Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ЗАРАЗ ЖЫВЕ НЬЮ-ЁРК?


Радыё Свабода.

(Прыгара: ) “Штодзень у сродках масавай інфармацыі паведамляецца пра новыя выкрыцьці ці новыя пагрозы. Напрыклад ёсьць інфармацыя, што ў грузавіку ці мікрааўтобусе могуць везьці выбухоўку, дык на пад’ездах да Мангэтана ўсе грузавікі і аўтобусы вельмі пільна правяраюцца. Дагэтуль паведамлялася, што бомба можа быць закладзеная ў машыну хуткай дапамогі, і таму ўлады зьбіралі інфармацыю пра нумары машынаў і пра іх кіроўцаў. Так што, я б сказала, што Нью-Ёрк яшчэ знаходзіцца як бы на ваенным становішчы. Гэта выяўляецца найперш псыхалягічна. Раней Нью-Ёрк быў сымбалічным цэнтрам Свабоды для Амэрыкі, а зараз тут адбываюцца рэчы, якія раней уявіць было проста немагчыма. Напрыклад, ад сёньня забароненыя відэа- і фотаздымкі дамоў, якія знаходзяцца блізка да месца трагедыі 11 верасьня. Тое месца агароджанае і ахоўваецца. Апаратуру могуць канфіскаваць, а чалавека – арыштаваць. Раней у Нью-Ёрку гэтая забарона выклікала б пратэсты, дэманстрацыі і суды, а зараз – усе падпарадкоўваюцца.
Сапраўды, у гэтай забароны ёсьць сэнс, бо месца трагедыі стала турыстычным пунктам. Вал турыстаў, які памкнуўся туды, выглядаў неэтычна”.

(Караткевіч: ) “Што адбываецца з эканомікай? Раней Вы казалі, што людзі падаўленыя настолькі, што яны ня ходзяць у рэстарацыі?”

(Прыгара: ) “Так, адразу пасьля 11 людзі не хадзілі бавіцца, але пасьля закліку мэра Джуліяні аднавіць нармальнае жыцьцё, людзей стала больш. У выхадныя дні людзі больш-менш спакойна гуляюць па вуліцах. Так што бізнэс пачынае ажываць. Што датычыць гандлёвага бізнэсу. Дык на сёньня ў Нью-Ёрку ў крамах цэны самыя нізкія за апошнія 10-15 гадоў, бо таваразварот рэзка зьнізіўся. У сярэднім цэны на 20 адсоткаў меншыя, чым яны бываюць падчас калядных распродажаў. Сёньня напрыклад, шмат хто не працуе з-за габрэйскага сьвята, дык шмат людзей накіравалася ў крамы і купляюць нават Калядныя падарункі – да гэтага таксама заклікаў Джуліяні”.

(Караткевіч: ) “Калі ў Менску здарылася трагедыя на Нямізе, тагачасны мэр Ярмошын быў досыць закрыты для прэсы і, кажуць, што прасіўся нават у адстаўку. Якія адносіны нью-ёркцаў зь іх мэрам?”

(Прыгара: ) “Джуліяні сябе паводзіць, як звычайны жыхар Нью-Ёрку. Яго можна сустрэць на вуліцацх, ён па некалькі разоў за дзень бывае на месцы катастрофы, дае штодня прэсавыя канфэрэнцыі, ідзе на кантакт з усімі журналістамі. Мэр стаў вельмі даступны для жыхароў гораду. Сёньня зьявілася навіна, што мэр зьвярнуўся да кандыдатаў у мэры на выбарах, што адбудуцца 6 лістапада, з прапановай пакінуць яму яшчэ 6-7 месяцаў кіраваньня горадам – іншымі словамі, парцягнуць тэрмін яго паўнамоцтваў, каб ён мог давесьці справу аднаўленьня гораду да канца”.


XS
SM
MD
LG