Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ СНАЙПЭРЫ РАССТРАЛЯЛІ МАНЭКЕНЫ ХАТАБА Й БАСАЕВА Ў ОБНІНСКУ


Ігар Карней, Менск

Беларускія снайпэры спаборнічалі ня толькі ва ўменьні адрозьніць сапраўдных тэрарыстаў ад укаранёных агентаў, але й пацэліць ў фанэрныя манэкены палявых камандзіраў Хатаба й Басаева.

Прэсавы сакратар КГБ Фёдар Котаў гэтак адказаў на пытаньне пра тое, якія беларускія спэцпадразьдзяленьні ўдзельнічалі ў паказальнай акцыі:

(Котаў: ) "Вучэньні прысьвячаліся Сяргею Лісоўскаму — вядомаму ў Расеі снайпэру, які летась загінуў. Гэта турнір снайпэрскіх параў — у апэрацыях дзейнічаюць менавіта ўдвох. У нашым камітэце ёсьць сваё падразьдзяленьне антытэрору — "Альфа". Ягоныя прадстаўнікі ў Краснадары былі дакладна. Камандзір "Альфы" мне толькі што распавёў, што ад МУС пасылаў таксама свою снайпэрскую пару й "Алмаз". Снайпэрскую пару выстаўляла кожная спэцслужба, якая ўдзельнічала ў вучэньнях".

Пра адмысловыя падразьдзяленьні "Альфа" і "Алмаз" — у складзе КГБ і МУС адпаведна — вядома няшмат. Відавочна, што яны падначаленыя наўпрост Лукашэнку. Самі ўдзельнікі вучэньняў, якія ў сваіх маскхалатах больш нагадвалі экзатычныя кусты, упарта хавалі твары ад тэлекамэраў і на кантакт з расейскімі журналістамі ня йшлі.

Вучэньні ў ваколіцах Обнінску мелі максымальна набліжаны да рэальнасьці характар. Паводле сцэнару, паплечнік палявога камандзіра Хатаба — Чыцігаў, зь пятнаццацю партызанамі рушыў у кірунку турбазы "Восіпская" з мэтай правядзеньня тэрактаў і арганізацыі масавых хваляваньняў. Па ўсім маршруце ён ставіў міны ды рабіў засады.

Задача максымальная: знайсьці й зьнішчыць дывэрсійную групу. Але да лягеру тэрарыстаў можна наблізіцца толькі ў тым выпадку, калі ўсталяваны кантакт з сувязным. Нарэшце, нават калі тэрарысты запэленгаваныя, трэба высьветліць, ці сапраўдныя гэта баевікі, бо чацьвёра з 11-ці — укаранёныя агенты. Снайпэр павінен пазнаць праціўніка па здымку на манэкене з адлегласьці 600 мэтраў.

У прэсавай службе ФСБ мне паведамілі, што снайпэры "Альфы" ды "Алмазу" паказалі сябе зусім ня кепска. Але ў адказ на пытаньне, ці магчыма пасьля гэтага больш шчыльнае супрацоўніцтва ў справе антытэрарыстычнага супраціву (у прыватнасьці, прыцягненьне беларускіх снайпэраў да канфлікту ў Чачэніі), там адказалі, што падобных варыянтаў ніхто не абмяркоўваў.

Што тычыцца просьбы спраўдзіць інфармацыю пра наяўнасьць у складзе расейскіх падразьдзяленьняў у Чачэніі беларусаў, то пытаньне засталося адкрытым. Прыватныя кантракты, прынамсі, такога не выключаюць.

Дастаткова прыгадаць выпадак з былым байцом "Алмазу" Валер'ем Ігнатовічам, якога беларускія ўлады абвінавачваюць у выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Якім чынам Ігнатовіч, а таксама некалькі ягоных сяброў, трапілі ў Чачэнію, дакладна растлумачыць ня можа ніхто.


XS
SM
MD
LG