Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТАЛІБЫ ПАВЕДАМІЛІ, ШТО ДАСЛАЛІ ПРАЗ КУР’ЕРА БІН ЛЯДЭНУ ПРОСЬБУ ПАКІНУЦЬ АФГАНІСТАН


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

У пятніцу пакістанская дэлегацыя, у складзе якой духоўныя лідэры краіны, выпраўляюцца ў Афганістан, каб прысьпешыць Талібан пашкадаваць сваю краіну перад пагрозай амэрыканскага ваеннага нападу. Пасылаючы сьвятароў у Кандагар, Пакістан адказвае на адну з умоваў, якія выставіў Талібан ў справе выдачы Ўсамы бін Ладэна на пацярпелых няўдачу перамовах 10 дзён таму.

Тады лідэр Талібану мула Махамад Амар запатрабаваў, амэрыканскіх доказаў удзелу бін Ладэна ў нападах на Ўсясьветны гандлёвы цэнтар і Пэнтагон 11 верасьня, а таксама, каб выдача бін Ладэна была пацьверджаная Арганізацыяй Іслямскай Канфэрэнцыі, якая аб’ядноўвае 50 мусульманскіх краінаў.

Пакуль што крокі Пакістану на скліканьне канфэрэнцыі малапасьпаховыя. Але пакістанскія ўрадовыя асобы спадзяюцца, што іслямскае духавенства паўплывае на Амара. Шмат хто зь іх мае даўнія кантакты з Талібанам, навучалі яго лідэраў у тэалягічных школах, што знаходзяцца ў памежных з Афганістанам раёнах.

Паводле агенства Рэйтэр, міністар інфармацыі Талібану паведаміў, што прынятае раней рашэньне лідэрамі Талібану, каб бін Ладэн пакінуў краіну, мела ўжо быць дастаўленае яму кур’ерам, бо немагчыма зь ім кантактавацца ні тэлефанічна, ні факсам.

Тым часам, Талібан выяўляе блытаную пазыцыю, датычную бін Ладэна. Мінулым тыднем Талібан адмовіўся выконваць патрабаваньне ЗША выдаць падазраванага ў арганізацыі тэрарыстычнага акту, але папрасіў яго пакінуць краіну. Іншыя гавораць, што ён мог уцячы з Афганістану. А мула Амар пераконваў ягоных суайчыньнікаў быць гатовымі весьці вайну супраць амэрыканцаў.

Пакістанская місія мае на мэце зрабіць захады, каб уратаваць Афганістан ад вайны з ЗША. Прадстаўнікі вайсковага ўраду Пакістану – краіны з 140-мільённым насельніцтвам, якой кіруе генэрал Пэрвэз Мушараф – паведамілі, што духавенства выправілася ў Афганістан, каб давесьці да Амара, што далейшае ўкрыцьце бін Ладэна будзе мець таксама небясьпечныя наступствы для ўсяго іслямскага сьвету.

Місія прыбывае ў Афганістан, калі, на думку назіральнікаў, Талібан сутыкнуўся зь першай эрозіяй сваёй усеабдымнай улады, пачынаючы з 1996 году, калі яны захапілі кіраўніцтва краінай. Афганцы ўцякаюць са сваіх гарадзкіх дамоў перад пагрозай амэрыканскіх удараў, і ёсьць сьведчаньні магчымага іншадумства і сярод талібаў датычна амэрыканскага збройнага чыну.

Паколькі Талібан выгнаў з краіны апошніх заходніх рэпартэраў, то паведамленьні рваныя і супярэчлівыя. Але ўсе зьвесткі сыходзяцца да факту, што такія гарады, як Кабул, Джалалабад, Кандагар, пустыя, што згубна для ўраду, які ўсё часьцей успрымаецца людзьмі за рэпрэсіўную уладу ўзброеных мужчынаў. Нарэшце, і талібы, уключна з духавенствам, вайскоўцамі і чыноўнікамі, зьнікаюць з гарадоў, як і звычайныя людзі.

Паводле іншых паведамленьняў, талібы зыходзяць з гарадоў, каб згрупавацца дзеля магутнай абароны ў іншых месцах. У кожным выпадку, нечаканыя падзеі выклікалі шэраг зьменаў ладу жыцьця афганцаў. Прыкладам, людзі ўжо менш баяцца самай рэпрэсыўнай інстытуцыі – рэлігійнай паліцыі, паколькі і яе офісы зачыняюцца. Можна нават пачуць музыку на вуліцах, што раней каралася штрафамі. Але ёсьць і злавесныя паведамленьні, што ядро Талібану зьбіраецца зь сіламі дзеля “сьвятой вайны” супраць амэрыканцаў, якую паабяцаў мула Амар на выпадак, калі амэрыканскія атрады ступяць на афганскую зямлю.

Пасланьне Талібану, якое, магчыма, перададзенае Усаму бін Ладэну, ёсьць рэлігійным дэкрэтам, фатвай, ухваленай некалькімі сотнямі духоўных асобаў, якія сабраліся мінулым тыднем у Кабуле. У дэкрэце гаворыцца, што “бін Ладэн мае пакінуць Афганістан паводле ўласнай добрай волі, у самы кароткі па-магчымасьці час і выбраць любое іншае месца жыхарства”.

Талібанскі амбасадар у Пакістане сказаў, што мула Амар прыняў “канчатковае рашэньне”, паводле якога бін Ладэн ня будзе выдадзены Злучаным Штатам, але папрошаны пакінуць межы Афганістану. Адзін зь непахісных духаўнікоў, які ў складзе дэлегацыі сёньня прыбывае ў Пакістан, былы прыхільнік бін Ладэна сказаў: “Дрэнна забіваць непавінных людзей. Таксама дрэнна хваліць тых, хто забівае непавінных людзей”.

XS
SM
MD
LG