Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У КУРАПАТАХ ПРАЙШЛА ТАЛАКА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ноч у Курапатах прайшла даволі спакойна. Ужо некалькі дзён там стаяць два намёты, каля іх дзяжураць ня менш як 10 прадстаўнікоў Маладога Фронту ды іншых моладзевых арганізацыяў. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец паведаміў нашаму радыё, што цягам мінулае начы на дарозе каля пікету спынялася некалькі міліцэйскіх машынаў, пасажыры якіх працяглы час здалёк назіралі за тым, што адбываецца ў Курапатах.

Паводле Севярынца, вельмі шмат жыхароў раёну Зялёны Луг, што знаходзіцца побач з Курапатамі, а таксама кіроўцы, якія праяжджаюць па дарозе, салідарныя зь пікетоцамі. Людзі перадаюць ім цёплыя рэчы, харчы, а таксама кажуць словы падтрымкі. Будаўнічыя работы каля ўрочышча спынілі, але толькі часова. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Нашы размаўлялі з будаўнікамі. Што цікава, ім забаранілі размаўляць зь пікетчыкамі — сказалі, каго ўбачаць зь пікетчыкамі, звольняць з працы. І другое — начальства ўвесь час гаворыць ім, што дарога ўсё роўна пройдзе па Курапатах, усё роўна пройдзе тут, мы толькі чакаем пэўны час, а потым усё роўна павядзем дарогу тут. Так што стаім, будзем стаяць і будзем адстойваць".

На 10 гадзінаў раніцы сёньня ў Курапатах была прызначаная талака дзеля ўпарадкаваньні тэрыторыі гэтых могілак. Але ў гэты час ва ўрочышчы сабралася толькі каля 10 апазыцыйных актывістаў. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "У кожным разе напярэдадні Дзядоў, з увагі на тое, што ў нашай сталіцы агульныя Дзяды ўшаноўваюцца менавіта ў Курапатах, талаку трэба было б ладзіць. Але цяпер, калі над курапацкім мэмарыялам навісла пагроза будаўнічага вынішчэньня, у выніку загаду Лукашэнкі пра чарговую ўдарную будоўлю, гэтыя працы маюць і другое напаўненьне — прыцягнуць увагу ўсіх людзей да Курапатаў як да мясьціны, якая дарагая дзясяткам, сотням і тысячам суграмадзянаў. Упарадкоўваючы Курапаты, мы паказваем, што не дапусьцім іхнага разбурэньня".

Тым часам у Курапаты прыходзілі актывісты БНФ, Маладога Фронту, КХП БНФ ды іншых арганізацыяў. Усяго ў грамадзкай талацэ ўзяла ўдзел каля 50 чалавек. Сіламі маладафронтаўцаў і актывістаў КХП БНФ уздоўж дарогі ўсталявалі каля 30 новых крыжоў, а таксама ачысьілі тэрыторыю на пагорку, дзе знаходзяцца курапацкія магілы.

Грамадзкімі работамі кіраваў адзін зь лідэраў "Мартыралёгу Беларусі", супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі Мікола Крывальцэвіч. Ён паведаміў, што паміж археолягамі й праектантамі кальцавой дарогі існуе пагадненьне, паводле якога ніводная курапацкая магіла ня будзе закранутая будаўнікамі, а тэрыторыя мэмарыялу будзе добраўпарадкаваная. Але гэта толькі папярэдні праект.

Мікола Крывальцэвіч лічыць, што пакуль канчатковы плян яшчэ не зацьверджаны, ёсьць магчымасьць разгледзець варыянт, пры якім новая кальцавая дарога магла б абысьці Курапаты.


XS
SM
MD
LG