Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД НАД ГАЗЭТАЙ "ПАГОНЯ" ПЕРАНЕСЬЛІ НА 5 КАСТРЫЧНІКА


Ягор Маёрчык, Менск

Адразу на пачатку паседжаньня прадстаўніца Міністэрства інфармацыі Лілія Багдан адклікала пазоў сваёй установы да "Пагоні". Аднак намесьнік пракурора Гарадзенскай вобласьці Аўген Труцько заявіў карэспандэнту Радыё Свабода: малаверагодна, што ягонае ведамства зробіць тое самае.

За апошнія месяцы некалькі нумароў "Пагоні" былі арыштаваныя, а рэдакцыйныя кампутары — сканфіскаваныя. Усё гэта, паводле галоўнага рэдактара выданьня Міколы Маркевіча, гаворыць пра тое, што людзі, якія знаходзяцца пры ўладзе, вырашылі закрыць тыднёвік:

(Маркевіч: ) "Гэта нейкая абмежаванасьць гэтых людзей. Яны, відаць, думаюць, што беларус павінен надойваць тоны малака і даваць бульбу, мяса. І нічога не разумеюць у такіх справах як свабода слова, у такіх зьявах як культура. "Пагоня" — гэта частка беларускай культуры. І людзі, якія займаюцца зьнішчэньнем "Пагоні", — гэта герастраты. Такія дробненькія герастраты".

У цяперашняй сытуацыі, перакананы спадар Маркевіч, пракуратура — гэта толькі выканаўца загадаў зьверху:

(Маркевіч: ) "Пракуратура, нягледзячы на закон, вырашыла выканаць палітычную замову. Справа па закрыцьцю "Пагоні" высмактаная з пракурорскага пальца. Пры ўмове, калі судзьдзя выканае ўсе нормы закону, закрыцьця "Пагоні" не адбудзецца ні пры якіх абставінах. Падставаў законных для гэтага няма".

Гарадзенская абласная пракуратура хоча закрыць "Пагоню" за тое, што газэта нібыта неаднаразова парушала заканадаўства і ўжо мае тры афіцыйныя папярэджаньні (апошняе далі 5 дзён таму).

Мікола Маркевіч і кіраўнік Цэнтру юрыдычнай дапамогі пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхал Пастухоў заяўляюць, што дзеяньні пракуратуры незаконныя, а працэс закрыцьця газэты распачалі зарана, бо папярэджаньняў насамрэч толькі два. Трэцяе, пазначанае 22 верасьня, пачне дзейнічаць празь месяц. І толькі ў тым разе, калі рэдакцыя тыднёвіка "Пагоня" не абскардзіць яго.

XS
SM
MD
LG