжы з паваленых будаўнікамі дрэваў:

(Кійко: ) "Мы з гэтага лесу зробім вялікія крыжы, каб яны здалёк былі бачныя і нагадвалі людзям... Учора сем вялікіх крыжоў зрабілі. Шмат сяброў з КХП працавалі. Пакуль яшчэ дарогу не зачынілі, мы выкарыстаем гэты момант, каб паставіць яшчэ больш крыжоў. Будзем тут змагацца. Калі трэба, будзем зямлянкі рыць, бярвеньні ёсьць. Вытрымаем аблогу..."

Сяброўка Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Інэса Лейпч прыходзіць у Курапаты штодня. І кожны дзень у яе зьяўляюцца новыя радкі пра гэтае месца.

(Лейпч: ) "Не чапайце Курапатаў! Тут месца сьвятое.
Крыжы, магілы ў соснаў шатах пакіньце ў спакоі!
Паглядзіце, нават птушкі над гэтым сьвятым месцам
Грамадою чыняць мужна акцыю пратэсту.
А, можа, гэта й ня птушкі, а ахвяраў дух крылаты
Тут у хваляваньні кружыць, шукаючы рады.
Не чапайце Курапатаў!"


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG