Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У СУБОТУ ЛУКАШЭНКА НАВЕДАЎСЯ НА “ДАЖЫНКІ”


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Візыт кіраўніка дзяржавы на сваё галоўнае сьвята быў надзвычай кароткі. А палове адзінаццатай гадзіны ягоны гелікоптэр прызямліўся ля Кургану Славы. Праз дваццаць хвілінаў яго сустракалі хлебам-сольлю на галоўным пляцы Мазыра. Дзеці, што прыйшлі падзівіцца на гэтае відовішча, казалі, што Лукашэнку ўручаюць булку. Так маладое пакаленьне ўспрымала рытуал сустрэчы.

Аляксандар Лукашэнка паведаміў мазыранам, што ня мог не прыехаць на “Дажынкі”. Акурат вяскоўцы безагаворачна падтрымалі яго на выбарах. Лукашэнка дзякаваў усім, хто дапамагаў вёсцы і на сяўбе, і на жніве. Ён нават пераконваў вяскоўцаў, зьвезеных на “Дажынкі” з усіх рэгіёнаў краіны, што прасіць падмогі ня сорамна. Праўда, на думку Лукашэнкі, гэта павінны рабіць не вяскоўцы, а дзяржава. Ён перакананы, што цяперашняя эканамічная палітыка правільная. Пацьвяржэньне таму – вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Рэформамі, як сказаў Лукашэнка, зямлю не ўзарэш і карову не падоіш. Тым ня менш, здабыткі сёлетняга ўраджаю кіраўніка дзяржавы не зусім задавальняюць.

(Лукашэнка: ) “Для таго, каб нармалёва жыць і хадзіць з горда ўзьнятаю галавою, нам трэба атрымліваць 10 мільёнаў тон хлеба ў год. Нам трэба вырошчваць мяса да кіляграма ў суткі – такія павінны быць прывагі. І нам трэба даіць да 5 тысячаў кіляграмаў малака на карову. Як толькі мы гэтага дасягнем, тады ня будзе папрокаў ні з майго боку да асобных кіраўнікоў і спэцыялістаў, і вы ўсе ня будзеце мець да мяне і дзяржавы прэтэнзіяў,” – сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Сапраўды, кіраваць дзяржавай, і сельскай гаспадаркай у прыватнасці, ня проста. Артысты Калінкавіцкага раённага спажывецкага таварыства, што прыехалі на “Дажынкі”, распавялі гэта ў адмысловых частушках.

“А ў нашага прэзыдэнта белая рубашка,
Няўжо ён ня ведаў, што ўпраўляць так цяжка”.

Зрэшты, дажынкі ў Мазыры, нягледзячы на прыезд высокага госьця, спраўляліся паводле свайго сцэнару. На 2-кілямэтровай набярэжнай ўздоўж Прыпяці людзі пілі і гулялі. Разыгрывалася нават “жывая лятарэя”. Старшыня Берасьцейскага райвыканкаму Канстантын Бабко, што прыехаў з дэлегацыяй у Мазыр, выйграў нават казу. І каб ня везьці жывёліну за сотні кілямэтраў, падараваў яе адной мазырскай сям’і. Знайшоў сябе на “Дажынках” і мастак Валянцін Дуброўскі. Ён маляваў за невялікія грошы сяброўскія шаржы.

(Дуброўскі: ) “Шарж у мяне ёсьць і на Лукашэнку, але я нікому яго не паказваю… Баюся,” – сказаў мастак Дуброўскі.

XS
SM
MD
LG