Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ ЦІСЬНЕ НА СЯБРАЎ МОЛАДЗЕВАЙ ФІЛІІ КХП БНФ


Ягор Маёрчык, Менск

Па словах Кавальчука, спэцслужба спрабуе даведацца ад маладых людзей пра акалічнасьці дзейнасьці арганізацыі, пра бліжэйшыя пляны і крыніцы фінансаваньня.

Раман Кавальчук паведаміў журналістам, што апошнім часам КГБ вельмі актыўна цікавіцца сябрамі моладзевай філіі КНФ БНФ. Ён распавядае, што адбываецца, у прыватнасьці, зь ім:

(Кавальчук: ) "Мой тэлефон рэгулярна праслухоўваўся. У мой квартал прыяжджалі машыны, якія вельмі нагадвалі аўтатранспарт КГБ, і пільнавалі мяне. Таксама нейкія незнаёмыя людзі падыходзілі да падлеткаў, якія жывуць у суседніх дамах і прасілі даведацца, калі я выходжу з дому, калі я вяртаюся. Мяне здымалі на фотаапарат на вуліцы зь легкавіка".

Акрамя гэтага супрацоўнікі КГБ спрабавалі запалохаць намесьніка Рамана Кавальчука Андрэя Курачыцкага. Чэкісты выклікалі яго на размову, у часе якой вельмі цікавіліся акалічнасьцямі дзейнасьці арганізацыі, бліжэйшымі плянамі і крыніцамі фінансаваньня. Яны нават пагражалі яму крымінальнамй адказнасьцю за тое, што Андрэй адмаўляецца адказваць на іхныя пытаньні. На разьвітаньне КГБісты далі хлопцу нумары сваіх працоўных тэлефонаў. Маўляў, як што-небудзь даведаесься, тэлефануй.

Па гэтых тэлефонных нумарах я паспрабаваў высьвятліць, чаму афіцэры КГБ так шчыльна цікавяцца дзейнасьцю Моладзевай філіі Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. На што пачуў:

(Афіцэр КГБ: ) "Камэнтаваць будзе нашая прэсавая служба. Вось туды і тэлефануйце".

У сваю чаргу супрацоўнік прэсавай службы таксама кінуў трубку.
Паводле выканальніка абавязкаў кіраўніка Моладзевай філіі КХП БНФ Рамана Кавальчука, невыпадкова, што ціск на сябраў арганізацыі актывізаваўся менавіта па сканчэньні прэзыдэнцкай кампаніі:

(Кавальчук: ) "Гледзячы па тых дзеяньнях уладаў, якія яны вядуць зараз, гэта ўсё асэнсаваная і агульная палітыка. І яна грунтуецца на тым, што ўлады атрымалі мандат на сваю дзейнасьць на выбарах прэзыдэнта на будучыя 5 гадоў. І за гэты час зьбіраюцца вынішчыць усё тое, што яшчэ аказвае супраціў".

Раман Кавальчук ня выключыў, што бліжэйшым часам у пракуратуру будзе пададзеная скарга на дзеяньні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG