Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ПРАЙШЛІ "БАМЖЫНКІ"


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Апоўдні на плошчы Волі ў Віцебску, дзе якраз праходзіў традыцыйны восеньскі кірмаш, паміж гандлёвымі шэрагамі зьявілася маляўнічая група тутэйшых сяброў Маладога Фронту. Апранутыя ў ватнікі, старыя курткі ды паліто, у хустках ды зношаных да дзірак зімовых шапках, 14 хлопцаў ды дзяўчат увасаблялі сучасных калгасьнікаў, якія прыйшлі гандляваць прадукцыяй сваёй гаспадаркі.

На продаж былі прапанаваныя падгнілыя яблыкі, недасьпелая кукуруза, дробная бульба ды гэтак далей. А над імправізаваным прылаўкам быў узьняты чырвона-зялёны сьцяг ды транспарант з назваю сёньняшняй акцыі — "Бамжынкі–2001".

Зрэшты, да клясычных бамжоў, якія спрытна зьбіралі на сёньняшнім кірмашы пустыя бутэлькі, маладафронтаўцы былі мала падобныя, а вось ад сапраўдных працаўнікоў сельскай гаспадаркі, якія зьехаліся сёньня ў Віцебск з бліжэйшых раёнаў, іх насамрэч было адрозьніць цяжка.

Таму пакупнікі ахвотна памкнуліся да новых гандляроў. І потым ужо доўга не разыходзіліся, разглядаючы асартымэнт гародніны, кошты ў далярах ды плякат з надпісам "Спасіба таварышчу Лукашэнка за наша шчасьлівае дзецтва".

Праз колькі хвілінаў вакол удзельнікаў акцыі весяліўся ўжо цэлы натоўп віцяблянаў. І толькі некалькі пэнсіянэрак лямантавалі, патрабуючы выклікаць міліцыю. Неўзабаве міліцыя зьявілася — адразу 8 чалавек.

Палкоўнік Бугаёў, нязьменны ўдзельнік амаль усіх апазыцыйных акцыяў у Кастрычніцкім раёне, загадаў маладым людзям пакінуць плошчу. Але ніхто з маладафронтаўцаў зь месца ня рушыў, а людзей вакол сабралася яшчэ болей. Тады на плошчы зьявілася шыкоўная чорная "Волга", і насуперак усім правілам дарожнага руху, міліцыянты запхнулі ў яе адразу 7 чалавек.

У Кастрычніцкім аддзяленьні міліцыі апынуліся шасьцёра непаўнагадовых хлопцаў ды старшыня Віцебскай філіі Маладога Фронту Віктар Шляхцін. На яго склалі пратакол за выкарыстаньне антыпрэзыдэнцкіх лёзунгаў. Астатніх затрыманых чакае камісія па справах непаўнагадовых.

А пакінутыя на плошчы яблыкі, бульбу ды кукурузу тут жа падабралі імпэтныя пэнсіянэркі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG