Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕГА АЛКАЕВА ЗВОЛЬНІЛІ ЗЬ МІЛІЦЫІ БЯЗ ПЭНСІІ І ГРАШОВАЙ ДАПАМОГІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Зьвесткі пра звальненьне Алега Алкаева і абставіны гэтага звальненьня Свабодзе паведаміла жонка Алкаева Ірына. Яна сьцьвярджае, што Алег Алкаеў звольнены з фармулёўкай "на асабістае жаданьне", хаця ў заяве кіраўніцтву ён прасіў звольніць яго "за выслугу гадоў". Розьніца, аказваецца, вельмі істотная.

З-за іншай фармулёўкі 48-гадовы Алкаеў ня будзе атрымліваць пэнсіі два гады, пакуль яму ня споўніцца 50. Таксама палкоўніка пазбавілі грашовай дапамогі на некалькі месячных заробкаў, якую выплачваюць міліцыянту па выхадзе на пэнсію паводле выслугі гадоў. Страціў Алкаеў і яшчэ некаторыя прывілеі, што гарантуюцца палкоўніку ўнутраных справаў на пэнсіі.

"Муж усё яшчэ знаходзіцца ў Нямеччыне, яму падоўжылі гасьцявую візу, але ў матэрыяльным пляне ягонае становішча зараз вельмі кепскае. Ён нават ня можа сабе дазволіць тэлефанаваць дадому. Безумоўна, ён сапраўды мужны і прынцыповы чалавек, але вось да чаго ўсё гэта прывяло... Мы нават ня можам быць разам. Але тут яму небясьпечна. Я катэгарычна супраць ягонага вяртаньня ў Менск", — сказала Ірына Алкаева.

Спадарыня Алкаева лічыць, што мужу адпомсьцілі за праўду, якую ён рызыкнуў паведаміць у сваім рапарце.

Нагадаю, былы начальнік менскага сьледчага ізалятара палкоўнік Алег Алкаеў ёсьць аўтарам вядомага рапарту на імя міністра ўнутраных справаў Навумава, у якім паведамляецца пра шэраг абставінаў адносна справаў Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

У прыватнасьці, Алкаеў згадаў, што быццам ў траўні і ў сярэдзіне верасьня 1999 году на загад тагачаснага міністра ўнутраных справаў Сівакова ён мусіў выдаваць пэўным асобам адмысловы пісталет, якім выконваюць сьмяротныя прысуды.

Аднаго разу пісталет перадавалі камандзіру асобага атраду СОБР унутраных войскаў Дзьмітрыю Паўлічэнку, сьведчыў Алкаеў. Пісталет вяртаўся нячышчаны ды ржавы, палкоўніку не паведамлялі, дзеля чаго яго выкарыстоўвалі.

Між тым, Алкаеў схільны меркаваць, што гэтая зброя спатрэбілася падчас апэрацыяў захопу Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Бо дні выдачы пісталета супалі з днямі, калі зьніклі гэтыя апазыцыянэры.

Рапарт Алкаева стаў вядомы грамадзкасьці падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Тады ж стала вядома, што Алег Алкаеў падаў заяву аб звальненьні зь міліцыі і зьехаў у Нямеччыну да сваякоў. У інтэрвію зь Нямеччыны ён працягваў настойваць на сваіх паказаньнях і нават абвінавачваў найвышэйшае кіраўніцтва краіны ў датычнасьці да справаў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Ён зьвяртаў увагу на тое, што Дзьмітры Паўлічэнка быў спачатку арыштаваны, але неўзабаве вызвалены, калі за яго заступіўся Аляксандар Лукашэнка.

Даючы гэтыя інтэрвію, Алкаеў казаў, што заставацца ў Нямеччыне не зьбіраецца, але з прыездам яшчэ варта пачакаць. "Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў вызначуся", — казаў палкоўнік Алкаеў. Падобна на тое, што свой выбар ён ужо зрабіў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG