Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКУЮ КАРЫСЬЦЬ КРАІНЫ СЯРЭДНЯЙ АЗІІ АТРЫМАЮЦЬ АД СУПРАЦОЎНІЦТВА З АНТЫТЭРАРЫСТЫЧНАЙ КААЛІЦЫЯЙ?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Да таго, як адбыліся тэрарыстычныя напады на ЗША два тыдні таму, галоўным калектыўным мерапрыемствам суседзяў Афганістану быў вялікі, але безвыніковы форум, дзе разглядалася пытаньне – як спыніць афганскую грамадзянскую вайну. Цяпер на гэтыя краіны, уключна з Пакістанам, Іранам і былымі савецкімі сярэднеазіяцкімі дзяржавамі, націскаюць ЗША і эўрапейскія краіны, каб яны ўзялі ўдзел у антытэрарыстычнай кампаніі, дзе больш высокія стаўкі.

Шэраг экспэртаў лічыць, што яны могуць мець вялікую карысьць, калі пойдуць на супрацоўніцтва ў міжнародным змаганьні пад кіраўніцтвам Вашынгтону. Але пакуль што не зусім зразумела, як гэтае супрацоўніцтва мае выглядаць.

Ніколас Плят – прэзыдэнт Азіяцкага Згуртаваньня, былы амбасадар ЗША ў Пакістане – на круглым стале, арганізаваным Эўразійскай групай у Нью-Ёрку, адзначыў, што Пакістан вельмі хутка стаў ключавой краінай на першым этапе амэрыканскіх дыпляматычных захадаў.

Плят сьцьвярджае, што шэраг палітычных і эканамічных захадаў, абвешчаных Вашынгтонам, сталі першымі сапраўднымі сыгналамі да падтрымкі прэзыдэнта Пакістану Пэрвэза Мушарафа. Паводле Плята, нягледзячы на шэраг антыамэрыканскіх дэманстрацыяў, Мушараф зараз мае падтрымку бальшыні пакістанцаў.

Блізкі Афганістану геаграфічна і этнічна, Пакістан разглядаецца як краіна, што можа мець найлепшую выведную інфармацыю пра месцазнаходжаньне Усамы бін Ладэна.

Мушараф мінулым тыднем абвесьціў пра рэзкую зьмену палітыкі – уключна з ваенным супрацоўніцтвам са Злучанымі Штатамі – дапамагаць у паходзе на тэрарыстычныя базы ў Афганістане. Усьлед за ягонымі заявамі, ЗША зрабілі крокі ў бок спыненьня санкцыяў супраць Пакістану, што былі ўведзеныя ў адказ на праграмы стварэньня ядравай зброі, а таксама на палягчэньне атрыманьня Пакістанам пазыкаў ад Міжнароднага валютнага Фонду.

Сытуацыя з заходнім суседам Афганістану, Іранам, ёсьць зусім іншая. Злучаныя Штаты ня маюць зь Іранам дыпляматычныз стасункаў і па-ранейшаму на афіцыйным узроўні разглядаюць яго як фундатара тэрарызму, прычына чаго – падтрымка Іранам групоўкі ХАЗБАЛА ў паўдзённым Лібане.

Брытанска-іранскія кантакты на вышэйшым узроўні на гэтым тыдні разглядаюцца як адзін з крокаў на шляху пераадоленьня некаторых несупадзеньняў ў поглядах на тэрарызам ЗША і Ірану. Але ўчорашняя заява вышэйшага духоўнага лідэра Ірану Аяталы Хамэнэі, так выглядае, разьвеяла ілюзіі адносна зьмякчэньня пазыцыі Тэгэрану. Хамэнэі назваў амэрыканскі падыход да барацьбы з тэрарызмам “пыхлівым і імпэрыялістычным”.

Аднак асобныя экспэрты ўсё ж бачаць магчымасьць супрацоўніцтва і з Іранам. Так, Жандамэніка Піччо, дыплямат Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, лічыць, што афіцыйны Іран мае магчымасьці цяпер разгледзець некаторыя агульныя інтарэсы з Вашынгтонам – такія, як апазыцыя Талібану, стабільнасьць нафтавага рынку і паляпшэньне стасункаў з Саудаўскай Арабіяй.

З гледзішча аанаўскага дыплямата, гэта залатая магчымасьць для такой краіны, як Іран, запрапанаваць супрацоўніцтва перадусім на інфармацыйным ці, лепш сказаць, на выведным узроўні. Піччо сустракаўся з лідэраму іранскага ўраду на пачатку гэтага месяца і сьцьвярджае, што Тэгэран усьведамляе неабходнасьць эканамічных рэформаў і разумее, якую ролю тут могуць адыграць Злучаныя Штаты.

Для паўночных суседзяў Афганістану – Туркмэніі, Узбэкістану і Таджыкістану – вельмі істотным ёсьць іхны разьлік на шырокую дапамогу Злучаных Штатаў ў іхных уласных антытэрарыстычных кампаніях, у барацьбе з наркабізнэсам, бясьпецы межаў і дапамозе разьвязаньню праблемы ўцекачоў. Так лічыць кіраўнік эўразійскага праекту Інстытуту Адкрытага грамадзтва Энтані Рыхтэр. Ён, як і іншыя экспэрты, перакананы, што ЗША зьменшаць сваю заклапочанасьць злоўжываньнямі ў галіне правоў чалавека, калі гэтыя краіны працягнуць руку дапамогі ў барацьбе з тэрарызмам.

Зазіраючы ў больш далёкую пэрспэктыву, Рыхтэр зьвязвае удзел сярэдняазіяцкіх краінаў зь некаторым пераглядам дамовы пра стабільнасьць. Ён лічыць, што пэўная зьмена рэгіянальнай міждзяржаўнай структуры, падтрыманая Захадам, можа гарантаваць разьвіцьцё і адкрытасьць у рэгіёне, каб быць пэўнымі, што ён ня стане крыніцай тэрарызму ў будучыні.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG