Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАДСТАЎНІКІ БЕЛАРУСКАЙ АПАЗЫЦЫІ СУСТРЭЛІСЯ ЗЬ ГЕНЭРАЛЬНЫМ САКРАТАРОМ РАДЫ ЭЎРОПЫ


Валер Каліноўскі, Страсбург

Гэта была іх апошняя сустрэча ў Страсбургу. Апазыцыянэры лічаць сваю 4-дзённую працу ў РЭ эфэктыўнай.

Усяго Анатоль Лябедзка, Алена Скрыган і Яраслаў Раманчук правялі больш за 20 сустрэчаў у камітэтах, палітычных групах, з асобнымі ўплывовымі палітыкамі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Падчас сустрэчы зь Генэральным сакратаром Рады Эўропы Вальтэрам Швіммерам прадстаўнікі беларускай апазыцыі акцэнтавалі ў вагу на будучым супрацоўніцтве гэтай арганізацыі і Беларусі з абавязковым удзелам шырокай грамадзянскай кааліцыі і з умовай спыненьня палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Гаворыць Анатоль Лябедзбка:

(Лябедзька: ) “Палітычная кампанія пад назвай “прэзыдэнцкія выбары” – гэта прыпынак, які мы праехалі. Мы павінны аналізаваць, але разам з тым мы павінны глядзець у заўтрашні дзень. Нас вельмі цікавіць, які будзе зьмест так званай “папрокавай” стратэгіі ў адносінах да Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “А чаго б вы хацелі?”

(Лябедзька: ) “Па-першае, мы хацелі б, каб была каардынацыя дзеяньняў усіх міжнародных структураў; па-другое, каб гэта было ў фармаце рэзалюцыі, якая была прынятая камітэтам міністраў 25 верасьня, а таксама рэзалюцыі, якая была прынятая ў студзені летась на ПАРЭ. Мы зацікаўленыя, каб гэтыя дзеяньні не выходзілі за рамкі вось гэтых двух дакумэнтаў”.

Спадар Лябедзька зазначыў, што Вальтэр Швіммер цёпла адносіцца да Беларусі і ведае ўсю існуючую праблематыку. Швіммер зазначыў, што меркаваньні апазыцыйнага боку будуць улічаныя пры распрацоўцы далейшай стратэгіі Рады Эўропы ў адносінах зь Беларусьсю.

Дэпутат Вярхоўнага савету Алена Скрыган мяркуе, што той дыялёг, які Рада Эўропы зьбіраецца наладжваць з грамадзянскай супольнасьцю і ўладамі Беларусі, будзе на карысьць беларускай дэмакратыі.

(Скрыган: ) “Калі ізалявацца і самаізалявацца, то нічога добрага ад гэтага не атрымаецца, а крокі, што робяцца насустрач, і нават заявы аб пацяпленьні, я лічу, што гэта вельмі добры знак і яго трэба вельмі акуратна выкарыстаць. Я думаю, што гэта шанец для нашай краіны, каб сваё добрае імя ў Эўропе захаваць”.

У цэлым апазыцыянэры задаволеныя сваёй чатырохдзённай працай у Палацы Эўропы ў Старсбургу. Гаворыць намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Мы зразумелі атмасфэру ў Радзе Эўропы, зразумелі, у якім кірунку могуць адбывацца падзеі, і цяпер у выпрацоўцы нашай стратэгіі і тактыкі мы будзем больш канрэтныя, і інфармацыю, што атрымалі, будзем выкарыстоўваць пры распрацоўцы далейшых крокаў. Я думаю, што цяпер асноўная задача апазыцыі – інфармаваньне нацыянальных парлямэнтаў, палітычных групаў, чыноўнікаў, якія працуюць у Радзе Эўропы, аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Таму што ёсьць пагроза таго, што не разабраўшыся ў сытуацыі, Рада Эўропы можа прыняць хуткае, непрадуманае рашэньне, якое ўсім пашкодзіць”.

Заўтра апазыцыйная дэлегацыя вылятае дадому ў Менск, а афіцыйная дэлегацыя так званай “палаты прадстаўнікоў” выляцела на дзень раней.


XS
SM
MD
LG