Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРОПА ХОЧА СПРЫЯЦЬ ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Стразбург

У распаўсюджаным сёньня дакумэнце камітэту міністраў Рады Эўропы “Сытуацыя ў Беларусі” выказваецца супольная пазыцыя прадстаўнікоў урадаў краінаў Рады Эўропы. Дакумэнт прыняты на апошнім паседжаньні камітэту.

Камітэт міністраў, у адрозьненьне ад некаторых парлямэнтароў, у прыватнасьці, дакладчыка пра выбары ў Беларусі Стэфана Горыса, гаворыць аб сваёй падтрымцы кансалідаваных дзеяньняў парлямэнцкай тройкі для спрыяньня дэмакратызацыі Беларусі.

Камітэт міністраў гатовы дапамагаць гэтаму працэсу выключна ў сьвятле высноваў, зробленых міжнароднай камісіяй назіраньня за выбарамі 9-га верасьня ў Беларусі і вядомых 4-х крытэрыяў, усталяваных парлямэнцкай тройкай.

Камітэт міністраў Рады Эўропы па-ранейшаму разглядае Беларусь у якасьці кандыдата на ўступленьне ў Раду Эўропы, але настойвае на строгім выкананьні статутных умоваў дзеля гэтага патэнцыйнага сяброўства.

Беларускім ўладам трэба зрабіць крокі, якія дазволяць Асамблеі аднавіць статус адмыслова запрошанага, - сьцьвярджаецца ў дакумэнце камітэту міністраў Рады Эўропы.

Прыярытэтам у сваім супрацоўніцтве зь Беларусьсю Рада Эўропы бачыць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, спрыяньне канструктыўнаму дыялёгу ў беларускім грамадзтве і паміж уладамі краіны і міжнароднай супольнасьцю.

Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які цяпер у Стразбургу, так пракамэнтаваў дакумэнт:

(Лябедзька: ) “Спадарожнікам працы Парлямэнцкіх асамблеяў зьяўляецца даволі вялікая колькасьць эмоцыяў. Што тычыцца структураў выканаўчай улады, дакумэнты, якія выходзяць адтуль, яны вельмі дакладныя, рацыянальныя, практычна адсутнічаюць там эмацыйныя падыходы, суб’ектыўныя падыходы тых ці іншых групаў”.

(Каліноўскі: ) “Як, на Ваш погляд, будуць разьвівацца адносіны Рады Эўропы і Беларусі ў сьвятле рэкамэндацыяў і прыярытэтаў, выказаных камітэтам міністраў?”

(Лябедзька: ) “Камітэт міністраў перакінуў мяч на пляцоўку беларускіх уладаў. Пасьля гэтага трэба рабіць канкрэтныя крокі ў фармаце 4-х умоваў: трэба даваць апазыцыі доступ да дзяржаўных СМІ, што лёгка фіксуецца і кантралюецца. Патрэбна выпускаць з турмы палітычных вязьняў, спыніць крымінальныя справы, распачатыя пасьля таго, як ужо завершаная перадвыбарчая кампанія, неабходна вярнуцца да прынцыпу падзелу ўладаў, даць рэальныя паўнамоцтвы парлямэнту, каб ён быў такім, а не зьяўляўся структурай адміністрацыі Лукашэнкі. Вось пасьля гэтага можа разглядацца заяўка Беларусі на ўступленьне ў Раду Эўропы”.

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі сёньня мелі магчымасьць выступіць на паседжаньнях адразу трох асноўных фракцыяў ПА Рады Эўропы. Алена Скрыган на паседжаньні фракцыі “левых”, Анатоль Лябедзька ў “народнікаў”, а Яраслаў Раманчук у фракцыі кансэрватараў. Яны распавядалі пра парушэньні пад час прэзыдэнцкіх выбараў.

(Скрыган: ) “Я сказала пра тое, што мы згодныя з ацэнкай прэзыдэнцкіх выбараў, якую выказала Парлямэнцкая Асамблея. Тое, што яны не адпавядалі міжнародным стандартам. Я сказала, што, нягледзячы на тое, што мы не прызнаем вынікаў гэтых выбараў, мы выступаем за дыялёг. Дыялёг павінен быць у нашым грамадзтве, дыялёг з міжнароднымі структурамі, у першую чаргу з эўрапейскімі”.
XS
SM
MD
LG