Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ БУДЗЕ 24 МІНІСТЭРСТВЫ Й 4 КАМІТЭТЫ З ГЭТКІМ ЖА СТАТУСАМ


Юры Сьвірко, Менск

Пасьля рэформы ўрадавае структуры ў Беларусі будзе 24 міністэрствы, а таксама 4 дзяржаўныя камітэты зь міністэрскім статусам — адзіны на плянэце КГБ, які зноў не зьмяніў сваёй савецкай назвы, і дзяржаўныя камітэты памежных войскаў, мытны ды авіяцыі.

Паводле апублікаванага сёньня ўказу, усіх намесьнікаў міністраў цяпер будзе прызначаць ня сам Лукашэнка, а Савет Міністраў — вядома, пасьля ўзгадненьня з кіраўніком дзяржавы.

Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці на чале зь Віктарам Кучынскім перайшоў у кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, якое па-за межамі ўраду. Былы дзяржаўны падатковы камітэт пераўтвораны ў Міністэрства падаткаў і збораў, Дзяржкамдрук зрабіўся Міністэрствам інфармацыі, а вось Міністэрства лясное гаспадаркі панізілі ў статусе да аднайменнага камітэту пры Саўміне.

Панізілі ў статусе таксама рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандра Казуліна, які раней меў ранг міністра ды ўваходзіў у склад Саўміну. Цяпер жа БДУ падпарадкаваны Міністэрству адукацыі, якое да таго ж будзе праводзіць дзяржаўную моладзевую палітыку замест скасаванага Дзяржкамітэту ў справах моладзі.

Усе гэтыя зьмены ва ўрадавай структуры былы міністар працы ў першым Лукашэнкавым Кабінэце міністраў Аляксандар Сасноў камэнтуе гэтак:

(Сасноў: ) "Зьмены, якія можна рабіць кожны дзень. Хоць яно можа нешта там палепшыць, а нешта там зробіць дрэнна. Напрыклад, аб'яднаньне Міністэрства працы й Міністэрства сацыяльнай абароны ўжо было. Калісьці быў Дзяржаўны камітэт працы й сацыяльнай абароны — ну й што? Галоўнае ж ня ў тым, як выконваць нейкія загады, а справа ў тым, якія будуць гэтыя загады".

Скасаванае Міністэрства прадпрымальніцтва й інвэстыцыяў і раней жартам называлі "Міністэрствам дзьвюх рэчаў, якіх няма ў Беларусі". Аднак яно выконвала яшчэ й функцыі антыманапольнага ведамства, абараняла правы спажыўцоў. Цяпер спажыўцоў будзе абараняць Міністэрства гандлю на чале з экс-кіраўніком Магілёўскай вобласьці Аляксандрам Кулічковым.

Змагацца ж з манаполіямі ды прыцягваць інвэстыцыі, кіраваць прыватызацыяй і дзяржаўнай маёмасьцю, падтрымліваць малы бізнэс даручана Міністэрству эканомікі, дзе будуць створаныя новыя адпаведныя дэпартамэнты.

Але экс-міністар працы Аляксандар Сасноў кажа:

(Сасноў: ) "Міністэрства прадпрымальніцтва — гэта маразм лукашэнкаўскі, які ніколі й ня трэба было ўводзіць наогул. Што тычыцца Міністэрства маёмасьці — гэта такі цікавы, між іншым, знак.

Лукашэнка раней багата казаў наконт таго, што дзяржаўную маёмасьць ён ня будзе ва ўласныя рукі даваць нейкія там. А вось зараз ён стаў перад такой справай, што прыйдзецца гэта рабіць.

Расейскія магнаты, алігархі будуць патрабаваць тую частку, якую ён павінны ім. Яму прыйдзецца нечым разьлічвацца. Чым разьлічвацца? Маёмасьцю дзяржаўнай. Таму й ніякіх міністэрстваў ня трэба мець, каб не было бачна, што робіш", — гэтак спадар Сасноў пракамэнтаваў надрукаваны сёньня ўказ Аляксандра Лукашэнкі пра зьмены структуры ўраду.

Займацца рэлігіямі й нацыянальнасьцямі цяпер будзе новы аддзел апарату Саўміну. Праўда, далей у Лукашэнкавым указе сьцьвярджаецца, што гэты апарат "не надзелены ўладнымі паўнамоцтвамі і правам прымаць рашэньні".

Аляксандар Лукашэнка сваім указам загадаў скараціць колькасьць чыноўнікаў "рэспубліканскіх органаў" ня менш як на 10% ды скараціць дакумэнтаабарот ня менш як удвая, а таксама абмежаваць двума днямі на месяц удзел кіраўнікоў дзяржаўных органаў у плянавых паседжаньнях і нарадах, "калі іншае не прадугледжанае Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь".

Як жартуюць у Саўміне, сэлектарныя нарады гэты ўказ не закранае. Яшчэ ва ўрадзе кажуць, што кожны 10-ы чыноўнік нікуды не падзенецца — ёсьць пэрспэктыва пашырэньня апарату гэтак званае саюзнае дзяржавы, якой Лукашэнкаў указ не датычыць.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG