Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ФІРМЫ СУСЬВЕТНАГА ГАНДЛЁВАГА ЦЭНТРУ ВЯРТАЮЦЦА ДА ЖЫЦЬЦЯ


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Галіна, як вяртаюцца да жыцьця фірмы, што былі разьмешчаныя ў будынках Сусьветнага гандлёвага цэнтру? Некаторыя зь іх згубілі да 70 адсоткаў свайго пэрсаналу…”

(Прыгара: ) “Тыя кампаніі, што страцілі шмат супрацоўнікаў, зразумела, абвесьцілі ў гэтыя дні набор новых людзей. Даволі цяжка ў Нью-Ёрку ў апошнія гады было з працай. Цяпер агенцтвы па працаўладкаваньні працуюць, каб забясьпечыць фірмы і карпарацыі штатамі. Зь іншага боку, кампаніі згубілі ня толькі людзей, але і офісныя памяшканьні, ня кажучы пра тое, што страчаная ўся тэхніка, архівы, шмат у якіх выпадках грошы. Аказалася, што з архівамі найбольш проста, бо шмат у каго былі дублікаты дакумэнтаў і кампутарных файлаў”.

(Ціхановіч: ) “Ці мяняецца штосьці у кантрактах зараз, ці патрабуюць новыя супрацоўнікі гарантыяў бясьпекі, новых страховак ці спэцыяльнага рэжыму працы?”

(Прыгара: ) “Цяжка сказаць, што мяняецца ў кантрактах, бо калі ў Амэрыцы бяруць на працу ў салідную кампанію, то кантракт рэдка калі падпісваецца – усё падпарадкоўваецца працоўнаму заканадаўству. Ну а калі падпісваецца кантракт, дык там канкрэтныя ўмовы ў кожным асобным выпадку”.

(Ціхановіч: ) “Што да бізнэсу страхавых кампаніяў? Ці змогуць яны выплаціць сумы вялікіх страховак сем’ям пацярпелых? Як вядома, некаторыя кампаніі ўжо заявілі, што сьмерць у выпадку тэракту не была прадугледжаная страхавым полісам”.

(Прыгара: ) “Сапраўды такія заявы былі. Я думаю, што ў бліжэйшыя дні такія падыходы будуць перагледжаныя. Будуць перагледжаныя і пытаньні выдачы сэртыфікатаў аб сьмерці. Вось у апошнія тры дні такія пасьведчаньні ўжо выдаваліся тым сем’ям, сваякі якіх пакуль што лічацца зьніклымі. Астатнія, хто захацеў атрымаць такія пасьведчаньні, змогуць гэта зрабіць у парцягу наступных двух тыдняў. Зараз там якраз працуюць каля 500 адвакатаў, каб аформіць усе паперы. Калі ў сям’і будзе на руках пасьведчаньне аб сьмерці, тады афармленьне дакумэнтаў на кампэнсацыю з нагоды страты жыцьця займае даволі кароткі тэрмін, і кампанія мае выплаціць гэтыя грошы. У будынках Сусьветнага гандлёвага цэнтру былі вельмі багатыя і прэстыжныя фірмы і карпарацыя, і страхоўкі супрацоўнікаў былі даволі высокія. Таму тыя фірмы і кампаніі заявілі, што будуць дамаўляцца ў кожным канкрэтным выпадку для таго, каб напрыклад страхоўку па сьмерці ў мільён даляраў выплачваць часткамі, напрыклад, на працягу 2-3 гадоў. Зь іншага боку, цэнтральныя ўлады і ўлады штату прапанавалі ўсім бізнэсам у Нью-Ёрку, а ня толькі страхавым кампаніям, падаць заяўкі на атрыманьне фінансавай дапамогі і крэдытаў. Выглядае, што кампэнсацыі фірмам за старты будуць выплачвацца на працягу ўсяго наступнага году”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG