Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ПОЛЬШЧЫ ВЫЗВАЛІЛІ БЕЛАРУСКАГА ЗАКЛАДНІКА


Алег Супрунюк, Берасьце

Зьвесткi пра тое, што жыхар Берасьця, прозьвiшча якога не разгалошваецца, трапiў у закладнiкi, былi атрыманыя ад ягонай жонкi. Яна паведамiла праваахоўчым ворганам, што на пачатку гэтага тыдня невядомыя асобы патэлефанавалi ёй з Польшчы i запатрабавалi выкуп памерам 50 тысячаў амэрыканскiх даляраў. У iншым выпадку яны пагражалi забiць мужа. Жанчына таксама сьцьвярджае, што падчас тэлефонай размовы яна чула, як ейны муж рэагаваў на катаваньнi.

Пра гэтае здарэньне паведамiлi мiнiстру ўнутраных справаў Беларусi Навумаву, якi прыняў рашэньне накiраваць у Польшчу берасьцейскiх супрацоўнiкаў камiтэта па барацьбе з арганiзаванай злачынасьцю i карупцыяй. Яны вызначылi памяшканьне, адкуль быў зроблены тэлефоны званок. Гэты дом быў ачэплены польскай палiцыяй. У вызначаны час, каб атрымаць грошы, да яго пад'ехаў чалавек, якi адразу быў затрыманы. Польскiя крынiцы паведамляюць, што гэтая асоба ўжо некалькi разоў прыцягвалася да суду.

Пазьней высьветлiлася, што жыхара Беларусi скралi прадстаўнiкi мясцовых крымiнальных груповак, а таксама грамадзяне Расеi й Украiны. Закладнiка яны трымалi ў будынку ў ваколiцах польскага горада Седльце, што месьцiца каля мяжы з Беларусьсю. Падчас вызваленьня закладнiк знаходзiўся ў крытычным стане: ён быў моцна зьбiты, а на ягоным целе выяўленыя агнястрэльныя раненьнi.

Сапраўдныя матывы гэтага злачынства пакуль застаюцца невядомымi. Але ёсьць iнфармацыя, што ўзяты ў закладнiкi берасьцеец займаўся так званым прыгранiчным бiзнэсам. Польскiя сродкi масавай iнфармацыi неаднаразова зьвярталi ўвагу на складаную крымiнагеную сытуацыю ў памежным з Беларусьсю рэгiёне. Тлумачыцца гэта тым, што акрамя польскiх злачынных груповак, паблiзу памежных пераходаў дзейнiчаюць падобныя групоўкi з краiнаў былога СССР. Ня выключана, што апошняе здарэньне прымусiць польскi бок перагледзець сваё стаўленьне да беларусаў i грамадзянаў iншых дзяржаваў, якiя працяглы час знаходзяцца на тэрыторыi Польшчы.


XS
SM
MD
LG