Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“…Я САМ БЕЛАРУС, І ХАЧУ КАБ НАС БОЛЬШ НЕ СТРАЛЯЛІ Ў КУРАПАТАХ…”


Ганна Соусь, Менск

З учорашняга дня ў Курапатах паболела крыжоў. Самы вялікі крыж быў усталяваны ўчора ўвечары побач з дарогай на пагорку, бліжэй да месца пахаваньняў.

Каля курапацкай указальнай шыльды цяпер знаходзіцца вялікі стэнд, зь якога можна даведацца пра гісторыю гэтага месца — тут ёсьць падборка газэтных публікацыяў пра Курапаты, фотаздымкі, што рабіліся ў часе археалягічных раскопак. На стэндзе ёсьць здымак Біла Клінтана ў Курапатах, а таксама мэмарыяльнай пліты "Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі", якую месяц таму разбурылі.

У Курапатах па-ранейшаму гараць вогнішчы, стаяць намёты, але няма ўжо на дрэве бел-чырвона-белага сьцяга. Распавядае сябар Кальварыйскай рады Маладога Фронту Сяржук Мацкойць:

(Мацкойць: ) "Пад'ехаў спачатку маёр гарадзкой міліцыі. Пачаў чапляцца да людзей: "Што вы тут седзіце? Што паліце вогнішча? Што за сьцяг вісіць?" Проста не пайшлі зь ім на канфлікт, і каб не раздражняць міліцыянтаў, прыйшлося зьняць сьцяг. А так больш тут канфліктаў не адбывалася.

Сёньня мы плянуем паставіць яшчэ некалькі крыжоў, прайсьціся па пэрымэтры Курапатаў, паглядзець. Учора, калі ўсталёўвалі крыж, літаральна ў мэтрах 10-15 ад дарожнага пакрыцьця адшукалі месца, дзе было раскапанае пахаваньне. Гэта зрабілі ня больш як год таму".

У Курапатах начаваў і Зьміцер Ядчэня. Ён гаворыць, што абаронцы Курапатаў адчуваюць вельмі моцную падтрымку жыхароў мікрараёну і кіроўцаў, што праяжджаюць каля Курапатаў.

(Ядчэня: ) "Пад'яжджаюць людзі, якія даведваюцца пра гэта з Радыё Свабода альбо з газэтаў, яны выказваюць сваю падтрымку нам — тым, хто тут знаходзіцца і ўдзень, і ўначы".

(Карэспандэнтка: ) "Ці прыходзілі да вас прадстаўнікі афіцыйнай улады, вядомыя людзі Беларусі, пісьменьнікі, палітыкі?"

(Ядчэня: ) "На жаль, нікога зь вядомых палітыкаў альбо грамадзкіх дзеячоў за гэтыя дні тут не было, на вялікі жаль. І начальства таксама".

А што да падтрымкі простых грамадзянаў, то сёньня я не аднойчы на свае вочы бачыла яе. Каля Курапатаў спынілася вялікая фура зь берасьцейскімі нумарамі. З кабіны выйшаў кіроўца, ён аднес абаронцам Курапатаў пакунак з харчамі.

(Кіроўца: ) "Вядома, падтрымліваю. Я ж сам беларус. І хачу, каб нас больш не стралялі... У Курапатах..."

Пэнсіянэрка Аляксандра цяпер прыходзіць у Курапаты штодня.

(Аляксандра: ) "Гляджу — вогнішча, хлопцы сядзяць. Я думала, яны проста гуляюць. Але яны мне ўсё распавялі..."

(Карэспандэнтка: ) "Вы хвалюецеся за іх?"

(Аляксандра: ) "Вельмі. Я першы раз бачу такіх людзей. Гэта сапраўды героі. Яны любяць Беларусь".

Падтрымаць абаронцаў Курапатаў сёньня прыйшоў і пэнсіянэр спадар Васіль разам са сваім сябрам.

(Васіль: ) "У 1937 годзе ў мяне бацьку забралі. Можа, ён тут ляжыць. Вось хаджу, сьвечкі стаўлю. Трэба ж захаваць памяць пра гэтых людзей. Далібог, каб хлопцы трымаліся... А так... Вядома, якая нашая краіна. Прыйдуць амонаўцы ды ўсё гэта разьвярнуць, крыжа на іх няма..."

Хлопцы й дзяўчаты, што бароняць Курапаты, ні на што ня скардзяцца, спадзяюцца толькі, што бліжэйшым часам надвор'е значна не пагоршыцца й ня пойдзе дождж. Адзінае, што часам абаронцам Курапатаў не хапае пітной вады. І яны папрасілі мяне праз Радыё Свабода зьвярнуцца з просьбай да тых, хто неўзабаве пойдзе ў Курапаты, узяць з сабой некалькі бутэлек вады.

XS
SM
MD
LG