Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВІКТАР ДЗЯТЛІКОВІЧ: У АЎГАНІСТАНЕ ВАЛЯЕЦЦА ШМАТ САВЕЦКАЙ ВАЕННАЙ ТЭХНІКІ – НАПАМІН ПРА ВЫНІКІ ЎМЯШАНЬНЯ ЗАМЕЖНЫХ ДЗЯРЖАВАЎ


Гутарыла Алена Ціхановіч

(Дзятліковіч: ) “Зараз я знаходжуся ў Паўночным Аўганістане, на тэрыторыі, якую кантралюе Паўночны Альянс, у горадзе Джабул Сарач, - гэта 50 кілямэтраў ад Кабулу і 10 кілямэтраў ад лініі фронту. Два дні запар мы езьдзім на лінію фронту, і салдаты, якія стаяць на пазыцыях Паўночнага Альянсу расказваюць, што пакуль што ніякіх актыўных вайсковых дзеяньняў не вядзецца. Мы самі былі сьведкамі гэтага. Проста час ад часу той ці іншы бок, калі заўважае нейкія перасоўваньні на пазыцыях ворага, адкрывае агонь з аўтаматаў, кулямётаў ці мінамётаў”.

(Карэспандэнт: ) “Віктар, ты гаворыш пра ўнутранае змаганьне, грамадзянскую вайну ў Аўганістане. Скажы, ці ёсьць такія чаканьні, што будзе адплата Амэрыкі, пра што гаворыць увесь сьвет”.

(Дзятліковіч: ) “У Аўганістане ўсе падзеі ў Амэрыцы разглядаюцца так, як гэта можа паўплываць на разьвіцьцё вайны ў самім Аўганістане. Апошнія два гады сытуацыю тут была ў пэўнай раўнавазе, а талібы захапілі 90 адсоткаў тэрыторыі, Паўночны Альянс кантраляваў 10 адсоткаў, ні ў таго, ні ў іншага боку не ставал моцы, каб завяршыць вайну на сваю карысьць. Зараз Паўночны Альянс плянуе скарыстаць абставіны, каб пачаць наступ на талібаў. Яны разьлічваюць на тое, што ЗША нанясуць моцныя ўдары па пазыцыях талібаў, талібы будуць у паніцы, што дазволіць распачаць вялікі наступ і вызваліць захопленыя талібамі тэрыторыі. Кіраўніцтва Паўночнага Альянсу гаворыць, што фактычна вялікі наступ, які плянуецца, прымеркаваны да акцыяў ЗША ці міжнароднай супольнасьці. Я хачу заўважыць, што тут, у Паўночным Аўганістане ня ўсе добра ставяцца да таго, што ЗША самі зьбіраюцца наносіць удар. Тут кажуць, што лепш, каб гэта была міжнародная акцыя, каб у ёй удзельнічала нават Расея і эўрапейскія саюзьнікі ЗША. Тут лічаць, што, калі гаворка йдзе пра змаганьне зь міжнародным тэразызмам, дык гэта мусяць быць і міжнародныя сілы. Яны баяцца таго, што ЗША, правёўшы вайсковую акцыю на тэрыторыі Аўганістану, потым захочуць усталяваць тут уладу нейкіх праамэрыканскіх палітыкаў”.

(Карэспандэнт: ) “Віктар, як перадаюць заходнія карэспандэнты, у самім Аўганістане людзі маюць вельмі малы доступ да інфармацыі. Там фактычна няма газэтаў, забаронена глядзець тэлебачаньне. Тыя кадры, якія бачыў увесь сьвет, бачылі ў Аўганістане? Наагул, ці бачылі, што адбылося ў Амэрыцы?”

(Дзятліковіч: ) “Пра маштабы трагедыі ведаюць людзі, якія жывуць на тэрыторыях, кантраляваных Паўночным Альянсам – законным урадам краіны. Аднак, гэта толькі 10 працэнтаў тэрыторыяў. Як Вы правільна сказалі, талібы забаранілі на сваёй тэрыторыі глядзець тэлевізію, слухаць радыё. Былі выпадкі, калі, захопліваючы нейкі горад, талібы нават забівалі ўладальнікаў тых крамаў, якія гандлююць тэлевізарамі, радыёпрымачамі. Экспэрты адзначаюць, што большасьць насельніцтва Аўганістану ня ведае маштабаў трагедыі, што адбылася ў Амэрыцы. Гэтым могуць скарыстацца талібы і сказаць: у Амэрыцы ўзарваліся 2 дамы, і раптам амэрыканцы пачалі бамбіць усю нашую краіну. Насельнікі Аўганістану могуць ацаніць акцыю ЗША як неадэкватную рэакцыю на падзеі ў Ню-Ёрку і Вашынгтоне. І тады талібы заваююць большыя сымпатыі”.

