Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО АДБЫВАЛАСЯ Ў КУРАПАТАХ СЁНЬНЯ ЎВЕЧАРЫ?


Радыё Свабода

(Ціхановіч: ) “Ці не аднавіліся там будаўнічыя працы? Што адбываецца?”

(Невяроўскі: ) “Будаўнічыя працы не аднаўляліся. Пасьля таго, як сёньняшнюю ноч у Курапатах правялі каля 10 актывістаў Маладога Фронту, рабочыя адыйшлі ад Курапатаў на некалькі дзясяткаў мэтраў і там раўняюць пляцоўку… Праўда, рабочыя казалі маладафронтаўцйам, што як яны сыйдуць, дык работы адновяцца. Але моладзь настроеная вельмі рашуча і сыходзіць адсюль не зьбіраецца”.

(Ціхановіч: ) “Значыць, яны будуць начаваць другую ноч?”

(Невяроўскі: ) “Так, яны будуць начаваць другую ноч сёньня. І вось якраз зараз ідзе ўсталяваньне крыжоў у Курапатах. Сёньня сіламі Маладога Фронту на камбінаце рытуальных паслугаў былі замоўленыя тры праваслаўныя, тры каталіцкія і адзін пратэстанцка-рэфармацкі крыж, якія зараз будуць усталяваныя ўжо другім ці трэцім шэрагам на пляцоўцы, дзе рабочымі былі сьпілаваныя дрэвы, і дзе меліся распачынаць працу па пашэрэньні дарогі. Таксама стала вядома, што ў гэты самы час у сядзібе БНФ адкрываецца ўстаноўчы сход камітэту ў абарону Курапатаў. На паседжаньне гэтага камітэту запрошаныя ўсе суб’екты шырокай грамадзянскай кааліцыі, а таксама сябры творчых саюзаў, навукоўцы. Як кажуць сябры аргкамітэту, галоўнае зараз – знайсьці нейкае паразуменьне зь мясцовымі ўладамі і з кіраўніцтвам Белгідрадора, які тут праводзіць работы. Зусім нядаўна стала вядома, што кіраўнікі будаўніцтва дамовіліся з прадстаўнікамі Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук, каб правесьці дарогу, не закранаючы магілаў. Больш за тое, будаўнікі абавязаліся добраўпарадкаваць тэрыторыю Курапатаў”.

(Ціхановіч: ) “Ці гаварылі Вы з рабочымі? Можа гэтая грамадзкая акцыя неяк паўплывала на іх, і яны зьмянілі сваё меркаваньне?”

(Невяроўскі: ) “Так, мне ўдалося паразмаўляць з тым самым бульдазэрыстам, які раней выказваўся пра косткі… Ён ужо настроены менш агрэсіўна, чым раней. Кажа, што трэба дамаўляцца зь іх кіраўніцтвам, маўляў, мы – людзі паднявольныя… Іншыя рабочыя да масіву не набліжаюцца. Шмат спыняецца машынаў, людзі выказваюць сваю падтрымку. Нават прыехаў бізнэсмэн, які прывез харчовую дапамогу для моладзі, якая тут начуе”.

(Ціхановіч: ) “Гэтай праблемы магло б ня быць, каб у свой час на Курапаты была скіраваная належная ўвага грамадзкасьці і там ўдалося б стварыць мэмарыяльны комплекс”.

XS
SM
MD
LG