Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТВОРАНЫ ГРАМАДЗКІ АРГКАМІТЭТ ДЗЕЛЯ ЗАХАВАНЬНЯ КУРАПАТАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У сёньняшнім паседжаньні аргкамітэту бралі ўдзел лідэры БНФ, Маладога Фронту, Маладой грамады, Мартыралёгу Беларусі, Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі ды іншых арганізацыяў.

Не прыйшлі прадстаўнікі многіх апазыцыйных партыяў і арганізацыяў, хаця іх запрашалі.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец распавёў пра тое, што цяпер адбываецца ў Курапатах. Паводле ягоных словаў, дзякуючы намаганьням маладафронтаўцаў, якія ўжо некалькі дзён стала знаходзяцца ў Курапатах, будаўнічыя работы ва ўрочышчы цалкам спынілі. Лідэр Маладога Фронту заявіў, што моладзь будзе знаходзіцца ў Курапатах да таго часу, пакуль ня пастановяць будаваць дарогу ў абыход месцаў масавых пахаваньняў.

Маладыя апазыцыянэры заклікалі сяброў аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы неадкладна накіраваць у Савет Міністраў ды іншыя дзяржаўныя ўстановы лісты з патрабаваньнем перагледзець праект будаўніцтва кальцавой дарогі.

Прадстаўніца Інстытуту гісторыі АН Валянціна Вяргей і кіраўніца "Мартыралёгу Беларусі" Мая Кляшторная сказалі, што, на жаль, перагледзець праект будаўніцтва дарогі немагчыма, аднак неўзабаве паміж адміністрацыяй Інстытуту гісторыі й праектнага інстытуту "Белгіпрадор" заключаць адмысловае пагадненьне.

Праектны інстытут і будаўнікі абавязуюцца неадкладна спыніць работы, калі закрануць хаця б адно пахаваньне, а таксама добраўпарадкаваць тэрыторыю Курапатаў. Пасьля гэтага разгарэлася гарачая дыскусія.

Гаворыць прадстаўніца Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Ірына Жыхар:

(Жыхар: ) "Будзе падпісаная дамова паміж Інстытутам гісторыі й "Белгіпрадорам". Калі будзе знойдзеная хоць адна костка, спыняецца ўся праца і пачынаюць працаваць археолягі. І ў нас, калі гэтая дамова будзе заўтра падпісаная, зьяўляецца час".

Многія сябры аргкамітэту казалі, што цяпер праз ультыматумы нічога не дасягнеш — трэба лічыцца з рэаліямі.

А вось меркаваньне Паўла Севярынца:

(Севярынец: ) "Пытаньне ў паставе. Ці мы змагаемся за Курапаты, вядзем духовае змаганьне, ці мы спрабуем нешта выгадаць у існуючага рэжыму. Я не кажу, што адна пазыцыя кепская, а другая добрая, я лічу, што перамогі можна дасягнуць толькі тады, калі прынцыпова настойваць на сваім".

У выніку спрэчак дасягнулі кампрамісу. У сваім звароце аргкамітэт патрабуе ад уладаў неадкладна спыніць усе будаўнічыя работы ў раёне Курапатаў, правесьці там археалягічныя дасьледаваньні, а таксама дасьледаваць усе дакумэнты праекту дарогі — каб пераканацца, што магілы ахвяраў рэпрэсіяў ня будуць закранутыя.

Аргкамітэт таксама прыняў зварот да партыяў і арганізацыяў з заклікам далучацца да грамадзянскай ініцятывы ў справе захаваньня Курапатаў.

А актывісты Маладога Фронту пасьля паседжаньня накіраваліся на дзяжурства ў Курапаты, дзе сёньня ноччу яны запаляць зьнічы ўздоўж дарогі ўсяго ўрочышча.


XS
SM
MD
LG