(Карэспандэнт: ) “Паведамлялася пра вялікую хвалю ўцекачоў. Ты бачыш іх на дарогах?”

(Дзятліковіч: ) “Безумоўна, мы бачым уцекачоў, якія імкнуцца пранікнуць на тэрыторыі, кантраляваныя Паўночным Альянсам. Большасьць людзей намагаюцца зьехаць з Аўганістану празь мяжу з Пакістанам. Праблема ў тым, што, калі імкнуцца на тэрыторыі Паўночнага Альянсу, дык трэба пераходзіць лінію фронту, а гэта – небясьпечна. Людзі пакуль лічаць за лепшае бегчы ў Пакістан”.

(Карэспандэнт: ) “Віктар, ты ўзгадваў, што табе ўдалося пагаварыць зь некаторымі байцамі Паўночнага Альянсу. На якой мове яны гавораць?”

(Дзятліковіч: ) “Большасьць не гаворыць ні на якай замежнай мове, апроч роднай. Большасьць байцоў Паўночнага Альянсу – гэта простыя людзі, большасьць, хутчэй за ўсё, непісьменныя. Але кіраўнікі могуць размаўляць па-ангельску”.

(Карэспандэнт: ) “Яшчэ побытавыя пытаньні. Віктар, як выглядае Аўганістан, якога ўзору зброя ў байцоў, якога ўзору машыны? Ці лёгка там купіць ежу, бэнзін і гэтак далей…”

(Дзятліковіч: ) “Для чалавека, які едзе на вайну і чакае нейкай надзвычайнай сытуацыі, то першае ўражаньне не такое. Мы жывем у 10 кілямэтрах ад лініі фронту, аднак тут ідзе нармалёвае мірнае жыцьцё. Працуюць крамы, рынкі, людзі гандлююць ежай, таварамі, усяго вельмі шмат. Алькаголь нельга купіць, але гэта – іншая праблема (сьмяецца)”.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што там вельмі шмат савецкай тэхнікі засталося. Гэта – так?”

(Дзятліковіч: ) “Першае ўражаньне, калі ты прылятаеш на тэрыторыю Паўночнага Альянсу, - вельмі шмат старой савецкай тэхнікі, яна ляжыць праз кожныя 100 мэтраў уздоўж дарогі: савецкія танкі, савецкія БТРы. Гэта – як напамін людзям, якія імкнуцца ўмяшацца ў аўганскую сытуацыю, што даволі складана і небясьпечна. Палова машынаў – савецкай вытворчасьці – старыя “Волгі” і “Жыгулі”. Потым, калі я бачу нейкі матацыкал, дык гэта амаль кожны “Мінск”. Тут людзі інтэграваныя ў былую савецкую прастору. Паўночны Альянс ваюе, з большага, менавіта савецкай зброяй. Толькі савецкія аўтаматы, толькі савецкія пушкі, кулямёты, мінамёты. Савецкая армія пакінула вельмі шмат зброі, калі фактычна ўцякала. Тут у кожным горадзе існуюць майстэрні, дзе старую савецкую зброю рамантуюць і адпраўляюць на фронт”.

(Карэспандэнт: ) “Віктар, і апошняе пытаньне. Ці вераць людзі на месцы ў заявы талібаў, што яны ня ведаюць, дзе бін Ладэн, што ўвогуле пра яго гавораць?”

(Дзятліковіч: ) “Нашыя перакладчыкі гавораць, што вельмі вялікая цікавасьць да іншаземцаў, да людзей іншых краінаў, эўрапейцаў. Падбягаюць людзі, нешта крычаць у акно машыны. Я запытаўся ў перакладчыка, што гавораць гэтыя людзі? Ён усьміхнуўся і сказаў: гэты чалавек, пабачыўшы, што Вы – эўрапеец ці амэрыканец, крыкнуў “Сьмерць бін Ладэну!” На тэрыторыі Паўночнага Альянсу яго вельмі ня любяць, ня любяць талібаў.Тут думаюць, што напады на Амэрыку – справа бін Ладэна і талібаў. Я думаю, што яны ня вераць, што бін Ладэн – па-за межамі Аўганістану”.
XS
SM
MD
LG