Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БІЗНЭСОЎЦЫ ДЫ ШАРАГОВЫЯ ГРАМАДЗЯНЕ НЯ ХОЧУЦЬ ФІНАНСАВАЦЬ "ДАЖЫНКІ"


Ігар Карней, Менск

Усё лета пасажыры грамадзкага транспарту мелі магчымасьць вывучаць каляровыя налепкі з рэклямай грашова-рэчавай лятарэі "Дажынкі". Здымак галоўнага прыза (на здымку чамусьці "Фольксваген POLO" замест абяцаных лятарэяй "Жыгулёў") безумоўна прывабліваў.

Але з часам высьветлілася, што грамадзкая актыўнасьць у справе набыцьця шчасьлівых квіткоў чамусьці не адпавядае размаху грандыёзнага сьвята. Тады лятарэя сама пачала прыходзіць да інфантыльнага пакупніка.

Так, Гарадзенскі аблвыканкам выдаў нават адмысловы загад на разьмеркаваньне ў межах дзяржаўных структураў 100 тысяч квіткоў у традыцыйным "добраахвотна-прымусовым парадку". Ніхто, зрэшты, не сумняваўся, што ўсе білеты будуць рэалізаваныя.

Тэхналёгія розыгрышу ўсіх лятарэяў такая, што грашовы прыбытак ад продажу паперак складае 50%. Астатняя палова — гэта ўласна прызавы фонд. Калі ўлічыць, што квіткі каштавалі 1 тысячу рублёў, то даход Гарадзенскага аблвыканкаму на роўным месцы склаў 50 мільёнаў рублёў. А гэтага якраз хапае на ўнёсак у агульнанацыянальныя "Дажынкі".

У Берасьці кошт аналягічных білетаў быў у паўтара раза большы, таму й прыбытак атрымаўся лепшы. Вось што распавёў пра лятарэйную навалу супрацоўнік прадпрыемства "Бярозаўскія электрасеткі" Васіль Азаранка:

(Азаранка: ) "Паступіла каманда з выканкаму: распаўсюдзіць лятарэйныя білеты. Ну і ўсё: пасылае кіраўнік падначаленага чалавека ў выканкам да намесьніка старшыні ў справах ідэалёгіі. Той прывозіць на прадпрыемства білеты й пачынае распаўсюджваць. Большая частка людзей моўчкі набыла, некаторыя адмовіліся.

Кошт аднаго білета, дарэчы, 1500 рублёў — амаль бутэлька гарэлкі. Каб выкінуць — ніхто б ня выкінуў. Пакуль нейкіх санкцыяў няма, але кожны адчувае ўскосны ціск. І трэба чакаць, што некалі гэта прыгадаюць. Сёньня не набыў білет, заўтра, прыкладам, не атрымаеш прычэп на дапамогу ў гаспадарцы. Іншымі словамі, загад начальніка праігнаруеш, ён табе гэтаксама адкажа, толькі яшчэ больш балюча".

Апроч акцыяў на прадпрыемствах, прыцягнулі да агульнакалгаснага сьвята бізнэсоўцаў ды прадпрымальнікаў. Адзін з кіраўнікоў менскай будаўнічай фірмы распавёў мне, што недзе ў сярэдзіне жніўня атрымаў ліст зь Менскага аблвыканкаму, дзе былі пазначаныя банкаўскія рэквізыты на пералічэньне сродкаў дзеля правядзеньня "Дажынак".

Каб прадпрымальнік не пакутаваў ад думак "колькі даць", была рэкамэндаваная сума — у эквіваленце 100 даляраў. Тады пералічваць ён нічога ня стаў, хоць большасьць калегаў гэта зрабіла. Найперш кожны сам вольны вырашаць, куды ўкладаць не такія ўжо зараз лёгкія грошы. Да таго ж, другарадная паказуха, якая зьявілася замест калгасных застольляў, не задавальняе яго ні маральна, ні ў сэнсе густу. Хоць і разумее, што свавольства можа мець эканамічныя наступствы.

Некаторыя эканамісты таксама лічаць, што выдаткаваных на бессэнсоўнае шоў грошай (а гэта больш чым паўтара мільёна даляраў), хапіла б, каб разьлічыцца з запазычанасьцямі па заробках на шэрагу прадпрыемстваў.

Зрэшты, выкарыстаньне быццам бяскрыўдных лятарэяў набывае масавы характар. Напярэдадні адзначэньня 30-гадовага юбілею мэмарыялу "Брэсцкая крэпасьць-герой", Берасьцейскі аблвыканкам таксама актыўна распаўсюджваў лятарэйныя білеты на дзяржаўных прадпрыемствах вобласьці.

Гэтак мясцовыя ўлады намагаліся ня толькі прыцягнуць пазабюджэтныя сродкі на рэканструкцыю крэпасьці, але й атрымаць законных 50% чыстага прыбытку ва ўласную скарбонку.


XS
SM
MD
LG