Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЮДЗІ ЛІЧАЦЬ, ШТО ЎЛАДЫ ПАВІННЫ НЯ ДАЦЬ РАЗБУРЫЦЬ КУРАПАЦКІЯ МАГІЛЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пераважная большасьць апытаных сёньня людзей рознага веку й заняткаў нічога ня чулі пра канфлікт вакол Курапатаў, зьвязаны з пашырэньнем Менскай кальцавой дарогі. Даводзілася тлумачыць, што ў выніку распачатых у раёне ўрочышча дарожна-будаўнічых работ могуць зьнішчыць магілы расстраляных 60 гадоў таму людзей. І вось якая была рэакцыя мінакоў:

(Дзяўчына: ) "Я думаю, што гэтага ня варта рабіць, бо да памяці трэба ставіцца з павагай. Відаць, трэба перанесьці гэтую дарогу ў іншае месца, каб яна не праходзіла праз магілы".

А вось што сказаў малады хлопец:

(Хлопец: ) "Я думаю, што нельга нішчыць магілы — альбо правесьці раскопкі, і гэтых людзей пахаваць у іншым месцы. Гэта сьвятое месца, тое што зрабілі ўжо, — дрэнна, трэба рабіць інакш, у іншым выпадку перапахаваць".

Пажылая жанчына лічыць, што ў канфлікт вакол Курапатаў павінны ўмяшацца ўлады:

(Пажылая спадарыня: ) "Магілы нельга нішчыць, гэта сымбалі нашы, гэта карані нашыя".

(Карэспандэнт: ) "Што павінны зрабіць улады, каб не краналі магілаў?"

(Пажылая спадарыня: ) "Гэта павінен паклапаціцца Лукашэнка, таму што іншага выйсьця няма. Што "бацька" рашыць. Мы ня ў сілах. Людзі, ведаеце, так — як начальства вырашыць зьверху. А шараговы чалавек ніколі не рашае такіх праблемаў".

(Карэспандэнт: ) "Вы лічыце, што магілы мусяць застацца некранутыя?"

(Пажылая спадарыня: ) "Нельга. Ні ў якім выпадку нельга, нідзе нельга. Таму што гэта наша памяць. Мы памрэм, нас таксама будуць варушыць. Нельга".

Гэтая жанчына лічыць, што ў Курапатах павінен паўстаць мэмарыял. Такую думку падзяляюць многія апытаныя.

Гаворыць студэнтка Белдзяржунівэрсытэту:

(Студэнтка: ) "Магілы — гэта наша сьвятое, і мы павінны іх зьберагчы. Я ня ведаю, як да гэтага ставяцца так лёгка — усё зраўнаць, згубіць. Мы павінны зрабіць так, каб яны захаваліся, каб гэта была памяць для нашых нашчадкаў. Магчыма, нейкі мэмарыяльны знак, які б нагадваў тым, хто будзе жыць пасьля нас, пра ахвяры, пра якія павінны памятаць".

Спадар сярэдніх гадоў лічыць, што ўсе будаўнічыя работы ў Курапатах трэба неадкладна спыніць:

(Спадар: ) "Проста павінны забараніць там будаўніцтва. Перагледзець праект, гэта ўсё рэальна. У наш час разьвітая тэхналёгія будаўніцтва. Усё залежыць ад уладаў, як яны захочуць — так і зробяць. Калі яны зробяць кальцавую дарогу на гэтым месцы, ня ведаю... Мне здаецца, што міне час, і іх пракляне народ за тое, што яны нарабілі".

Іншую думку выказаў толькі адзін чалавек:

(Іншы спадар: ) "Ведаеш, мне ў прынцыпе ўсё роўна. Калі вырашылі добраўпарадкаваць, значыць, трэба. А што стаяць на месцы?"

(Карэспандэнт: ) "І ня важна, што гэта будзе на касьцях?"

(Спадар: ) "Мне бяз розьніцы. Усё нашае жыцьцё пабудаванае на касьцях, і нічога ня зробіш".

Іншыя ж апытаныя людзі (прыкладна 15 чалавек) заявілі, што разбурэньне магілаў — барбарства, якое трэба неадкладна спыніць.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG