Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ АДБУДЗЕЦЦА КАНФЛІКТ ПАМІЖ ЦЫВІЛІЗАЦЫЯМІ І ЦІ БЛАСЛАЎЛЯЮЦЬ РЭЛІГІІ ВАЙНУ?


Кастусь Бандарук, Прага

Пасьля трагічных падзеяў 11-га верасьня ў Злучаных Штатах сьвет апынуўся на мяжы вайны, пра якую некаторыя кажуць, што гэта будзе канфлікт паміж хрысьціянскай і мусульманскай цывілізацыямі. Аднак, ці напэўна можна атаясамліваць іслям з тэрарызмам? Ці хрысьціянскія веравызнаньні займаюць дастаткова выразную пазыцыю ў пытаньні вайны, згодную са сваім веравучэньнем? У сёньняшняй перадачы гэтыя пытаньні абмяркоўваюць: рэдактар арабскага журналу “Аль Хаят” (Жыцьцё) Джалаль Аль Машта з Масквы, рэдактар грэка-каталіцкага часопісу “Царква” зь Берасьця Ігар Бараноўскі і праваслаўны тэоляг з Масквы прафэсар Андрэй Кураеў.

У сёньняшнім Сымбалі Веры я зноў хачу вярнуцца да тэмы, у параўнаньні зь якою зараз ня бачу важнейшай. Гэта рэальная магчымасьць вайны. Яе называюць ўсяляк. Некаторыя аддаюць перавагу назову “цывілізацыйная вайна”. Паводле слоў амэрыканскага прэзыдэнта, гэта будзе вайна “дабра са злом, сьвятла зь цемрай”. Аднак ў заявах палітычных і рэлігійных лідэраў прысутнічае рэлігійная рыторыка: “крыжовы паход”, “джыгад”. Мусульманскія лідэры, як старшыня муфціяў Расеі шэйх Равіл Гайнутдзін, настойліва пераконваюць, што іслям – мірная рэлігія, што “тэрарысты і талібы толькі прыкрываюць рэлігіяй ў сваіх мэтах і сваімі дзеяньнямі шкодзяць ісляму”. На жаль, гэта ня ўсіх пераконвае. Многія, уключна з палітыкамі, заяўляюць, што іслям пагражае ўсяму, гэтак званаму, “цывілізаванаму сьвету”, што ён ваяўнічы і радыкальны. Бачна, што вельмі многія ацэньваюць іслям паводле таго, бачаць ў тэлевізары праз прызму апошніх тэрактаў і фанатычных талібаў. Толькі ці гэта слушна? З гэтага пытаньня я пачаў размову з Джалалям Аль Машта, расейскамоўным рэдактарм арабскай газэты “Аль Хаят”.

(Машта: ) “Іслям разьдзяляе два паняцьці: няверныя, гэта значыць антырэлігійныя людзі, і “людзі кнігі”, якія вераць ў адзінага Бога. Гэта найперш хрысьціяне і габрэі. Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што ўсе суры ў Кур’ане пачынаюцца фразай: “У імя Алаха міласьцівага і міласэрнага”. Заклікам да міласэрнасьці пранікнуты ўвесь іслям. Гэтаму вучаць дзяцей ў школах, а ніяк ня ў духу супрацьпастаўленьня іншым рэлігіям. Падчас калі ў Эўропе падпальвалі дамы мусульманаў, то прарок Мухамад гаварыў, што “нельга зьнішчыць ніводнага дрэва, нельга забіць няўзброенага чалавека і нельга падняць руку на дзіця”. Такое настаўленьне Прарок даваў сваім ваяром. У Кур’ане ёсьць фраза: “няма прымусу ў рэлігіі”. Кожны чалавек мае права вызнаваць сваю рэлігію, і ніхто ня прымушае прыймаць мусульманства. Калі ў Эўропе габрэяў перасьледавалі, і ня толькі ў чысы нацызму, дык у той жа час яны бестурботна жылі побач з арабамі ажно да паловы ХХ стагодзьдзя. Калі была заснаваная дзяржава Ізраіль, габрэяў пачалі выганяць, але таксама не з прычыны зьмены стаўленьня да іх з боку арабаў, а толькі з прычыны некаторых іх правакацыйных дзеяньняў. Да таго часу, габрэі належалі да найбольш заможнай часткі грамадзтва і займалі найвышэйшыя пасады. Прывяду такі прыклад. Былы Генэральны сакратар ААН Бутрас Галі паходзіць з хрысьціянаў-коптаў і жанаты з габрэйкай. У Егіпце ня толькі ён быў віцэ-прэм’ерам і міністрам замежных справаў, але прэм’ерам краіны быў і ягоны дзед. Вось вам доказ таго, як мусульмане ставяцца да іншаверцаў, я маю на ўвазе хрысьціянаў і габрэяў”.

Гэта быў Джалаль Аль Машта. Напэўна несправядліва было б асуджаць іслям як рэлігію. Нельга таксама цьвердзіць, што іслям і тэрарызм – неадлучныя. Рэлігійны тэрарызм – зьява старэйшая за іслям. Першымі выявамі рэлігійнага тэрарызму было паўстаньне зілотаў супраць рымскай экспансіі ў Юдэі. Аднак Уладзімер Неміга ў артыкуле “Даўнія традыцыі іслямскага тэрарызму” адзначае, што запярэчваць іслямскаму тэрарызму, які мае доўгую традыцыю, таксама было б наіўна. Існуе супярэчлівасьць паміж Кур’анам і сунай, дзьвума крыніцамі іслямскага веравучэньня. У ісляме, няма аднаго веравучэньня, як, напрыклад, у праваслаў’і і каталіцтве. Догматы ісляму тлумачаць мусульманскія тэолягі па-свойму. Вось таму, на думку аўтара, “небясьпека не ў Кур’ане, але ў тых, хто яго тлумачыць”. Неміга ў прыватнасьці называе сэкту “ асасінаў” (па-арабску: “тыя, што кураць гашыш). Ад гэтай сэкты ўзяло пачатак слова “асасін”, якое ў шматлікіх мовах азначае “забойца”. Уладзімер Неміга згадвае таксама шахідаў, якіх ахвоча скарыстоўвалі і раней такія агрэсіўныя групоўкі як “Іслямскі джыгад” і “Хэзболла”. Аўтар артыкулу канстатуе: “Цьверджаньні, што тэрарызм ня мае нічога супольнага з іслямам” непраўдзівыя. Што скажа на гэта мусульманін і знаўца справаў ісляму Джалаль Аль Машта?

(Машта: ) “Ці іслям агрэсіўная рэлігія? Мы паказалі, што не. Ці сярод мусульманаў ёсьць агрэсыўныя людзі? Канечне, ёсьць. Гэтак, як яны ёсьць і сярод хрысьціянаў. Я хачу зьвярнуць увагу на беды ХХ стагодзьдзя. Хопіць згадаць фашызм, апартэід, бальшавізм. Усё гэта ўзьнікла ў рамках хрысьціянскай цывілізацыі, але ж ніхто не абвінавачвае ў гэтых зьявах хрысьцьянства як рэлігію. Сапраўдны хрысьціянін далёкі і ад фашызму і апартэіду, хаця і нельга запярэчыць, што былі і хрысьціяне-фашысты. Можна таксама ўзгадаць катастрофы ХХ стагодзьдзя: скарыстаньне атамных бомбаў супраць Гірасімы і Нагасакі, вайну ў Віетнаме, у Карэі, войны ў Афрыцы і Лацінскай Амэрыцы. Няўжо вінаватыя ў іх былі мусульмане? На адно трэба абавязкова зьвярнуць увагу. Гэта адрозьненьне паміж мусульманамі і немусульманамі. Многія ўсьлед за Гантынгтанам гавораць пра канфлікт, вайну паміж цывілізацыямі, у той час калі мусульманін, прэзыдэнт Ірану Мухамад Хатамі гаворыць, заклікае да дыялёгу паміж цывілізацыямі. Цывілізацыі могуць адрозьнівацца, але ў ніякім разе не павінна быць антаганізму паміж імі. У гэтым сутнасьць праблемы. І я думаю, што наяўнасьць радыкалаў тлумачыцца не рэлігійнымі прычынамі, а прычынамі сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі ў першую чаргу”.

Гаварыў Джалаль Аль Машта. Аб’ектыўна трэба пагадзіцца з думкай, што існуе габрэйскі, хрысьціянскі ды іншыя экстрэмізмы. У Расеі існуюць радыкальныя арганізацыі, такія як “Саюз Хрысьціянскага Адраджэньня” і “Саюз Праваслаўных Харугвеносцаў”. Лідэры гэтых арганізацыяў, Уладзімер Осіпаў і Леанід Сімановіч, лічаць Злучаныя Штаты “антыхрыстам”, якія сее па ўсёй плянэце распусту і сатанізм, і што яны справядліва пакараныя Богам за бамбаваньне праваслаўнай Сэрбіі. Дарэчы, “Незавісімая Газета” зьмясьціла артыкул Андрэя Тувінава “Шматаблічны фундамэнталізм”. Аўтар цьвердзіць, што амаль ніводная краіна ці канфэсія не свабодная ад фундамэнталізму. У ЗША, паводле пратэстанцкіх кансэрватараў, узорам сапраўднага амэрыканца зьяўляецца WASP – White Anglo-Saxon Protestant – белы-пратэстант-англасакс. У ЗША вельмі ўплывовая групоўка гэтак званых “Арыйскіх нацыяў”, якую ўзначальвае пастар Рычард Батлер. Групоўка цесна супрацоўнічае з “хрысьціянскімі рыцарамі” Ку-Клус-Кляну. Каталіцкія фундамэнталісты згуртаваліся ў арганізацыях Сьвятога Пія, Opus Dei, Militas Dei, на якія ў сваю чаргу спасылаюцца праварадыкальныя партыя ў заходняй Эўропе – французкі “Нацыянальны Фронт” Ле Пэна і “Незалежная гішпанская фаланга”. Андрэй Тувінаў згадвае радыкальныя партыі кшталту ШАС ў Ізраілі і нагадвае, што трэць дэпутатаў Кнэсэту адстоўваюць габрэйскі фундамэнталізм. У Індыі, ультрарадыкальная арганізацыя “Шывсэна” (ваяры Шывы) стала вядомая сілавымі акцыямі супраць “абразы індуізму”. У 92 годзе яны разбурылі знакамітую мячэць ў горадзе Айодхе. Выявы неталерантнасьці прысутнічаюць амаль у кожнай рэлігіі. Гэта выплывае зь іхнага перакананьня, што толькі яна валодае праўдай, а ўсе астатнія памыляюцца.

У адной з нашых папярэдніх перадачаў, габрэйскі публіцыст і дзяяч Канстанты Гэббэрт заявіў, што зараз мусульманскія духоўныя лідэры мусяць выразна заняць пазыцыю ў дачыненьні да тэрарызму. Яны мусяць выразна заявіць, чаму вучыць сапраўдны іслям і на чыім баку яны самі. Ці аўтарытэтныя імамы не павінны гэтага зрабіць і пры тым як мага гучней? Прашу працягнуць сваю думку Джалаля Аль Машту.

(Машта: ) “Так, але гэта адбываецца ўжо даўно. Многія найбольш вядомыя мусульманскія тэолягі, дастаткова спаслацца на аўтарытэт такіх вучоных, як шэйх Аль Азгар з галоўнага іслямскага Ўнівэрсытэту ў Эгіпце, асудзілі тэрарызм як зьяву. Яны лічаць, што тэрарызм ня мае нічога супольнага з іслямам, што іслям супраць тэрарызму. Я таксама зьдзіўляюся, а чаму ж габрэі не зьвяртаюцца да сваіх тэолягаў. Вось перада мною выказваньні некалькіх найбольш паважаных сучасных равінаў Ізраіля. Яны гавораць, што негабрэі – ніжэйшая раса, што гэта іншароднае цела, іншая цывілізацыя, што негабрэі павінны быць адкінутыя і ператвораныя ў нявольнікаў. Калі гаварыць пра крыніцы радыкалізму, дык трэба менавіта гаварыць пра фундамэнталізм ня толькі ў ісляме, але і ў іншых плынях, і палітычных і канфэсійных. Іх трэба паўсюдна адкідаць. У кожным разе, трэба пазьбягаць двайных стандартаў ў гэтым пляне”.

