Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ДАГЭТУЛЬ НЕ ДАЮЦЬ ПРАЦАВАЦЬ БУДАЎНІКАМ


Ганна Соусь, Менск

Гэта была ўжо трэцяя ноч у Курапатах для сяброў Маладога Фронту. Дарэчы, вельмі халодная. Распавядае Віталь Кошалеў:

(Кошалеў: ) "Кветкі стаяць у вадзе, дык вось — вада замерзла. Сёньня з раніцы будаўнікі сюды нават ня сунуліся. Як вось там будуюць, так і будуюць, яны сюды не пад'яжджалі. Мы перагарадзілі, каб тут ня езьдзілі. Потым зранку прыехалі археолягі, яны дасьледавалі костку, якую знайшлі тут у нядзелю. Падыходзяць увесь час людзі, цікавяцца — цяпер больш чым раней. Цікавасьць большае, мне здаецца".

Віталь Кошалеў упэўнены, што трымацца маладафронтаўцы будуць да апошняга. Яны ўжо рыхтуюць поліэтылен для намётаў на выпадак дажджу.

Мінулую ноч правёў у Курапатах і лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец.

(Севярынец: ) "Зьявіліся зьвесткі, што косткі, якія выкопвалі адсюль і салдаты перазахоўвалі ў 1940–50 гады, знаходзяцца недалёк, літаральна за некалькі соцень мэтраў у лагчыне, яны засыпаныя сьмецьцем. Мы паспрабуем праверыць і гэтую інфармацыю.

Гэты дзень, я мяркую, прысьвецім таму, каб не дапусьціць іх на пагорак з таго боку. Мо дасьледуем магчымыя пахаваньні на тым баку дарогі і ў лагчыне. Яшчэ паставім некалькі крыжоў на пад'ездах, падыходах, каб яны ня здолелі праехаць.

Відавочна, нас хочуць узяць зморам. Думаюць, што тут проста людзі патусуюцца й сыдуць. Так ня будзе. Будзем стаяць, пакуль ня зьменяць гэтую дарогу".

Увесь час у Курапаты прыходзяць сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Сяброўка партыі Вольга Кацянкова набыла крыж на свае грошы. Я размаўляю зь ёй, пакуль маладафронтаўцы выкопваюць яму для крыжа.

(Кацянкова: ) "Безумоўна, людзі, якія стаяць ва ўладзе, і той жа Ярмошын, які ўзначальвае наш урад... Усё ж ён рускі чалавек. Няхай бы ён падумаў, што нашыя адносіны з Расеяй таксама залежаць ад яго палітыкі тут, у Беларусі. Ці зацікаўлены ён нешта зрабіць для беларускага народу, не пасраміць сваю нацыю?"

Вольга Кацянкова зьбіраецца сёньня падаць заяву на пікет каля Савету Міністраў, каб прыцягнуць увагу ўраду да Курапацкай праблемы.

Эвальд Гатоўскі жыве ў суседнім мікрараёне. Сёньня ён прынес у Курапаты невялічкі крыж, зроблены сваімі рукамі.

(Гатоўскі: ) "Сёньня з раніцы пачаў рабіць гэты крыж... Паслухаў "Свабоду" ды нешта за сэрца так узяло... Калі паглядзеў на гэтых хлопцаў, дык у мяне трохі надзея зьявілася, што будзе ў нас будучыня і будзе яна зьвязаная з нашай незалежнасьцю, якую вось такія хлопцы абароняць. Я дабраслаўляю душы гэтых хлопцаў на іх вось такі грамадзкі подзьвіг. Сапраўды ўсё можна зрабіць — зрушыць гэтую шашу, але не трывожыць костак нявінных людзей. На гэтым трэба паставіць крыж на ўсю гісторыю і на будучыню".

Эвальд Гатоўскі падараваў маладафронтаўцам чайнік, на якім яны цяпер грэюць ваду над вогнішчам. Ён прынес ім таксама з дому крыху харчоў. Дарэчы, многія жыхары раёну, чым могуць, дапамагаюць абаронцам Курапатаў.

Калісьці Эвальд Гатоўскі напісаў верш пра Курапаты. Мне падалося, што уравак зь яго прагучыць цяпер вельмі да месца.

(Гатоўскі: ) "Ад ціхіх вуліц пад сталіцу калёна вернікаў прыйшла,
І крыж Хрыста з калючым дротам на камень шэры ўзьняла.
Лес зацямнеў, натоўп зьбірая, і дзеці плакалі... Бяда...
Бяда, калі за краем ямкі глядзіць са сківіцы жуда.
Тут людзі сталі на калені, нібыта чорныя жнівы,
Успамінуўшы ў тыя мгненьні забітых катамі ў цішы.
Зямля ж, здаецца, шапатала:"За што нас, мілыя, браткі?!
За што страляеце, радныя? За што, за што, мае сынкі?.."

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG