Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЖОДЗІНЕ ПАЛЮЮЦЬ НА ВЯДЗЬМАРАК


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

Дэпутат жодзінскага гарсавету Аляксандар Валчанін так патлумачыў Радыё Свабода сваю апазыцыйнасьць да кіраўніцтва гарвыканкаму:

(Валчанін: ) "Я ніякі не апазыцыянэр і ніколі ня быў ім. Я проста дэпутат гарадзкога савету, які працуе не адзін год у камісіі сацыяльнай абароны, я бачу вельмі шмат недахопаў, хібаў і непрыхаванай злачыннасьці несумленных работнікаў гарвыканкаму да маіх выбарцаў.

Справа дайшла да таго, што распачалі крымінальную справу, якая скончылася судом над адказнай супрацоўніцай жыльлёвага аддзелу жодзінскага гарвыканкаму, якая брала хабар.

А супрацоўнікі аддзелу сацыяльнай абароны насельніцтва гуманітарную дзяржаўную дапамогу, што прыходзіла ў Жодзіна, не разьмяркоўвалі між малазабясьпечанымі жыхарамі, а дзялілі між сабой. Пра гэта я інфармаваў сваімі дэпутацкімі запытамі пракуратуру гораду Жодзіна. Дарэчы, я інфармаваў і спадарыню Даргель, якая да нядаўняга часу працавала міністрам сацыяльнай дапамогі.

Таму і хвалююць мае дэпутацкія дзеяньні старшыню гарадзкой улады Валер'я Кашэўскага. Яшчэ хачу сказаць — калі ўздымаеш пытаньне наконт працы ўлады, гэта значыць, што ты супраць прэзыдэнта. Вельмі кепска, што на местах прыкрываюцца гэтым", — сказаў спадар Валчанін.

Аляксандар Валчанін паказаў мне адказ на свой афіцыйны запыт ад начальніка жодзінскага аддзелу міліцыі спадара Конана, што прыйшоў дэпутату гэтымі днямі:

"Паводле Вашага дэпутацкага запыту Жодзінскім ГАОС праведзеная праверка, у выніку якой завялі крымінальныя справы на загадчыцу аддзелу сацыяльнай дапамогі гарвыканкаму Страх па артыкуле 210 Крымінальнага кодэксу "Арганізацыя злачыннай групы" ды на інспэктара па асноўнай дзейнасьці аддзелу сацыяльнай абароненасьці Саскавец па артыкуле 427 "Службовая падробка" Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь".

Дарэчы, у сярэдзіне верасьня жодзінскі гарадзкі суд ужо асудзіў за хабарніцтва на 5 гадоў зьняволеньня інспэктарку жыльлёвага аддзелу гарвыканкаму Галіну Берасьневіч.


XS
SM
MD
LG