Менавіта пазьбягаць двайных стандартаў. Зараз, пасьля тэрактаў у ЗША, расейская прэса падкрэсьлівае, што віноўнікі тэрактаў супраць ЗША не ўстаноўленыя. Маўляў, Амэрыка шукае “ахвярнага казла”, прынагодна хоча расправіцца з талібамі ды Іракам бяз суду і сьледзтва. Пры гэтым дагэтуль не ўстаноўленыя адказныя за выбухі дамоў, але ледзь ня ўсё расейскае грамадзтва ня мае сумневу: гэта чэчэнцы. Тэракты сталі падставаю для новай вайны ў Чачэніі. Рашэньне ўладаў выразна падтрымала нават Расейская Праваслаўная Царква. Вялікая газэта зьмясьціла здымак, на якім праваслаўны сьвятар асьвячае танкі, што накіроўваюцца ў Чачэнію. Такая пазыцыя РПЦ ў шмат каго выклікала сумненьні: што гэта за Праваслаў’е, калі Царква, падтаквае палітыкам і разам зь імі ледзь не заклікае да вайны? Прафэсар Андрэй Кураеў.

(Кураеў: ) “Мне здаецца, што тэрмін “асьвячэньне танкаў” не зусім карэктны. Наколькі я разумею, на думку нашых сьвятароў, яны праводзяць малітву за жаўнераў, за тое, каб яны вярнуліся жывыя. Няма гаворкі пра асьвячэньне снарадаў і куляў. Я наагул ня думаю, што Царква заклікае да вайны. Гэта рашэньне дзяржавы. Існуе прыклад візантыйскай “сымфаніі”. Згодна ёй, дзяржава сама акрэсьлівае для сябе прыярытэты. Царква ў гэта ня ўмешваецца і багаслаўляе рашэньні імпэратара, калі яны разумныя. З другога боку, Царква сама акрэсьлівае, што такое “сапраўднае праваслаў’е”, што для яе карыснае, а імпэратар таксама ў гэта ня ўмешваецца і выконвае рашэньні царкоўных сабораў. Тут нельга гаварыць пра заклік да вайны, бо вайна сама прыйшла на нашую тэрыторыю. Заўважце, калі ў 1994 годзе фэдэральная армія ўвайшла ў Чачэнію ніяк ня будучы туды запрошанай, то Патрыярх як мінімум сем разоў заклікаў спыніць тую вайну. Але вайна 1999 году пачалася цалкам інакш. Баевікі-фундамэнталісты ўварваліся на тэрыторыю расейскай фэдэрацыі з Чачэніі. І таму – гэтая вайна ў вачох грамадзтва, народу і царкоўных людзей ўспрымаецца хутчэй за ўсё як абаронная”.

Такая пазыцыя вядомага праваслаўнага тэоляга і прадстаўніка Маскоўскага патрыярхату прафэсара Андрэя Кураева. З пытаньнем, што думае пра такое ваяўнічае стаўленьне Царквы, я зьвярнуўся да рэдактара грэка-каталіцкага часопісу “Царква” Ігара Бараноўскага.

(Бараноўскі: ) “Безумоўна, гэта ня ёсьць нармальна, і пазыцыя Царквы ў такіх выпадках павінна быць усё-такі больш стрыманай. Бласлаўляць на вайну, бласлаўляць на акты помсты – неяк не па-чалавечы… Ня кажучы ўжо, што гэтак не выпадае рэагаваць хрысьціяніну”.

Тут хачу прыгадваць даволі супярэчлівыя заявы праваслаўных гіерархаў адносна тэрактаў супраць ЗША. Як ўжо згадвалася, неўзабавае пасьля трагедыі ў Амэрыцы, Мітрапаліт Кірыл з РПЦ заявіў: “З рэлігійнага пункту погляду ЗША маюць права на ўдар ў адказ, бо “хто мячом ваюе, ад мяча і загіне”. Аднак праз некалькі дзён сам Патрыярх Аляксей зьмякчыў выказваньне Мітрапаліта. Ён заклікаў Злучаныя Штаты адмовіцца ад помсты.

Назіраецца таксама некаторая розьніца ў танальнасьці заяваў Рымска-Каталіцкай Царквы. У часе свайго візыту ў Казахстан, Ян Павал ІІ сказаў наступнае: “Рэлігія ніколі ня можа апраўдваць гвалт і вайну. Хрысьціяне і мусульмане разам пакліканыя будаваць лепшы і салідарны сьвет бяз войнаў, каб магла перамагчы цывілізацыя любові, і каб ўсялякі гвалт зьнік з аблічча зямлі”. Папа выказаў пажаданьне, каб апошнія падзеі ў ЗША не падзялілі сьвет на два варагуючыя лягеры. Аднак трохі раней, прадстаўнік Папы Ёакім Навара-Вальц сказаў іншае: “Калі ЗША скарыстаюць сілу, каб абараніць свой народ ад далейшых атакаў з боку тэрарыстаў, то Рымскі Папа паставіцца да гэтага са зразуменьнем”. Навара-Вальц патлумачыў пазыцыю Ватыкану: “Калі хто-небудзь спрычыніў грамадзтву вялікае зло, і існуе небясьпека, што пакуль ён застаецца на свабодзе, ён зноў можа гэта зрабіць, у вас ёсьць права на самааброну, права абараняць грамадзтва, хаця і сродкі самааброны могуць аказацца гвалтоўныя. Часам самаабарона прадугледжвае дзеяньні, якія могуць прывесьці га гібелі людзей. Такім чынам, людзей, адказных за жахлівыя злачынствы, павінны выдаць і арыштаваць, альбо прынцып самаабароны будзе скарыстаны з усімі яе наступствамі”. Гэткая афіцыйная пазыцыя Ватыкану. А што думае наконт гэтага сьвецкі каталік. Калі ласка, Спадар Бараноўскі.

(Бараноўскі: ) “Напэўна, гэта сытуацыя, у якой прыходзіцца з сумам канстатаваць, што неаднойчы трэба ўжыць сілу, каб не было яшчэ больш нявінных ахвяраў. Хаця, такое рашэньне вельмі пакутлівае для чалавека, які верыць у Бога, для якога чалавечае жыцьцё – каштоўнае.
Але, з другога боку, трэба ўлічыць, што невядома дзе і калі, нявінныя людзі ізноў могуць пацярпець ад гэтых хворых людзей, бо яны менавіта хворыя. Іх трэба ізаляваць. Канечне, было б прасьцей, каб лідэры іслямскіх краінаў, дзе, магчыма, хаваюцца арганізатары тэрактаў, выдалі іх на суд чалавецтва. Гэта было б лепшае выйсьце, але выглядае, што гэта зараз малаверагоднае. І таму прыходзіцца ўжываць фізычную сілу, каб гэтых хворых людзей ізаляваць, бо яны самі ня ведаюць што робяць. Гэта пагроза для ўсяго нармальнага чалавецтва, якое хоча жыць у міры”.

Ужыцьцё сілы азначае проста вайну. З хрысьціянскага пункту погляду, справядлівасьць неабходна ўстанаўляць найперш мірнымі сродкамі. Вайна можа быць аб’яўленая толькі пасьля таго, калі будуць вычарпаныя ўсе мірныя сродкі. Ужо з 5 стагодзьдзя, з часоў Аўгустына, існуе ў хрысьціянстве паняцьце “справядлівай вайны”. Яна апраўданая толькі жаданьнем аднавіць мір, справядівасьць і парадак. Аднак на вайне гінуць пераважна нявінныя людзі. Ці не палохае Вас пэрспэктыва? Ігар Бараноўскі.

(Бараноўскі: ) “Я, як грэка-каталік, як кожны хрысьціянін ды проста як чалавек добрай волі, не хацеў бы нейкага ваеннага канфлікту. Трагедыя ў Амэрыцы паставіла чалавецтва перад выбарам: альбо яно будзе ўцягнутае ў трэцюю ўсясьветную вайну, альбо будзем шукаць мірнае выйсьце. Бо найперш гэтыя тэракты – праблема падзелу сьвету на два лягеры – багатых і бедных. Беларускія грэка-каталікі былі ўражаныя трагедыяў ў ЗША, мы маліліся за ахвяраў. Гэта ня можа не крануць чалавечае сэрца незалежна ад рэлігіі, сэрца хрысьціяніна незалежна ад канфэсіі. Канечне, мы хацелі б, каб арганізатары гэтых тэрактаў былі пакараныя, каб зло не разпаўсюджвалася далей, бо яно можа разрасьціся бы ракавая пухліна. Але, з другога боку, бачна, што сьвет апынуўся ў вельмі небясьпечнай сытуацыі, калі трэцяя ўсясьветная вайна вельмі рэальная. Некаторыя краіны могуць стаць ахвярамі бамбаваньня, ізноў загінуць тысячы нявінных людзей, і гэта таксама будзе несправядлівае вырашэньне справядлівай барацьбы з тэрарызмам. Нявінныя ахвяры непатрэбныя, гэта будзе неадпаведная рэакцыя. Чалавецтва, а найперш амэрыканскія лідэры, мусяць зрабіць нейкі цывілізаваны выбар”.

Гэтак лічыць Ігар Бараноўскі, рэактар грэка-каталіцкага часопісу “Царква”.

Джалаль Аль Машта згадаў прафэсара Гарвардзкага ўнівэрсытэту і дырэктара Міжнароднага Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Сэмуэля Гантынгтана. У артыкуле, апублікаваным восем гадоў таму, Гантынгтан прадказаў вайну паміж цывілізацыямі. Паколькі пра ягоную тэорыю гаварылася ў папярэднім выпуску “Сымбаля Веры”, я згадаю сёньня іншае змрочнае прароцтва. Вядомы амэрыканскі эвангеліст Гал Ліндсі напісаў кнігу “Памерлая вялікая плянэта”, якая разыйшлася ў 18 мільёнах экзэмпляраў. У ёй аўтар прадказвае вайну паміж расейска-арабскім і амэрыканска-ізраільскім блокамі, якая закончыцца атамнай вайною, зьнішчэньнем траціны насельніцтва сьвету і арабаў разам з расейцамі. У такія прароцтвы можна ня верыць, але ж небясьпека вельмі рэальная. Ці вас, як араба, не трывожыць такая пэрспектыва? Спадар Аль Машта.

(Машта: ) “Я думаю, спадзяюся і амаль упэўнены, што розум ва ўсіх павінен ўзяць верх. Я думаю, што прадухіліць такое супрацьстаяньне ня толькі магчыма, але і трэба і неабходна. Але дзеля гэтага ізноў жа трэба адкінуць ўсялякія карані несправядлівасьці, і гэткім чынам выключыць любую магчымасьць выяўленьня радыкалізму”.

Такое спадзяваньне выказаў рэдактар арабскай газэты “Аль Хаят” Джалаль Аль Машта. У кожным разе, ўсплёск антыіслямскіх настрояў у сьвеце ёсьць фактам. Гаворачы пра акт помсты, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш ужыў фразу пра новы “крыжовы паход”. Прэм’ер Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі заявіў ў Бэрліне пра “вяршэнства хрысьціянства над іслямам”. Ён адзначыў, што “Эўропа павінна аднавіцца на аснове сваіх хрысьціянскіх каранёў”. У сваю чаргу лідэр талібаў мула Амар паведаміў, што калі ЗША нападуць на Афганістан, талібы пачнуць “джыгад”, які, несумненна, падтрымаюць калі не мусульманскія краіны, дык многія асобныя мусульмане. У такой сытуацыі, вельмі хочацца верыць, што розум возьме верх. Буйнамаштабная вайна яшчэ не пачалася, але яна выглядае непазьбежнай. Справа ў тым, што помсту паводле прынцыпу “вока за вока, зуб за зуб” цалкам абгрунтаванай лічаць нават некаторыя рэлігійныя лідэры. Некаторыя краіны ўспрынялі паўсюднае абурэньне на пачварнае злачынства ў ЗША , як “зялёнае сьвятло” для барацьбы са сваімі ворагамі. Расея хоча скарыстаць гэтыя настроі ў сьвеце для расправы над чэчэнскімі сэпаратыстамі, а Ізраіль над палестынскімі радыкаламі. У кожным разе, гнеў – вельмі дрэнны дарадца, а стрыманасьць зараз патрэбная як мала калі, бо як казаў Магатма Гандзі, “вока за вока асьляпляе ўвесь сьвет”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG