Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАРЛЯМЭНЦКАЯ АСАМБЛЕЯ РАДЫ ЭЎРОПЫ ЗАКЛІКАЛА ЎКРАІНУ СТВАРЫЦЬ НОВУЮ СЬЛЕДЧУЮ ГРУПУ Ў СПРАВЕ ГАНГАДЗЭ


Валер Калiноўскi, Страсбург

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы вырашыла сёньня прадоўжыць працэдуру манiторынгу выкананьня Ўкраiнай абавязацельстваў, прынятых ёю пры ўступленьнi ў гэтую арганiзацыю. Такi манiторынг працягваецца ўжо пяць гадоў, але калi сёлета вясною iшла размова i пра магчымасьць прыпыненьня сяброўства Ўкраiны ў РЭ, то цяпер адзначаны iстотны прагрэс у выканьнi Ўкраiнай эўрапейскiх канвэнцыяў i дэмакратызацыi. Але нягледзячы на гэты прагрэс, як канстатавала дакладчыца ў гэтай справе дэпутат з Данii Ханнэ Сэвэрынсен, захоўваюцца iстотныя парушэньнi i праблемы ў галiне юрыдычнай i судовай рэформы, падзелу ўладаў i паўнамоцтваў, выкананьня правоў чалавека i свабоды слова. Пенiтэнцыярная сыстэма Ўкраiны, напрыкдад, дагэтуль не перададзеная ў падпарадкаваньне Мiнiстэрства юстыцыi, хаця гэта было ужо даўно абяцана ўкраiнскiмi ўладамi. Асаблiвую занепакоенасьць эурапейскiх парлямэнтарыяў выклiкае праблема свабоды слова i правоў журналiстаў ва Ўкраiне, запалохваньнi i нават забойствы. За апошнiя 5 гадоў там было забiта 11 журналiстаў, i апошнi такi выпадак адбыўся ў лiпенi гэтага года, калi быў забiты дырэктар прыватнай тэлекампанii «ТОР» Iгар Аляксандраў. Украiнскiя дэпутаты, пацьвярджаючы пэўны прагрэс, прызнавалi iснаванне гэтых нэгатыўных зьяваў i праблемаў у станаўленьнi маладой дэмакратыi.

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы па ранейшаму трымае на кантролi ход расьсьледаваньня самай гучнай справы са зьнiкненьнем i забойствам журналiста Георгiя Гангадзэ. Як зазначалася Ханнэ Сэвэрынсен, сьледзтва па гэтай справе пакуль не дало нiякiх вынiкаў. Асамблея заклiкала ўкраiнскiя ўлады пры неабходнасьцi распачаць новае сьледзтва ў гэтай справе, з прыцягненьнем замежных сьледчых i экспэртаў. Напярэдаднi гэтай сэсii да ПА РЭ зьвярнуўся былы супрацоўнiк дзяржаўнай аховы Ўкраiны маёр Мiкола Мельнiчэнка, якi атрымаў прытулак у ЗША. Ён заявiу, што таксама лiчыць патрэбным стварэньне новай сьледчай камiсii з удзелам як украiнскiх, так i мiжнародных экспэртаў. I сам Мельнiчэнка гатовы стаць перад гэтай групай як сьведка. Гэтую iдэю цалкам падтрымала ўдава Георгiя Гангадзэ Мiраслава, якая адмыслова прыехала ў Страсбург з гэтай нагоды, i выступала перад парлямэтарамi на паседжаньнях палiтычных групаў i камiтэтаў. Сьледзтва па справе знiкненьня i забойства яе мужа сапраўды ў апошнiя месяцы замарожанае, i яна спадзяецца, што такая новая сьледчая група здолее выявiць праўду. I гэта будзе ня толькi данiной справядлiвасьцi, але й засьцеражэ ад падобных трагiчных выпадкаў iншых журналiстаў, i ня толькi ўкраiнскiх, – мяркуе Мiраслава Гангадзэ.


XS
SM
MD
LG