Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕЖНЫЯ ІНВЭСТАРЫ ПАКІДАЮЦЬ БЕЛАРУСЬ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Сумеснае прадпрыемства ўзьнікла пры шклозаводзе "Кастрычніцкі", што месьціцца ў гарадзкім пасёлку Ялізава Асіповіцкага раёну. Тры гады кіраўніцтва прадпрыемства рэканструявала прамысловыя памяшканьні, ставіла абсталяваньне. Канадцы ацэньваюць свае выдаткі на сем з паловай мільёнаў амэрыканскіх даляраў.

Ужо сёлета сумеснае прадпрыемства зьбіралася выпускаць прадукцыю. Справа была за малым — завезьці з замежжа новае сэкцыйнае абсталяваньне коштам 10 мільёнаў амэрыканскіх даляраў і распачаць працу. Аднак, калі на мяжы запатрабавалі мытныя пошліны на 6 мільёнаў даляраў, уладальнікі канадзкай фірмы зьмянілі свае намеры і адмовіліся ўкладваць дадатковыя інвэстыцыі.

Гэта не адзіная прычына ўцёкаў замежных інвэстараў з Магілёўшчыны. Дырэктар сумеснага прадпрыемства Ежы Якімовіч спрабаваў знайсьці яшчэ аднаго заснавальніка зь ліку бізнэсоўцаў Заходняй Эўропы, аднак ніхто зь іх такога жаданьня ня выявіў. Усе яны пабаяліся ўкладваць свае грошы ў эканоміку Беларусі. Не знайшлося адпаведных сродкаў і зь беларускага боку.

Намесьнік старшыні аблвыканкаму Аляксандар Селязьнёў, які наведаў Ялізава, заявіў, што без інвэстыцыяў сумеснае прадпрыемства чакае банкруцтва. Аднак уладальнікі фірмы "Кансьюмэрз" не зьбіраюцца везьці ў Беларусь абсталяваньне, увоз якога каштуе больш як палову ягонага кошту. Яны выйшлі з складу заснавальнікаў шклозаводу "Ялізава" і прапануюць купіць іхныя акцыі ў прадпрыемстве за сем з паловай мільёнаў амэрыканскіх даляраў.

Як паведамляюць супрацоўнікі прадпрыемства, гэтыя акцыі прапанавалі купіць вядомаму беларускаму прадпрымальніку, дэпутату "палаты прадстаўнікоў" Аляксею Ваганаву.

Дарэчы, ягоная фірма "Лада-ОМС" уваходзіць у склад заснавальнікаў гэтага сумеснага прадпрыемства. Іншае пытаньне, ці знойдуцца ў яго альбо каго іншага неабходныя грошы. Калі не — прадпрыемства чакае банкруцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG