Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ ЖУРНАЛІСТАЎ БТ, НАЗВАЦЬ ЧЫГІРА “ЗЛОДЗЕЕМ” – ЗРАБІЦЬ ЯМУ РЭКЛЯМУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На працэсе па пазове сям'і Чыгіроў да Беларускага тэлебачаньня і ягоных супрацоўнікаў сёньня суд слухаў адказчыкаў. Супрацоўнікі тэлебачаньня мусілі былі падаць доказы таго, што яны казалі пра экс-прэм'ера Чыгіра, ягоных сыноў і жонку.

Нагадаю, пасьля арышту ў лютым сына Чыгіра Аляксандра журналісты БТ толькі за адзін тыдзень вярталіся да гэтай падзеі некалькі разоў і ў паведамленьнях выкарыстоўвалі такія словы як "злодзей", "злодзейская сямейка", "дрэнная спадчыннасьць" ды іншыя выказваньні, якія парушаюць прэзумпцыю невінаватасьці. Чыгіры ўспрынялі гэтыя заявы як зьнявагу і паклёп.

Якімі ж доказамі скандальных зьвестак пра Чыгіроў валодае БТ? Прадстаўнік Белтэлерадыёкампаніі юрыст Іваноў, як і былы галоўны рэдактар Мартынаў, журналісты Косьцін і Пракопаў, гэтак і ня здолелі даць суду пэўных дакумэнтаў. Яны перадалі судзьдзю толькі копію прэсавага рэлізу Міністэрства ўнутраных справаў, у якім паведамлялася, што падчас гандлю крадзенымі запчасткамі затрымалі Аляксандра Чыгіра.

Чаму на гэтай падставе Чыгіра-малодшага да суду назвалі злодзеем, ніхто патлумачыць ня здолеў. Адказваючы на пытаньні судзьдзі, супрацоўнікі БТ зьдзіўлялі прысутных некаторымі сваімі тлумачэньнямі.

Уладзімер Мартынаў, паведаміў, што ён займаецца толькі адміністрацыйна-тэхнічнай працай і да зьместу паведамленьняў праграмы навінаў "Панарама" ня мае дачыненьня. Нагадаю, Мартынаў яшчэ нядаўна быў галоўным рэдактарам агенцыі навінаў Белтэлерадыёкампаніі.

Тэлевядучы гэтай праграмы Дзьмітры Косьцін засьведчыў сваю перакананасьць у тым, што слова, сказанае па БТ, проста ня можа быць шкодным.

(Косьцін: ) "Паколькі, калі гаварыць ад мяне, нават адмоўная інфармацыя зьяўляецца рэклямай, а рэкляма на тэлебачаньні аплачваецца", — лічыць вядучы "Панарамы" Дзьмітры Косьцін.

А журналіст Юры Пракопаў засьведчыў адданасьць свайму працадаўцу. Ён пагадзіўся, што пэўныя зьвесткі пра Чыгіроў былі "недакладныя", але ж БТ лічыла іх праўдай.

(Пракопаў: ) "Белтэлерадыёкампанія, відаць, ня лічыць гэта хлусьнёй, і я як ейны супрацоўнік абавязаны быў гэта агучыць", — заявіў Пракопаў.

Няма доказаў і іншых заяваў супрацоўнікаў БТ адносна Чыгіроў — пра старэйшага сына Аляксея, пра колькасьць аўтамабіляў у сям'і Чыгіроў і нават зьвестак, быццам адзін пацярпелы пазнаў сярод скрадзеных свае запчасткі. Нагадаю, гэтыя кадры шмат разоў паказвалі па БТ пасьля арышту Аляксандра Чыгіра, але зараз высьвятляецца, што той чалавек нават не фігуруе ў крымінальнай справе.

Вось як пракамэнтаваў вынікі сёньняшняга паседжаньня экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір:

(Чыгір: ) " Першае, што зрабілі прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі — здалі Новікава. Заявілі, што Новікаў ёсьць аўтарам асабістай праграмы, вось хай і адказвае за недакладнасьці ў сваёй праграме. Але я думаю, што адказваць павінна таксама і Белтэлерадыёкампанія, для якой ён працаваў.

Што да журналістаў Пракопава, Косьціна і Мартынава, то яны занялі наступную пазыцыю. Маўляў, мы гэта не рыхтавалі, рашэньне прымала нейкае кіраўніцтва, а хто, мы ня маем права казаць, гэта быццам бы нейкая тайна, якую нельга раскрыць. Мяркую, гэта проста спроба пазьбегнуць адказнасьці. Калі суд будзе справядлівы, ён прыме рашэньне ў адпаведнасьці з законам".

Судзьдзя Аніскевіч не выключае, што заўтра ў гэтай справе будзе пастаўленая кропка. Ва ўсялякім разе ён папярэдзіў прадстаўнікоў БТ, што ў іх ёсьць яшчэ толькі адзін дзень на збор дадатковых доказаў.

Што ж да Яўгена Новікава, то рашэньне пра тое, вінаваты ён ці не, будуць прымаць асобна. Калі гэта будзе — невядома, бо пакуль ніхто нават ня можа адказаць на пытаньне, куды зьнік вядомы, так бы мовіць, змагар за правы чалавека ў сьвеце Яўген Новікаў.

XS
SM
MD
LG