Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО Ў СУБОТУ РАБІЛАСЯ НА МТЗ?


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня з самага ранку сотні рабочых МТЗ накіраваліся ў заводзкую касу. Паводле дамовы з кіраўніцтвам трактарнага заводу, ягоных работнікаў абслугоўвае "Беларусьбанк".

Як паведаміла нашаму радыё загадчыца філіі гэтага банку Аліна Прылепава, сёньня наплыў трактаразаводцаў зьменшыўся. 28 верасьня філія працавала да позьняга вечара, таму грошы атрымалі ўжо больш як 1000 чалавек.

Што да ўчорашняга стыхійнага выступу рабочых, якія на 2 гадзіны перагарадзілі вуліцу Даўгабродзкую і спынілі рух транспарту, то спадарыня Прылепава віны сваёй ня бачыць. Паводле ейных словаў, справакавалі гэты выступ кіраўнікі заводу.

Між тым, прадстаўнікі адміністрацыі МТЗ сёньня ў цэхах даводзілі рабочым, што адказнасьць за ўчорашнія падзеі ляжыць на фінансавых структурах. Старшыня Свабоднага прафсаюзу трактарнага заводу Вячаслаў Козел, які быў у віры гэтых падзеяў, выказаўся аб прычынах наступным чынам:

(Козел: ) "Паводле маіх зьвестак, людзі з аўторка хадзілі ў "белы дом" — будынак адміністрацыі заводу да дырэктара. З аўторка па ўчорашні дзень абяцалі выдаць зарплату. Людзей, якія прыходзілі патрабаваць выплату заробкаў, выштурнулі зь "белага дому". Там зараз паставілі ахову. Выштурхнулі па-хамску.

Я зайшоў учора у заводзкую касу напярэдадні страйку, дык мне сказалі, што на заводзкім рахунку — нуль. Няма чым выплачваць заробкі. Павінны ж былі разьлічыцца зь людзьмі яшчэ да 15 верасьня. 28-га ж яшчэ не было атрымана ні капейкі — ні авансу, ні палучкі.

Гэта цягнецца ўжо больш за год, атрымліваюць вось гэтак у канцы месяцу. Як вынік, кожны работнік заводу губляе 5-10% сваіх заробкаў толькі з той прычыны, што адміністрацыя працуе нясвоечасова. Не выдае грошай. І дзе "круцяцца" гэтыя грошы — ніхто ня ведае", — зазначыў Вячаслаў Козел.

Падзяляе меркаваньне аб прычынах стыхійнага выступу трактаразаводцаў яшчэ адзін сьведка ўчорашніх падзеяў — лідэр галіновага прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) "На трактарным заводзе ўжо доўгі час парушаецца закон аб працы. І зарплату выплачваюць адзін раз на месяц, а трэба два разы. І яшчэ кожны раз затрымліваецца — на тыдзень, на 10 дзён, на 20. Вось 5 дзён кіраўнікі абяцалі выплаціць зарплату. І даабяцаліся, народ ня вытрымаў і выйшаў на вуліцу. Людзі выйшлі справядліва".

Аднак многія на МТЗ прычыну стыхійнага выступу лічаць больш складанай. Напрыклад, у гэтым выступе брала актыўны ўдзел інжынэр трактарнага заводу Ірына Дзядзюля. Шматдзетную маці падштурхнула да несанкцыянаванага пратэсту, паводле ейных словаў, беднасьць:

(Дзядзюля: ) "У мяне дачка-студэнтка і двое школьнікаў".

(Карэспандэнт: ) "На ваш погляд, хто вінаваты ў гэтым: адміністрацыя альбо хто згары?"

(Дзядзюля: ) "Адміністрацыя залежыць ад больш высокіх структураў. Як мне здаецца, не ва ўсім вінаватая адміністрацыя. А калі так пайшло, што з аўторка адцягвалі выплату заробкаў, дык тут дзейнічае нешта больш моцнае за адміністрацыю. Я ня думаю, што наша адміністрацыя можа паводзіць сябе гэтак бессаромна, каб так падманваць народ.

І не адзін Міхаіл Васільевіч Лявонаў у гэтым вінаваты. Магчыма, нейкія недапрацоўкі ёсць і ў нашай адміністрацыі, у нашых фінансістаў, але мне думаецца, што ў нашай краіне не працуюць наогул эканамічныя законы. І з гэтай прычыны такая сытуацыя", — мяркуе інжынэр МТЗ Ірына Дзядзюля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG