Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ПАЧЫНАЮЦЬ НАСТУП ПА ЎСІМ ФРОНЦЕ, АЛЕ БАМБАВАЦЬ ПАКУЛЬ ШТО БУДУЦЬ ТОЛЬКІ АФГАНІСТАН


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Прэзыдэнт Джордж Буш першыя ўдары ў вайне Злучаных Штатаў супраць міжнароднага тэрарызму нанес на фінансавым фронце, калі загадаў замарозіць маёмасьць і рахункі 27 розных групаў і фізычных асобаў, якія маюць сувязі з тэрарыстамі. Прэзыдэнт таксама заявіў, што ЗША ня будуць мець ніякіх дзелавых стасункаў з тымі краінамі, якія ня зробяць таго ж самага ў сябе.

Хаця арсэнал, які зьбіраецца для новай вайны з тэрарызмам, набывае надзвычайныя прапорцыі – і вайсковыя і эканамічныя, зьяўляецца ўсё больш і больш сьведчаньняў, што адміністрацыя Буша вырашыла хаця б на самых раньніх фазах апэрацыі абмежавацца ўдарам па аб’ектах у Афганістане, што дае прытулак Усаму бін Ладэну, які абвінавачваецца ў арганізацыі нападу на Злучаныя Штаты 11 верасьня.

Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл заявіў, што ня трэба лічыць, нібыта будзе шырокамаштабная вайна. Аднак адносна пазьнейшых этапаў кампаніі нічога не выключаецца. Тая жорсткая мова, якой зьвярнуўся прэзыдэнт Буш да замежных банкаў і краінаў, раней, напэўна, выклікала б абвінавачаньньні Злучаных Штатаў у клопатах толькі пра сваю пазыцыю. Але пасьля нападу 11 верасьня, калі загінула больш за 6 тысячаў чалавек, такую пазыцыю падтрымліваюць шмат якія ўрады.

Вынікам атакаў на Злучаныя Штаты сталі такія новыя ўзроўні супрацоўніцтва як міжнароднага, так і ўнутры краіны, якія былі немагчымымі яшчэ месяц таму. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што Расея дапаможа Злучаным Штатам пастаўкамі зброі апазыцыйным да Талібану афганцам, а таксама адчыніць сваю паветраную прастору для транспартыроўкі гуманітарнах грузаў. Расея будзе даваць інфармацыю пра знаходжаньне тэрарыстаў і іхную інфраструктуру.

Такая заява цьвёрда зьвязала Расею з заходнім лягерам у барацьбе супраць тэрарызму. Нягледзячы на засьцярогі ў вайсковых і выведных колах Расеі, што такі дазвол Крамля Злучаным Штатам дзейнічаць на сваёй тэрыторыі можа прывесьці да рызыкі ўцягненьня Расеі ў новую крывавую вайну.

У сваім выступе па тэлевізіі Пуцін заявіў, што супрацоўніцтва будзе залежаць і ад агульнага ўзроўню якасьці расейскіх сувязяў з тымі краінамі, і ад узроўню ўзаемапаразуменьня ў сфэры барацьбы супраць міжнароднага тэрарызму. Ён зрабіў недвухсэнсоўны намёк на праблемы, што існуюць у Расеі зь іслямскімі экстрэмістамі ў Чачні, у сувязі з чым Крэмль неаднойчы вінаваціўся Захадам за брутальнасьць і нават крымінальныя паводзіны свайго войска.

Таксама ў панядзелак стала зразумела, што бальшыня цэнтральнаазіяцкіх краінаў – былых савецкіх рэспублікаў – зьбіраюцца разам са Злучанымі Штатамі ўзяць удзел у вайне супраць тэрарыстаў. Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў у панядзелак заявіў, што ягоная краіна выкарыстае ўсе сродкі, якія яна мае, для антытэрарыстычнага супрацоўніцтва, у тым ліку прадаставіць сваю паветраную прастору і наземныя вайсковыя базы.

Паволе паведамленьня газэты International Herald Tribune, у мінулыя выходныя тры амэрыканскія транспартныя самалёты прызямліліся каля Ташкенту, сталіцы Узбэкістану, з выведным абсталяваньнем і прыкладна дзьвюмастамі вайскоўцамі. Таджыкістан раней афіцыйна абверг паведамленьні пра тое, што амэрыканскія паветраныя сілы і войскі разьмясьціліся на ваенным аэрадроме ў Кулябе.

У Вашынгтоне таксама новай якасьцю супрацоўніцтва у Кангрэсе стала тое, што Кангрэс ўхваліў двухбаковыя гандлёвыя пагадненьні зь Ярданіяй, якая ёсьць ключавой сярод памяркоўных мусульманскіх краінаў, што да пытаньня супрацоўніцтва ў галіне барацьбы зь міжнародным тэрарызмам. У пятніцу прэзыдэнт Буш сустракаецца з каралём Абдулом Другім у Белым Доме.

У Афганістане Талібан змабілізаваў свае сілы ў панядзелак, захапіў запасы харчаваньня, якія належалі ААН, і зьвярнуўся з заклікам да амэрыканскага народу запабегчы бясплённай і крывавай вайне. Прадстаўнік афганскага ўраду заявіў, што ўрадТалібану ня выдасьць Усаму бін Ладэна, пакуль Злучаныя Штаты не прадаставяць доказы, што ён адыграў ролю ў нападзе 11 верасьня.

Абвешчанае прэзыдэнтам Бушам у панядзелак замарожваньне грошай і маёмасьці тэрарыстычных арганізацыяў і ягоны зварот да іншых дзяржаваў супрацоўнічаць у гэтым пытаньні ёсьць яшчэ адным сьведчаньнем таго, што адміністрацыя Буша мае намер праводзіць антытэрарыстычную кампанію на шмат якіх франтох адначасна зь міжнароднай падтрымкай.

Такім чынам, ЗША мяркуюць нанесьці удар па глябальнаму тэрарызму ня толькі вайсковы, але й выкарыстоўваючы дыпляматычныя, фінансавыя, юрыдычныя і іншыя захады. Раней, у 1995 годзе, прэзыдэнт Біл Клінтан ужо загадваў замарозіць усю маёмасьць і рахункі ў ЗША 18-ці асобаў і 12-ці арганізацыяў, якіх падазравалі ў тэрарыстычнай дзейнасьці на Блізкім Усходзе.

XS
SM
MD
LG