Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУСТРЭЧА ЎЛАДЗІМЕРА КОЛАСА СА СТАРШЫНЁМ СЬВЕТЛАГОРСКАГА ГАРВЫКАНКАМУ МЯСЦОВУЮ ФІЛІЮ БЕЛАРУСКАГА ЛІЦЭЮ НЕ ЎРАТАВАЛА


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Сьветлагорскі беларускамоўны ліцэй перастаў быць філіяй Нацыянальнага дзяржаўнага ліцэю мінулым летам. Міністэрства адукацыі зацьвердзіла новы статут ліцэю, паводле якога не дазвалялася болей мець філіі.

Загадчыца аддзелу адукацыі сьветлагорскага гарвыканкаму Галіна Філіповіч выдала загад пра спыненьне з 17 верасьня фінансаваньня ліцэю як самастойнай установы. Навучэнцаў пазбавілі нават бясплатнага сьняданку. Аддзел адукацыі націскае, каб ліцэісты перайшлі вучыцца ў сярэднюю школу №1.

Уладам не даспадобы незалежнасьць ліцэю, які прымае знакамітых беларускіх пісьменьнікаў, бардаў і нават замежных амбасадараў. А ліцэісты не жадаюць пераходзіць у звычайную школу. На знак пратэсту яны ладзілі шматдзённае пікетаваньне гарвыканкаму і аддзелу адукацыі.

Усе гэтыя пытаньні і закраналі сёньня падчас сустрэчы Ўладзімера Коласа са старшынём выканкаму Пірштуком. Як паведаміў нашаму радыё спадар Колас, ён пераконваў гарадзкога вэртыкальшчыка, што нельга разбураць адзіную ў Сьветлагорску беларускамоўную навучальную ўстанову, чые выхаванцы адразу ж паступаюць ня толькі ў прэстыжныя ўнівэрсытэты Беларусі, але і Нямеччыны, Індыі, ЗША, Швэцыі.

Гэта прэцэдэнт сапраўднай беларускамоўнай адукацыі. Нарматыўна-прававая база не пасьпявае за разьвіцьцём ліцэйскай адукацыі. Аднак гарвыканкам і ягоны аддзел адукацыі пад увагу гэта пакуль не бяруць. Яны настойваюць на пераводзе ліцэістаў у СШ №1, на арганізацыі там ліцэйскіх клясаў, а ў будучым, магчыма, і поўнакамплектнага агульнагарадзкога ліцэю. Гэта пры ўмове, калі будзе фінансаваньне, дакумэнтацыя, адпаведныя кадры.

Дырэктар ліцэю Тэльман Масьлюкоў паведаміў, што бліжэйшыя два дні заняткі ў ягонай вучэльні будуць весьціся, як звычайна. А з панядзелка ліцэй, відаць, спыніць сваё існаваньне.


XS
SM
MD
LG