Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ ЗАМЕЖЖА. БЕЛАРУСЬ І ПАДЗЕІ 11 ВЕРАСЬНЯ. МЕРКАВАНЬНЕ СУРОДЗІЧАЎ


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш

Беларусь і тэрарыстычныя атакі на Злучаныя Штаты. Беларускае замежжа прыгадвае , разважае, аналізуе і суадносіць амэрыканскую трагедыю з сытуацыяй на Бацькаўшчыне.

У сёньняшнім выпуску бяруць удзел нашы суайчыньнікі з Польшчы, ЗША, Канады і Нямеччыны.
Беластоцкі пісьменьнік Сакрат Яновіч вядомы сваімі здольнасьцямі разглядаць праблемы ў філязафічна-гістарычнай пэрспэктыве.

Сп. Сакрат, як у гэтым рэчышчы Вы бачыце падзеі 11 верасьня?

(Яновіч: ) “Тое, што здарылася 11 верасьня ў Нью-Ёрку, гэта будзе дата, несумненна, зваротная ў гісторыі нашай цывілізацыі. Таму зваротная, што зьмяніла настрой, усю атмасфэру, зьмяніла чалавечае разуменьне існаваньня.
Раптам аказалася, што не трэба вялікай тэхнікі, якісьціх новых тэхналёгіяў, што зроблена ўсё гэта амэрыканскімі самалётамі і што самай пагрозьлівай справай ёсьць не тэхніка, не тэхналёгіі, а чалавек і яго фанатызм.Самай магутнай зброяй тых тэрарыстаў ёсьць іх фанатызм, яны ідуць на сьмерць. Іх усё ўзбраеньне зводзілася да нейкіх там ножыкаў.

Гэта сьведчыць аб тым, што пагражае нам ня столькі разьвіцьцё тэхнікі, не столькі сама тэхналёгія, колькі, менавіта сам чалавек. Заўсёды пагроза чалавеку ішла ад чалавека, не ад яго вынаходніцтваў, не ад яго тэхнікі, ні ад яго нават думкі, ягонай геніяльнасьці, а, менавіта, ад чалавека, насычанага ідэялёгіяй.

Чалавек ідэялягічны – вельмі страшны. У гэтым выпадку ідэалёгія мае рэлігійны падклад. Гэтыя тэрарысты ішлі на сьмерць зусім не баючыся.
Наогул, чалавек ідэялягічны вельмі небясьпечны. Я чалавек дастаткова стары, каб ня ведаць. Я бачыў вайну, бачыў фронт, бачыў савецкіх салдатаў, бачыў фашыстоўскіх салдатаў – гэтых ідэялягічных салдатаў, якія ішлі цалкам падобна на сьмерць у імя ідэялёгіі.

Ніякая ідэялёгія, ніякая справа ня ёсьць вартая чалавечай сьмерці. І на гэтым трымаецца сьвет. Але, аказваецца, што гэта не для ўсіх ясна. Не атамныя бомбы страшныя нам, а чалавек і ягоны фанатызм”.

Жыхарка Вашынгтону Алеся Кіпель 11 верасьня была ў Нью-Ёрку і бачыла катастрофу на ўласныя вочы.

(Кіпель: ) “Уражаньне, што вельмі страшна адразу, мы не ведалі, што здарылася. Дым і пажар, машыны ня езьдзілі па вуліцах, толькі “Хуткая дапамога” ездзіла. Былі разгубленыя людзі. Вуліцы закрытыя былі, цягнікі сталі, аўтобусы спыніліся і сабвэй спыніўся.

Я села на цягнік каля шостай гадзіны вечара. Як я прыехала ў Вашынгтон, наша галоўная станцыя была закрыта, але цягнік мог нас выпусьціць і мы выйшлі. Усё было вельмі ціха, выглядала мёртва, бо ўсе сядзелі каля тэлевізараў і слухалі, што здарылася і што трэба рабіць далей”.

(Карэспандэнт: ) “Што цяпер найбольш турбуе людзей?

(Кіпель: ) “У нас, у Амэрыцы, цяпер шмат гутаркі пра тое, што станецца з эканомікаю амэрыканскай. Наш аэрадром у Вашынгтоне зачынілі і не адкрываюць, гэта вельмі дрэнна для эканомікі райёну. Скарачаюцца работы ў авіякампаніях,таксама гатэлі зусім не занятыя, у рэстараны людзі проста ня хочуць хадзіць.
Мы даволі патрыятычныя, цяпер усе вывесілі сьцягі – у вітрынах, на будынках дзяржаўных і кампаній, а таксама на хатах”.

(Карэспандэнт: ) “А як ставяцца да падзеяў 11 верасьня ў суседняй са Злучанымі Штатамі Канадзе? Гаворыць Пятро Мурзёнак.”

(Мурзёнак: ) “Адносіны да тэрарыстаў людзей ва ўсім сьвеце, нармальных, пэўна, аднолькавыя.
Гэта быў зроблены замах на свабоды, якія існуюць у Злучаных Штатах, на дэмакратычныя інстытуты ў ЗША – краіне, якая зараз зьяўляецца міравым лідэрам і задае тон у сьвеце як у эканоміцы, так і ў палітыцы.
Простыя людзі рэагавалі, як звычайна. Напрыклад, мая калега па працы зьбіралася паехаць у Манрэаль на 20-годзьдзе фірмы са сваім мужам, але, калі даведалася, то яна маральна не магла і не паехала. Многія мерапрыемствы сьвяточныя былі адмененыя. Быў вельмі вялікі жалобны мітынг, на які сабралася каля 100 тыс. чалавек.
Канадыйцы ставяцца так, што трэба пакараць. Але тут вядуцца дыскусіі па тэлебачаньні, што пакараньне павінна быць накіравана толькі супроць тых людзей, якія ўдзельнічалі ў гэтых акцыях, што патрэбна стварыць сетку у сьвеце – антытэрарыстычную, стварыць законы міжнародныя супроць тэрору”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Пятро, ці адчуваюцца ў Канадзе нейкія варожыя настроі менавіта да людзей арабскага паходжанья, што жывуць там?”

