Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРОЙДЗЕ КРУГЛЫ СТОЛ ПА ПРАБЛЕМЕ ЗАХАВАНЬНЯ КУРАПАТАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сакратарка грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" Ірына Жыхар на сёньняшнім паседжаньні аргкамітэту агучыла дакумэнт, зь якога вынікае, што работы па пашырэньні Менскай кальцавой дарогі праходзяць зь вялікімі парушэньнямі будаўнічага праекту.

Спадарыня Жыхар працытавала адказ кіраўніцтва арганізацыі "Магістральаўтадар", якая ёсьць заказчыкам пашырэньня кальцавой дарогі, прадстаўнікам Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі.

Заказчыкі паведамляюць, што работы па пашырэньні дарогі ў раёне Курапатаў плянуецца распачаць у 2003– 2005 гадах. У гэтым звароце (ад 18 чэрвеня гэтага году) прадстаўнікі "Магістральаўтадару" прапануюць археолягам Акадэміі навук прагледзець папярэдні праект будаўніцтва, абазначыць на мапе ўсе месцы пахаваньняў і зрабіць заўвагі адносна рэалізацыі гэтага праекту. Гаворыць Ірына Жыхар:

(Жыхар: ) "А гэтак не адбылося, таму, што ў ліпені ці ў жніўні Лукашэнка праехаў па трасе й пабачыў, шо маскоўскі шлях яго не задавальняе. Ён выклікаў заказчыкаў і сказаў: якія два гады на праектаваньне, навошта вам праекты? Неабходна сёньня зрабіць тую працу, якую вы плянавалі зрабіць праз два гады. І ня тры гады рабіць, а здаць дарогу ў 2002 годзе".

Такім чынам, цяперашняе будаўніцтва вядуць не зважаючы на тое, што на шляху знаходзяцца магілы расстраляных людзей.

Сёньня сябры аргкамітэту зацьвердзілі канчатковы варыянт заявы, у якой актывісты грамадзкай ініцыятывы патрабуюць ад уладаў неадкладна спыніць будаўніцтва ў раёне Курапатаў, правесьці ў прыдарожнай зоне дадатковыя археалягічныя дасьледаваньні.

Аргкамітэт таксама дамагаецца абнародаваньня вынікаў курапацкага расьсьледаваньня вайсковай пракуратуры, якое правялі ў 1998–99 гадах, ды агарадзіць і ўпарадкаваць тэрыторыю ўрочышча. Гэтую заяву падпісалі шэраг партыяў, грамадзкіх арганізацыў. а таксама такія вядомыя людзі як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Ганчарык ды іншыя.

Сябры аргкамітэту вырашылі арганізаваць грамадзкую дыскусію ў справе абароны Курапатаў. На наступным тыдні яны зьбіраюцца правесьці круглы стол пад назвай "Мэмарыял Курапаты: сёньняшні стан і праблемы захаваньня". У ім павінны ўзяць удзел прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных установаў, гісторыкі й грамадзкасьць.

Надалей прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы зьбіраюцца зьвяртаць увагу людзей да ўсіх праяваў дзяржаўнага вандалізму ў адносінах да помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны.

А заўтра ў Курапатах грамадзкія арганізацыі ладзяць талаку дзеля добраўпарадкаваньня тэрыторыі ўрочышча.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG