Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЎВОЙДУЦЬ КАМУНІСТЫ ВА ЎРАД ПОЛЬШЧЫ?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Лідэр Народнай партыі Яраслаў Каліноўскі пасьля ўчорашніх перамоваў заявіў, што праграма яго партыі шмат у чым супадае з праграмай Саюзу левых дэмакратаў і Уніі працы, аднак пакуль што рана рабіць высновы.

А дзьве іншыя партыі – Самаабароны і Правая справядлівасьць – якія маюць адпаведна трэцяе месца ў Сойме, учора адмовіліся ад кааліцыі. “На сёньняшні дзень нас кааліцыя не цікавіць,” – заявіў лідэр Самаабароны Анджэй Лепэр. Напэўна, адмовяцца ад кааліцыі зь левымі і цэнтрысты з Грамадзянскай пляцформы – другой па колькасьці мандатаў партыі ў парлямэнце. Такім чынам, калі лідэр левых дэмакратаў і будучы прэм’ер Лешак Мільлер не патрапіць дамовіцца з польскай Народнай партыяй, магчымыя два сцэнары падзеяў. Альбо Саюз левых дэмакратаў і Унія працы самастойна створаць так званы ўрад меншасьці, які ня будзе карыстацца гарантаванай падтрымкай парлямэнцкай большасьці, і таму кіраваньне ня будзе эфэктыўным, альбо, калі цягам часу ўрад ня будзе ўтвораны, паводле канстытуцыі, праз шэсьць месяцаў адбудуцца новыя выбары.

Аднак, выглядае, што паўторных выбараў ніводная з партыяў, што трапілі ў парлямэнт, – ня хоча.

Варта адзначыць, што ў новы сойм трапіў адзін зь беларусаў Беласточчыны – Яўген Чыквін, які балятаваўся ад Саюзу дэмакратычнай левіцы.


XS
SM
MD
LG