(Мурзёнак: ) “У Канадзе вельмі спакойна, Канада многакультурная, шматнацыянальная краіна. З намі побач працуюць многія людзі арабскага паходжаньня і, можа быць, веруюць у іслам, пра гэта ў іх ніхто не пытаецца, але я не чуў, каб тут некага білі, ці яшчэ што. Скупілі кнігі пра іслам, пра гісторыю ісламу”.


(Карэспандэнт: ) “Нямеччына –адна з тых краінаў, чые грамадзяне сталіся ахвярамі тэракту. У часе сьледства выявілася, што з Нямеччыны прыехалі ў Зша і некаторыя тэрарысты.
Пра рэакцыю нямецкіх грамадзянаў гаворыць Зьміцер Ярашэўскі:”

(Ярашэўскі: ) “Першы дзень усе думалі, што гэта датычыць толькі Амэрыкі. Пасьля, калі інфармацыя пачала зьяўляцца, тады ўжо рэагавалі па-іншаму. Многія не маглі зразумець, што гэтыя тэрарысты іменна атрымалі падрыхтоўку ў Нямеччыне, у краіне, дзе быццам бы ўсё жыцьцё ідзе, плыве па законах. Многія ня верылі, што Нямеччына мае дачыненьне, успрымалі гэта як бы сорам для Нямеччыны, што дзяржаўныя службы не ў стане былі трымаць кантроль, не ў стане былі даглядзець. Размовы, размовы вакол гэтай тэмы”.

(Карэспандэнт: ) “Вядомы сваім аналітычнымі артыкуламі ў друку пра палітычную сытуацыю ў Беларусі гісторык з Польшчы Яўген Мірановіч лічыць, што падзеі за акіянам маюць безпасярэдні ўплыў на становішча ў Беларусі”.

(Мірановіч: ) “З пункту гледжаньня як бы інтарэсаў Беларусі гэтая падзея вельмі адмоўна паўплывала, Міжнародная супольнасьць не магла належна ацаніць вынікі гэтых выбараў, як бы Беларусь была пакінутая сама сабе, а гэта значыць - уладам”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Яўген, на Ваш погляд, якую пазыцыю зойме далей Беларусь адносна краінаў, якія вядомыя сваёй падтрымкаю тэрарыстаў і зь якімі Лукашэнка мае цяпер кантакты?”

(Мірановіч: ) “Сёньня разглядаецца ў Амэрыцы Расея, як саюзнік, саюзьнік у змаганьні з іслямскім сьветам, адкуль вышлі тэрарысты.

Прэзыдэнт Беларусі – гэта стаўленьнік Расеі, Сытуацыя, якая ўзьнікла – ёсьць для Лукашэнкі даволі спрыяльная.
Ёсьць Беларусі дзьве : адна – лукашэнкаўская, а другая – антылукашэнкаўская, Безумоўна, сымпатыі другой Беларусі – на баку амэрыканцаў. Але, менавіта, у гэтай справе - змаганьне з тэрарызмам, лукашэнкаўская Беларусь зойме тую пазыцыю, якую вызначыць Расея, а інтарэсы Расеі – паслабіць іслямскі сьвет, які цісьне з Поўдня. У гэтым пляне беларуская палітыка самастойнай ролі ня можа адыграць.Лукашэнка традыцыйна меў сваіх саюзьнікаў у тым іслямскім сьвеце, але іншая справа – заняць афіцыйную пазыцыю. Афіцыйна ён такой пазыцыі не зойме ў падтрымку дзяржаваў, што падтрымліваюць тэрарызм.
Неафіцыйна, ён, вядома, карыстаўся нагодаю зарабіць нейкія грошы на гандлі зброяю, кожны палітык такога пляну, як Лукашэнка, мог гэта скарыстаць.Мне здаецца, што афіцыйна ў адкрытую ён не выступіць у падтрымку гэтых дзяржаваў, хаця, цяжка прадбачыць, гэта палітык, які вядзе непрагназаваную палітыку, не паводле агульнапрынятых стандартаў”.

(Карэспандэнт: ) “І на заканчэньне яшчэ адно пытаньне да Сакрата Яновіча. Сп. Сакрат, як Вы думаеце, ці можна разглядаць катастрофу як адзін з магчымых вынікаў акцэнту сучаснага сьвету на тэхнічны прагрэс, пры якім менш увагі надзяляецца разьвіцьцю культуры, духовасьці чалавека?

(Яновіч: ) “Такога фанатыка цяжка назваць неразьвітым, тую духоўнасьць ён мае вельмі інтэнсіўную. Чалавек ідзе на сьмерць у імя чагосьці – такога чалавека не назавеш недухоўным, бо ён кіруецца толькі духам і нічым іншым. Тая самая духоўнасьць, аказваецца, мае ў сабе нейкія ненармальнасьці, якія ёсьць небясьпечныя для чалавека. Духоўнасьць стварае чалавека, без гэтага чалавек – зьвер.Але, адначасна ў гэтай духоўнасьці ёсьць таксама парасткі зла.
Хочацца сказаць так, што трэба, як кажа беларуская мудрасьць, ісьці пасярэдзіне, без гэтых экстрэмальнасьцяў”.
XS
SM
MD
LG